Ніва № 36 (2469), 7 верасня 2003 г.

Беларусам савецкія школы

Яўген МІРАНОВІЧ

Ад некалькіх месяцаў з Беларусі плывуць інфармацыі, што ўлады закрываюць адзіны ў Мінску ліцэй, у якім усё навучанне вялося на беларускай мове. Гэта славуты ўжо ліцэй імя Якуба Коласа. Выкладчыкамі працавалі ў ім мінскія інтэлектуалы, а якасць адукацыі дасягала універсітэцкага ўзроўню.

Спробы ліквідаваць ліцэй рабіліся ўжо некалькі гадоў, але бацькі і настаўнікі пратэстамі, пікетамі і іншымі метадамі стрымоўвалі дзейнасць лукашэнкаўскіх чыноўнікаў. Аднак вясной гэтага года ўлады адхілілі ад пасады стваральніка і адначасова дырэктара гэтай асветнай установы Уладзіміра Коласа, а на яго месца прызначылі нікому невядомую Тацяну Шчабрановіч. Для ўсіх у Мінску стала зразумелым дзеля якіх мэтаў прывезлі ў ліцэй гэтую даму. Бацькі, настаўнікі, вучні абараняюць свайго дырэктара, але ў Беларусі голас грамадства мае толькі сімвалічнае значэнне.

Слухаючы расказы мінскіх калег пра ліцэй адразу хочацца спытаць, толькі невядома ў каго: чаму ў незалежнай беларускай дзяржаве яе ўлады паводзяць сябе як акупанты? Чаму грамадства не пратэстуе і пагаджаецца на пераўтварэнне краіны ў зону ўплываў чужой культуры? Пражываючы на Беласточчыне лёгка знайсці адказ на другое пытанне. У нас грамадства таксама ніколі не пратэставала, калі знікалі школы з беларускай мовай навучання, але тут Польшча і польская ўлада. Там — Беларусь і свая дзяржава.

Ліквідацыі беларускага школьніцтва ў Беларусі немагчыма тлумачыць толькі імкненнем улад да інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй. Да Расіі маглі б яны далучацца як Беларусь і беларусы, са сваей культурай, мовай і гісторыяй. Інтэгравацца так як гэта адбываецца ва ўсёй Еўропе. Але яны ніколі не былі беларусамі, а толькі саветамі. Савецкае ў пераважнай большасці грамадства таксама не патрабуе паводзіць сябе інакш чым паводзіць.

У ліцэі імя Якуба Коласа вучылі патрыятычнага мышлення, пашаны для свае гісторыі і культуры. Ліцэй быў адным з цэнтраў беларускасці ў сталіцы Беларусі. У гэтай школе вучылі моладзь, што асновай сучаснай беларускай дзяржаўнасці была аб’яўленая 25 сакавіка 1918 г. па волі нацыянальнага прадстаўніцтва Беларуская Народная Рэспубліка. Ва ўрадавых савецкіх школах моладзь пераконваюць у тым, што такую ролю адыграла аб’яўленая расійскімі камуністамі ў Смаленску Беларуская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка. Нават не тлумачаць, што нарадзілася яна ў кабінеце камісара па справах нацыяналнасцей Савецкай Расіі Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна.

Антыбеларускую палітыку праводзіў таксама вялікі будаўнік камунізму Пётр Машэраў, які астаўся ў памяці грамадзян рэспублікі як стваральнік дабрабыту. Карыстаецца ён цяпер такой папулярнасцю, як Эдвард Герэк у палякаў. Нікому не перашкаджае, што падчас яго панавання беларуская асвета і культура былі зведзены амаль да нуля. Свядомы гэтага прэзідэнт Лукашэнка таксама пэўна разлічвае на вечную ўдзячнасць сваіх савецкіх падданых. На беларусаў яму не трэба звяртаць увагу. У вачах беларускай меншасці ў Беларусі прэзідэнт і так будзе ўспрымацца як дыктатар і здраднік.

Лукашэнка аднак у сапраўднасці нікога не здрадзіў. Рэалізуе палітыку згодную з воляй большасці. Элітарны ліцэй ёсць (быў?) школай беларускай меншасці. Рыхтаваў кадры альтэрнатыўнага руху, які ў спрыяльных умовах беларускую меншасць хутка мог бы пераўтварыць у большасць. Саветы гэта ж этнічныя беларусы. Каб стаць беларускім палітычным народам, патрабуюць яны толькі адпаведных школ і сродкаў інфармацыі. Ведаюць пра гэта таксама цяперашнія ўладальнікі краіны. Змена палітычнай сітуацыі магла б абазначаць для іх сур’ёзныя клопаты. Таму сістэму інфармавання і выхавання грамадства стараюцца трымаць пад цалкавітым кантролем. Кожная беларуская газета, выданне, незалежная арганізацыя явіцца ім як патэнцыяльны цэнтр варожых сіл. Ліцэй імя Якуба Коласа не мог быць выключэннем.