Ніва № 36 (2469), 7 верасня 2003 г.

Замест адпачынку — змаганне

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Надыход новага навучальнага года вучні і студэнты, выкладчыкі і настаўнікі заўсёды сустракаюць з ухмылкамі на тварах. Тут не толькі радасць спаткання са сваёй навучальнай установай, якую многія завуць другім домам, і са сваімі сябрамі і калегамі, па якіх паспелі засумаваць, але і добрыя ўспаміны, якімі быў перапоўнены летні адпачынак.

На жаль, не для ўсіх дзяцей у Беларусі гэтае лета застанецца ў памяці як час бестурботнай асалоды колерамі лета, прыемных вандровак і насычанай прагі проста адпачыць. Часам змагання за права вучыцца і вучыць па-беларуску сталі тры апошнія месяцы для навучэнцаў, іх бацькоў і выкладчыкаў Беларускага нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Я. Коласа.

У 24-м нумары „Нівы” ад 15 чэрвеня гэтага года мы распавядалі аб прызначэнні ў адзіную ў беларускай сталіцы беларускамоўную сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову дырэктаркі, якая не валодае беларускай мовай і які шквал пратэсту выклікала гэтая падзея ў вучнёўскім і выкладчыцкім калектыве. Прыкра, але цягам лета сітуацыя засталася не толькі не вырашанай, але пагоршылася і ўскладнілася для абодвух бакоў канфлікту — ліцэйскай „грамады” і Міністэрства адукацыі.

Паведамленні, што тычацца падзей вакол навучальнай установы нагадваюць вайсковыя весткі, з той толькі папраўкай, што вайна гэтая — псіхалагічная. У будынку ліцэя, які быў перададзены ў мінскую камунальную маёмасць, гарадское ўпраўленне адукацыі распачало рамонт. Менавіта гэтым чыноўнікі абгрунтавалі немагчымасць правядзення там заняткаў. Аднак Дэпартамент па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры запатрабаваў спынення ўсялякіх рамонтных работ, бо яны праводзяцца без дазволу Дэпартамента, што ёсць парушэннем закону. Але для змагароў з беларушчынай законаў не існуе — з дапамогай міліцыі і спецпадраздзяленняў яны не дапускаюць у будынак ліцэя ані выкладчыкаў, ані навучэнцаў. І рамонт працягваецца.

Дзіўная сітуацыя паўстала перад ліцэем як перад установай. З аднаго боку Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй ліквідуецца, а абяцаны гарадскі ліцэй яшчэ не створаны. У выніку дакладна ніхто не ведае куды пойдуць вучыцца дзеці 1 верасня. Чыноўнікі ад адукацыі спрабуюць размеркаваць падлеткаў па розных школах Мінска, не зважаючы на жаданне бацькоў, праграмы і мову навучання. Дзе будуць працаваць выкладчыкі таксама невядома — па законе яны ўсе разам з новапрызначанай „беларусканямой” дырэктаркай звольненыя з прычыны ліквідацыі ліцэя.

У сваю чаргу абараніць сваё права вучыцца на роднай мове і выкладаць на ёй спрабуюць абараніць ліцэісты, іх бацькі і выкладчыкі. Безліч пікетаў з патрабаваннямі вярнуць ліцэй, збор подпісаў у яго абарону, правядзенне „жывых калідораў” перад уваходам у Мінскае гарадское ўпраўленне адукацыі, праз які мусяць хадзіць чыноўнікі, прыцягваюць увагу грамадскасці да беспрэцэдэнтнай сітуацыі. З бацькоў і выкладчыкаў створаны Камітэт абароны ліцэя, які не толькі, што называецца, б’е ва ўсе званы, дасылаючы лісты і звароты ў розныя інстанцыі і арганізацыі, але і спрабуе самастойна арганізаваць навучальны працэс. Вырашаюцца пытанні месца і спосабаў навучання, прызнання яго вынікаў вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, у першую чаргу, замежнымі. Актывісты маладзёжнай ініцыятывы „Ліцэйская грамада” ладзяць разнастайныя імпрэзы кшталту раздачы ў людных месцах дзецям паветраных шарыкаў і малявання на асфальце. Бацькі нясуць заявы да ранейшага кіраўніцтва з просьбай вучыць іх дзяцей. Натхнёныя ідэяй абароны ліцэя, якога фармальна ўжо няма, дзеці і дарослыя трымаюцца разам. А гэта галоўная перадумова іх перамогі. Якая, калі будзе дасягнута, стане агульнабеларускай.