Ніва № 36 (2469), 7 верасня 2003 г.

На Макавея на Палессі

Ганна КАНДРАЦЮК

На Макавея крыніцы маюць гаючую моц, лякуюць вочы, цела, вылечваюць жывіну. Вада з культавай крыніцы можа аздаравіць свет. У гэты дзень, за дапамогай рытуальных практык, можна выклікаць дождж.

У Заходнім Палессі, краіне пазначанай цэрквамі Міколы Цудатворца, прыведзеныя павер’і — жывыя.

* * *

У Новых Сяхновічах таксама Мікольская царква. На табліцы пазначаны час пабудовы — 1727 год. У сярэдзіне уніяцкі іканастас і старыя іконы. Тут, упершыню ва уніяцкім абрадзе, хрысцілі Андрэя Касцюшку (дзеля будучыні хрысцілі яшчэ ў касцёле, у гэты раз малому прыдалі імя Тадэвуш).

— Няма ў нас сродкаў на новы іканастас, — наракае айцец Аляксей. Уніяцкая спадчына не зусім падабаецца бацюшку, выпускніку Маскоўскай духоўнай семінарыі.

Другая царква ў парафіі, у Маціевічах, таксама памятае часы уніі. Свята-Іванаўская царква пабудавана ў 1718 годзе. На багаслужбу, раніцай, з’явілася чатырох вернікаў-старажылаў. Трох з іх — інваліды без ног. У руках бабуль вянкі з каляровых астраў.

У Здзітаве сярэдзінай вуліцы ідзе цётка з букетам спелых макавак.

— Ці, можа, царкву будзеце нам аднаўляць? — пытае.

У Здзітаве царкоўка з 1502 года. Блакітны храм узведзены на высокім беразе Мухаўца. Пакланіцца святым мучанікам прыйшло за дзеясць асоб, у большасці бабуль.

У Жабінкаўскім раёне, адкуль узяты прыклады, паўсюдна адчуваўся будзень.

* * *

Затое ў Кобрыне, у саборы Аляксандра Неўскага сабралася процьма народу. Пасля хрэснага ходу вернікі маліліся над пасудзінай з вадой, упрыгожанай кветкамі. Затым, усе стаўпіліся вакол святой вады і напаўнялі ёй бутэлькі і слоікі.

Метраў дваццаць далей рабочыя аднаўлялі будынак сабора: клалі штукатурку, размалёўвалі сцены. Ніхто не здзіўляўся і не абураўся іх рабоце, хаця зверху білі ўрачыста званы.

— То ж працоўны дзень! — паціскалі плячыма рабочыя.

Каля царквы святога Мікалая таксама бралі асвечаную ваду. Калодзеж аббудаваны тут блакітнай капліцай.

— Вада ад Макавея на ўсё пануе, — кажа цётка Ніна. Заводзім гутарку пра надвор’е.

— То і ў вас такая засуха? — здзіўляецца жанчына. — А я думала, што нас одных так покарало!

Нашай размове прыслухоўваецца цётка Марыя.

— Бач, то і ў Пуольшчы е правослаўны! — ад радасці цётка шырока ўсміхаецца і захвальвае ваду з крыніцы.

— Наша вадзіца на ўсё пануе! — Марыя падае мне кубак са свянцонай вадой.

* * *

На Макавея, у многіх раёнах Беларусі, ля калодзежаў служыцца малебен. Людзі перакананы, што ў гэты дзень вада мае гаючыя якасці. Ля крыніцы хворыя прамываюць вочы і раны.

У мінулым асвечаныя ў гэты дзень мак і ваду выкарыстоўвалі для выклікання дажджу. Яшчэ нядаўна ў многіх вёсках „сеялі” ў калодзежах мак. Напрыклад, у вёсцы Паўлаўка Хоцімскага раёна мак сеялі ў тры калодзежы. У вёсцы Стадолічы Лельчыцкага раёна ў калодзеж сыпалі асвечаны мак, вешалі на ім ручнік, боўталі калкамі ваду і галасілі спецыяльныя для гэтага рытуалу песні. Распаўсюжджаны быў абрад, калі ў калодзеж вылівалі ваду, якая засталася ад работ у полі, або спецыльна для гэтага пакінутую. Часам самі абліваліся каля калодзежа. На ўсходнім Палессі існаваў звычай кідаць у калодзеж разбіты гаршчок, каб выклікаць дождж. Гаршчок трэба было ўкрасці суседзям — ва ўдавы, гаршчэчніка або інародца. Вядомы і звычай выліваняя баршчу ў калодзеж. Густы боршч сімвалізаваў густы додждж.

Гэты старажытны абрад, як сведчаць навуковыя крыніцы, выконвалі ў час засух яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя. У вёсцы Крамянец на Лагойшчыне, ля крыніцы знаходзіўся Даждзьбогавы камень. Абрад выклікання дажджу выконвалі дзевяць удоў. Яны бралі калкі ў рост чалавека і з іх дапамогай прыўздымалі валун. Калкі стаялі пад каменем да тых часоў, пакуль патрэбен быў дождж. Удовы лічыліся богавымі сіротамі, асобамі пакрыўджанымі лёсам. Верылася, што мелі яны здольнасць адкрываць „божую браму”. Лічба 9 таксама сакральная — абазначае закончанасць, усеахопнасць.

Напісаць пра старажытны абрад выклікання дажджу падштурхнулі мяне не толькі падгледжаныя на Палессі рэлікты мінулага: асвячэнне крыніц і маку, упрыгожванне калодзежаў, вера ў гаючую моц крыніц. Заходняе Палессе — краіна Міколы Цудатворца. Самым цудоўным момантам падарожжа паказаліся царкоўкі з выявай гэтага святога. Іконы св. Міколы, ацалелыя ад бальшавіцкага варварства, у многіх месцах пачалі міраточыць. Побач Парасквевы Пятніцы гэты святы ўспрымаецца як апякун крыніц і ўраджаю.

Не без уплыву асталося паўсюднае нараканне на вялікую засуху, якую ўжо другі год запар спазнала Беларусь.

Крыніцы: Э. М. Зайкоўскі, Л. У. Дучыц, Жыватворныя крыніцы Беларусі, Мінск, „Ураджай”, 2001.