Ніва № 36 (2469), 7 верасня 2003 г.

У Маскве і наваколлі

Аляксей МАРОЗ

У Маскве прыцягвала ўвагу новая архітэктура і нахабная рэклама. Некаторыя плакаты займалі больш за палову будынка, на якім віселі. Каля станцый метро адны хадзілі абклееныя рэкламай, а іншыя раздавалі лістоўкі. Многія нядаўна пабудаваныя дамы не ўпісваюцца ў сацрэалістычную архітэктуру старых камяніц. Аднак шматлікія заходнія прадпрыемствы, якія знайшлі ў Расіі новы рынак для сваіх тавараў, рашыліся адкрываць офісы менавіта ў гэтых новых памяшканнях. Яны значна лепш прэзентуюцца на ўскраінах горада, на фоне прыроды. Зараз у многіх месцах Масквы будуюцца новыя хмарачосы — галоўным чынам пад гаспадарчую дзейнасць. Іх уласнікамі найчасцей замежныя прадпрыемствы. Краіна адкрылася на замежныя івестыцыі ды ўзнікае ў ёй шмат фірмаў з замежным капіталам. Працу ў іх знаходзяць часта расіяне. Будова рыначнай гаспадаркі спрычынілася ўвальненням з працы і росту беспрацоўя. Людзі з аддаленых гарадоў прыязджаюць у Маскву і знаходзяць тут працу ў будаўніцтве і прамысловасці. У Маскве лепш чым у іншых гарадах зарабляецца. Таксіст, з якім мы ехалі ў Маскву, сказаў, што зараз у работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў нізкія зарплаты, нізкія таксама пенсіі. Ён, як вайсковы лётчык на пенсіі, атрымлівае 130 долараў. Невялікія зарплаты і ў настаўнікаў, але яны могуць падзарабіць дадатковымі ўрокамі. Лепш маюцца лекары — прыватнае лячэнне дарагое. Цэны на прадукты ў крамах толькі крышку ніжэйшыя за нашы. Намнога таннейшыя затое камунальныя паслугі, вада і ацяпленне. Удвая з паловай таннейшы бензін. Па Маскве ездзяць элегантныя заходнія машыны. Многа таксама старых машын, якіх прывезлі з Захаду турысты. Пасля ўвядзення высокага падатку на імпарт машын расіяне больш зацікавіліся сваёй вытворчасцю. Мой суразмоўца ездзіць на „Волзе”. У будучыні хоча купіць такую ж машыну ды прыспасобіць яе да газу. Прафесія таксіста яго задавальняе. Ён таксама станоўча ацэньвае перамены ў Расіі і дзейнасць яе прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.

— Пакуль не бачу я іншых за яго кандыдатаў на гэты пост. Добра, што займаецца ён унутранымі справамі краіны, не ўмешваецца ў іракскі канфлікт ды іншыя збройныя акцыі ў свеце, — заявіў таксіст.

Крытычна ацаніў ён дзеянні амерыканскай арміі ў свеце ды збліжэнне Польшчы з Захадам. Адчувалася ў яго настальгію па ранейшым парадку ў свеце, у якім Савецкі Саюз быў суб’ектам сусветнай палітыкі. Многія расіяне крытычна ставяцца да дзейнасці свайго ўрада. Спрычыніліся гэтаму гаспадарчы заняпад і продаж дзяржаўнай маёмасці прыватным прадпрымальнікам. Шмат расійскіх прыватных грошай у банках заходніх краін.

У аддаленых ад Масквы мясцовасцях (адно такое мястэчка я наведаў) прамысловасць амаль знікла. Людзі вымушаны пераязджаць за працай у вялікія гарады. Некаторыя трымаюць кароў, каб пракарміць сям’ю ды падзарабіць продажам малака. У мясцовасцях непадалёк турыстычных цэнтраў і манастыроў людзі наймаюць кватэры. Цяжка жыць на вёсках — там калгас найчасцей адзіным месцам працы. Калгасы апынуліся ў складаных эканамічных умовах, няшмат у іх грошай на зарплаты, а прыватным уласнікам зямлі таксама няпроста разгарнуць самастойную сельскагаспадарчую дзейнасць.

Вярнуўшыся з пасёлка ў вялікую Маскву, трэба было зноў прывыкаць да натоўпаў. Побач метро шмат міліцыі. Кантралявалі яны кожнага, хто з выгляду нагадваў азіята. Масквічане баяцца чарговых тэрактаў і са зразуменнем ставяцца да праверак у публічных месцах. У выніку апошніх тэрактаў улады Масквы закрылі да канца ліпеня наведванне Крамля і Чырвонай плошчы. Нават камуністам нельга прабрацца да астанкаў свайго куміра, выстаўленых пасярэдзіне Чырвонай плошчы. Замежным турыстам засталося захапляцца сценамі Крамля ды фатаграфавацца на іх фоне, каб даказаць потым знаёмым, што ўсё-ткі былі ў самім сэрцы Масквы. Мы фатаграфаваліся побач Іверскай часоўні і яе варотаў. Праз гэтыя вароты можна было паглядзець на Чырвоную плошчу, цэнтральны ўваход на Крэмль і рознаколерную царкву Васілія Блажэннага.