Ніва № 36 (2469), 7 верасня 2003 г.

Пагадненне аб узаемных паездках

Віталь ЛУБА

26 жніўня 2003 г. у Мінску намеснікамі міністраў замежных спраў Польшчы — Анджэем Залуцкім і Беларусі — Аляксандрам Герасіменкам было падпісана міжурадавае польска-беларускае Пагадненне аб узаемных паездках грамадзян. Гэты дакумент прадугледжвае ўвядзенне віз для грамадзян абедзвюх краін, паколькі Польшча, у адпаведнасці з патрабаваннямі Еўрапейскага Саюза, абавязана ад 1 кастрычніка г.г. увесці візавы рэжым для сваіх усходніх суседзяў.

Кошт аднаразовай візы складзе 10 еўра, а шматразовай гадавой — 50 еўра. Для атрымання візы не патрабуецца наяўнасці запрашэння. Пагадненне дазваляе бясплатна выдаваць візы дзецям да 16 гадоў, асобам старэй за 65 гадоў, членам дэлегацый, якія перасякаюць мяжу для ўдзелу ў спартыўных, культурных і навукова-тэхнічных мерапрыемствах, студэнтам, якія вучацца па міжвучэльняным абмене, інвалідам і спадарожнічаючым ім асобам, прадстаўнікам еўрарэгіёнаў „Нёман”, „Буг” і „Белавежская пушча”. Грамадзяне абедзвюх краін змогуць два разы ў год атрымаць на 10 дзён дармовую візу для наведвання магіл сваякоў на тэрыторыі суседняй краіны. Акрамя таго, напалову зніжаецца кошт візаў для грамадзян, якія наведваюць сваякоў.

Візы не патрабуюцца ад уладальнікаў дыпламатычных пашпартоў (з выключэннем асоб накіраваных на работу ў прадстаўніцтвы Польшчы ў Беларусі і Беларусі ў Польшчы), ад членаў экіпажаў марскіх і паветраных караблёў, у тым ліку выратавальных самалётаў, а таксама ад грамадзян абедзвюх краін, якія маюць пасведчанне на пастаяннае жыхарства. Пагадненнем прадугледжваецца таксама бязвізавы транзіт у краіны Шэнгена, Чэхію і Славакію пры наяўнасці візаў адпаведных краін.

Шматкратныя візы будуць выдавацца чыгуначнікам і шафёрам, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі, удзельнікам абмену, арганізаванага дзяржаўнымі і самаўрадавымі ўладамі.

На тэрыторыі Беларусі візы будуць выдавацца ў дыппрастаўніцтвах у Мінску, Брэсце і Гродне, а на тэрыторыі Польшчы — у Варшаве, Беластоку, Гданьску і Белай-Падляшскай.

Віцэ-міністра Анджэя Залуцкага прыняў міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў. У ходзе сустрэчы было адзначана, што пасля ўступлення Польшчы ў Еўрасаюз мяжа паміж абедзвюма краінамі павінна заставацца граніцай добрасуседства, супрацоўніцтва і дружалюбных адносін.