Ніва № 36 (2469), 7 верасня 2003 г.

Агратурызм па-беларуску

Сельскі турызм: выратаванне для вёскі і альтэрнатыўны спосаб адпачынку для гараджан” — гэтае пытанне было нядаўна тэмай пасяджэння Мінскага сталічнага прэс-клуба. Агратурызм, паводле ўдзельнікаў сустрэчы, можа прынесці даход для вёскі, добры адпачынак для гараджан, стварыць новыя месцы працы і павялічыць прыток падаткавых паступленняў.

Беларусь — рай для „зялёных турыстаў”. Паводле даных Міністэрства народных рэсурсаў і аховы акружаючага асяроддзя, у Беларусі налічваецца каля 10 тысяч азёраў, больш за 9 тысяч балот, звыш 20 тысяч рэк і ручаёў. Агульная плошча спецыяльна ахоўваемых тэрыторый перавышае 1,4 млн. гектараў. Асаблівую гордасць краіны састаўляюць Бярэзінскі біясферны запаведнік, чатыры нацыянальныя паркі — „Белавежская пушча”, „Браслаўскія азёры”, „Нарачанскі” і „Прыпяцкі”, больш за 500 запаведнікаў. У Беларусі 575 помнікаў прыроды, а сярод іх старажытныя паркі, лясы з рэдкімі рэліктовымі відамі раслін і вялікая колькасць рэдкіх птушак.

Начальнік аддзела запаведнікаў Мінпрыроды Андрэй Голдненкаў падтрымоўвае экалагічны турызм, паколькі прыносіць ён несумненную карысць акружаючаму асяроддзю — прыродныя комплексы не разглядаюцца тады як крыніца атрымання драўніны, інакш кажучы, на дрэвах можна зарабіць, не высякаючы іх.

Да гэтай пары Беларусь была белай плямай на карце еўрапейскага экатурызму, лічыць Валерыя Кліцунова — старшыня праўлення грамадскага аб’яднання „Агра- і экатурызм”, якое было зарэгістравана ў лістападзе 2002 г. Цяпер у састаў арганізацыі ўваходзіць каля 200 чалавек, галоўным чынам жыхары сельскіх мясцовасцей, якія хочуць асвоіць новую прафесію і арганізаваць на сваіх гаспадарках гасцінічнае абслугоўванне і разнародныя пазнавальныя праграмы для сваіх гасцей. Да гэтай пары арганізацыя правяла канферэнцыю „Сельскі турызм у Беларусі” і шэраг семінараў у Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці і ў Гродзенскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях.

Пакуль што ніхто з членаў аб’яднання „Агра- і экатурызм” не прымае ў сябе турыстаў, але „першыя ластаўкі” павінны паявіцца ў бліжэйшы час. Само аб’яднанне стварае базу даных. Людзі прысылаюць свае пісьмы, анкеты з пералікам усяго, што могуць прапанаваць турыстам, фатаграфіі дамоў, прысядзібных участкаў, навакольных пейзажаў. Чароўныя дамы, дагледжаныя сады з ашаламляльнымі клумбамі, утульныя альтанкі на чыстых панадворках, драўляныя скульптуры, столікі і крэслы пад паветкамі, мангалы для шашлыкоў, міленькія лазенькі. У адной з сядзіб гаспадар з фантазіяй падышоў да вялікага сухога дрэва ў сябе на двары — уладкаваў на яго верхавіне штосьці ў выглядзе ўстойлівага буслінага гнязда, у якім паставіў стол з крэсламі. Узышоўшы па драўлянай лесвічцы на вершаліну, устойлівы госць знаходзіць падарунак ад гаспадара — бутэлечку са смачнай свойскай настойкай, якую проста на месцы можна прадэгуставаць, любуючыся з вышыні наваколлем.

Намеснік начальніка упраўлення турызму Міністэрства спорту Уладзімір Кушчыенка абяцае зрабіць усё для паскарэння заканадаўчага забеспячэння развіцця агратурызму ў Беларусі. У гэтым годзе будзе выдадзены дэкрэт датычны агратурызму і ўнесена ў парламент новая рэдакцыя закону аб турызме, у якім адзін раздзел будзе прысвечаны сельскаму турызму. Не чакаючы прыняцця закону, міністэрства намерана максімальна спрасціць гэты бізнес так, каб жыхары вёскі маглі займацца ім без усялякіх ліцэнзій. Да канца гэтага года аб’яднанне „Агра- і экатурызм” плануе выдаць ілюстраваны каталог беларускіх сядзіб, якія прапануюць свае паслугі гараджанам і замежным турыстам. У пазнейшым тэрміне выйдзе буклет „Адпачынак у беларускай вёсцы”.

Паводле ПАП і „Туризма и отдыха”