Ніва № 36 (2469), 7 верасня 2003 г.

Урэшце пацячэ з крана

Мікола ВАЎРАНЮК

— У мяне да хаты была праведзена свая вада, са студні, — кажа Мікалай Максімчук, — але калі праклалі водаправод, я не задумоўваўся, адразу падключыўся. Свая ўстаноўка часта псавалася, напрыклад, калі святло адключалі, то або помпы запіхаліся, або матор заціраўся. А цяпер я пэўны, што вада будзе ўвесь час.

З вадой Трасцянка і навакольныя вёскі мелі клопат. Паўночная частка гміны Нарва, за аднайменнай ракой, не мела водаправодаў. Апошнія леты ўсё больш сухія. Калодзежы высыхалі. Гаспадары не мелі чым паіць жывіну.

— Ратавала нас рэчка, — кажа Уладзімір Васілюк, солтыс Трасцянкі, — але з пітной вадой у некаторых былі праблемы.

Гмінная ўправа пачала змагацца з гэтымі клопатамі ў 1999 годзе. Купіла тады артэзіянскі калодзеж у Іванках. Год пазней выхадзіла грошы з Кантракту для Белавежскай пушчы на яго рамонт, устаноўку помпаў і апаратуры для паляпшэння якасці вады. Разам — семсот тысяч злотых. Вада з крана „за Нарвай” найхутчэй пацякла ў Іванках-Рагазах — найбліжэй вадакачкі. Цяпер прыходзіць чарга астатніх занядбаных у гэтым плане вёсак.

Водаправод у Трасцянцы, гэта найбольшая інвестыцыя Нарваўскай гміны ў апошні час. Зямныя працы ў гэтай вёсцы вяліся ўсё лета. Справу ўскладняла густая забудова, вузкая вуліца, якая ў дадатак з’яўляецца ваяводскай дарогай, ходнікі і ліпы паабапал вуліцы. Але найцяжэй было пераканаць старэйшых, што вада ў хаце патрэбная, што гэта вялікая палёгка ў жыцці.

— Мае бацькі зразу не захацелі падключацца да водаправода, — гаворыць Анатоль Ясюк, у якога на панадворку працуе землечарпалка, — але я іх намовіў, заехаў у гміну, заплаціў паўтары тысячы і ўсё-ткі будзем мець ваду. Падключаюць нам яе ў другім туры.

На жаль, бацькі Анатоля Ясюка гэтага не дачакалі. Сам ён жыве ў Беластоку, але не зракаецца бацькоўскай хаты. Нават, калі будзе яна служыць як дача, ванная ў ёй патрэбная. Гэта тыповая сітуацыя ў Трасцянцы, жыхары якой ў 60-70-я масава хлынулі ў Беласток. Менавіта гарадскія дзеці (хоць таксама часта ўжо сівыя) паўплывалі на сваіх старых бацькоў, каб яны даводзілі ваду да сваіх гаспадарак.

— Калі мы рыхтавалі планы, на ваду запісаліся дзевяноста гаспадароў, — расказвае Якуб Садоўскі, войт Нарваўскай гміны. — Мы тады звярнуліся з просьбай аб дапамогу да еўрасаюзнай праграмы SAPARD і атрымалі яе. Пракладка водаправода і падключэнне да яго дзевяноста падворкаў каштавала 531 тысячу злотых, з якіх SAPARD вяртае нам 251 тысячу.

Калі ў Трасцянцы пацякла вада з кранаў, схамянулія і тыя, хто раней лічыў гэта непатрэбнай і задарагой раскошай. Яшчэ сорак асоб заявілі ахвоту падключыцца да водаправода. Хаця на гэта гміна не атрымае датацыі з Еўрасаюза, але просьба будзе задаволена.

Цяпер у Трасцянцы вядуцца завяршальныя працы. Работнікі падключаюць да водаправода апошніх жадаючых.

У чарзе чакаюць наступныя вёскі Нарваўскай гміны, з паўночнай яе часткі. І так сорамна, што дачакаліся яны ХХІ стагоддзя без вады.