Ніва № 37 (2470), 14 верасня 2003 г.

Беларуская мова ў Беластоку

Ганна КАНДРАЦЮК

З новага навучальнага года ў Беластоку вядзецца навучанне беларускай мовы ў гімназіі. Пакуль што, група навучэнцаў невялікая — 9 асоб. У большасці гэта выпускнікі ПШ н-р 4, ПШ н-р 11 і раней — польска-беларускага садка. Навучанне арганізавана бацькамі ў адной з самых лепшых школ горада, Гімназіі н-р 7 што па вуліцы Сталэчнай. Беларускую мову, як замежную, будзе вывучаць група гімназістаў у І „ц” класе.

— Магчыма, што дойдуць яшчэ вучні з іншых класаў, — кажа настаўніца беларускай мовы Аліна Ваўранюк.

У гімназіі шэсць першых класаў і 170 вучняў. Выхавацелька І „ц” класа — настаўніца польскай мовы Уршуля Штабэльская-Копа.

Гэты І „ц” клас лічыцца элітарным. Сюды дабраныя гімназісты з самымі высокімі дасягненнямі ў вучобе.

* * *

Сёмы год запар вядзецца навучанне беларускай мовы ў ПШ н-р 4. Нашы навучэнцы заваявалі тут добрую славу і поспехі. Урокі вядуцца з першага па шосты клас.

— У першы клас запісалася сем асоб, — кажа Аліна Ваўранюк, якая ад пачатку выкладае тут родную мову.

Выхавацелька першага класа, дарэчы, ужо трэці раз — Ева Данэйка. Настаўніца, як першая ў гісторыі школы, вяла польска-беларускі клас — сённяшніх гімназістаў.

— Буду далей весці праект „Гульня ў тэатр”, — адзначае Аліна Ваўранюк. — Будзем прымаць удзел у дэкламатарскім конкурсе „Роднае слова” і тэатральным аглядзе. Пяты і шосты клас будуць рыхтавацца да прадметнага конкурсу беларускай мовы.

У ПШ н-р 4 да 60 навучэнцаў беларускай мове. У асноўным, гэта выпускнікі беларускага прадшколля.

* * *

На будынку Самаўрадавага прадшколля н-р 14 дзве табліцы: польская і беларуская. Беларуская — тарашкевіцай.

— Новую табліцу падарыў нам пасол Рэспублікі Беларусь, — кажа Луцыя Неміровіч, дырэктарка садка. Справай табліцы пацікавілася асабіста жонка пасла, Наталля Латушка. Яна пазваніла дырэктар і сама прапанавала дапамогу. Раней, калі спадарства Латушкі працавалі ў Беластоку, у беларускі садок хадзіла іх дачка Яна.

У час канікул быў праведзены капітальны рамонт будынка. Адноўлены дыдактычныя залы і кухня. У садку зараз свежа і калярова, у калідоры сухі басейн з мячыкамі.

— Сярод спонсараў былі бацькі нашых выхаванкаў, — адзначае Луцыя Неміровіч.

У гэты годзе самая рэкордная колькасць навучэнцаў — 46 дзетак.

— Здаецца, што яшчэ будзе нас больш, — пані дырэктар не скрывае задавальнення. — Звоняць нам бацькі і дапытваюцца пра садзік. Пяць навучэнцаў даязджае з Засцянак і Грабоўкі (гміна Супрасль). Цікава, што інфармацыя пра беларускія аддзелы ідзе прыватным каналам: бацькі даведваюцца пра іх ад знаёмых, суседзяў, сваякоў.

У беларускіх групах працуюць пяць настаўніц: Альжбета Рудчук, Данута Тымашэвіч, Ева Гняздоўская, Анна Бабік і дырэктарка прадшколля.

У традыцыі прадшколля ўсталявалася мастацка-дыдактычная праграма „Ад народнасці да тоеснасці”. У тэатр, на этна-народным рэпертуары (у большасці напісаным бацькамі), гуляюць разам бацькі, настаўнікі і дзеткі.

— У Беластоку хочацца працаваць, — кажа Аліна Ваўранюк, — бо тут заангажаваныя бацькі.

У гэтым напрамку таксама добрая змена — большасць навучэнцаў са звычайных беластоцкіх сем’яў, якія не звязаны прафесійна з беларускай мовай.