Ніва № 34 (2467), 24 жніўня 2003 г.

Музей кавальскага і слесарскага рамяства

Аляксей МАРОЗ

На адкрыцці Музея кавальскага і слесарскага рамяства ў Гайнаўцы, якое адбылося 25 ліпеня, прысутны былі прадстаўнікі павятовых і гарадскіх улад. Бляшаную стужку дапамагалі перарэзаць намеснік старасты Ежы Сірак і інспектар па справах культуры ў магістраце Яўгенія Марчук.

Станіслаў Мяжвінскі, стваральнік прыватнага кавальскага і слесарскага музея, распаложанага па вуліцы Ліповай 1, спаслаўся на сямейныя кавальскія традыцыі. У 1927 годзе ў Гайнаўку прыехаў яго дзед Станіслаў Мяжвінскі і на арандаваным ад Гайнаўскага надлясніцтва ўчастку адкрыў прыватную кузню. У 1936 годзе пераняў яе сын Баляслаў Мяжвінскі і да 1938 года збудаваў новы мураваны будынак, у якім зараз знаходзіцца музей. Унук Станіслаў Мяжвінскі навучыўся кавальскай прафесіі, але заняўся слесарствам. У 2000 годзе ў яго кузні была арганізавана выстаўка кавальства. Нядаўна атрымаў фінансавую дапамогу размерам у 7 тысяч злотых з Праграмы ўспамагання мясцовых ініцыятыў рэалізаванай Гайнаўскім староствам у супрацоўніцтве з Бюро праекта „DANCE” і рашыўся адкрыць музей.

— Адкрываючы Музей кавальскага і слесарскага рамяства, хачу паказаць развіццё кавальства, пачынаючы ад другога стагоддзя да нашай эры, — заявіў Станіслаў Мяжвінскі.

У выставачнай зале знаходзіцца керамічная печ — „дымарка”, збудаваная паводле музейных макетаў. У такіх печах у старажытнасці выплаўлялі жалеза. Побач яе знаходзяцца кавалкі жалезнай руды, прывезеныя са Свентакшыскіх гор, і здымкі, на якіх паказваецца праца кавалёў у старажытнасці. Сельскагаспадарчы музей з Цеханоўца перадаў ў новаадкрыты музей старыя кавальскія вырабы. У галоўнай выставачнай зале можна пабачыць металаапрацоўчыя станкі, выкананыя ў міжваенны перыяд, і старыя слесарскія прылады. У старой кузні, распаложанай непадалёк ад выставачнай залы, знаходзіцца кавальскі варштат працы, якім карыстаўся бацька Станіслава Мяжвінскага. Няма там электрычнасці, а патрэбная да кавальскай працы энергія атрымлівалася ад працы рук.

— Ад верасня будзем паказваць музей для школьнікаў Гайнаўкі і навакольных мясцовасцей. У маі наступнага года плануем пашырыць музейную выстаўку на панадворак. Хочам з дапамогай Археалагічнага музея з Варшавы паказваць выплаўліванне жалеза ў дымарках. Варшаўскі музей выканае мне копіі старажытных кавальскіх прыладаў, якімі будзем карыстацца, — праінфармаваў Станіслаў Мяжвінскі. — Раней каваль быў праўдзівым спецыялістам і служыў людзям. Кавальскія вырабы неабходныя былі ў штодзённым жыцці. Хочам, каб з працай каваля пазнаёміліся маладыя.

Музей кавальскага і слесарскага рамяства адкрыты з аўторка па суботу ад дзевятай гадзіны да васемнаццатай і ў нядзелю ад дзесятай гадзіны да васемнаццатай.