Ніва № 34 (2467), 24 жніўня 2003 г.

Пушчанскі агратурызм

Міхал МІНЦЭВІЧ

Некалькі гадоў таму шмат людзей пражываючых край Белавежскай пушчы з задорам і аптымізмам рашыла пакарыстацца дадатковай крыніцай прыходаў — агратурызмам. Сёння там можна налічыць каля сарака агратурыстычных кватэр.

Сялянам, якія заняліся агратурызмам, па-рознаму атрымаўся гэты бізнес. Большасць з іх мае з гэтага невялікі прыход, а ёсць і такія заўзятары, якія да агратурысцкай дзейнасці байкавата даплачваюць, аднак яна стала ім свайго роду хобі. Нашы агратурыстычныя паслугі яшчэ не набылі такой вядомасці, як, напрыклад, на Сувальшчыне, дзе ў 1998 годзе дзейнічала каля шасцісот кватэр, якія ў сезон прынялі некалькі дзесяткаў тысяч гасцей. Некаторыя тамашнія гаспадары зарабілі за сезон нават па 50 тысяч злотаў без падатку. Бо калі наймаецца да пяці пакояў, тады крыніца даходаў не абкладзена налогам. У 2000 годзе на Сувальшчыне прапанавала начлегі ўжо дзве тысячы кватэр!

Сама Белавежа карыстаецца зацікаўленнем, але лік агратурыстычных кватэр у яе наваколлі невялікі. Усяго там 36 агратурыстычных гасцявальняў; найбольш у Белавежскай — 15, Нараўчанскай — 9, Гайнаўскай і Дубіцкай — па 5 і Кляшчэлеўскай гмінах — 2. Згуртаваныя яны ў Белавежскім агратурыстычным аб’яднанні „Зубр” у Гайнаўцы і прапануюць разам 288 начлежных месц.

Наведаў я агратурыстычную гасцініцу Вольгі і Анатоля Скавародкаў у Дубічах-Царкоўных, якую яны вядуць ад трох гадоў (усяго ў Дубічах-Царкоўных тры кватэры). Сям’я Скавародкаў выдзеліла для агратурыстычных мэтаў цэлы паверх свайго вялікага драўлянага дома ды яшчэ памяшканні ў гаспадарчым будынку. У хаце некалькі пакояў з балконам, адкуль можна любавацца панарамай наваколля. На стале раскладзены буклеты з інфармацыямі для наведвальнікаў, ёсць нават багатая дамашняя бібліятэка. Гаспадыня, хаця, як прызнаецца, не мае ніякіх атэстатаў, можа служыць гідам і інфарматарам пра ўсе мясцовыя славутасці.

— Адкуль людзі даведваюцца пра вашу гасцініцу? — пытаю спадарыню Вольгу.

— Агратурыстычнае аб’яднанне „Зубр” выпусціла інфарматар, ёсць таксама весткі ў Інтэрнэце — нашы сыны самі зрабілі нам свой сайт. За начлег просім па 15 злотаў ад асобы за суткі — калі начлегаў больш, а за адзін начлег бярэм 20 злотаў.

— А што найбольш цікавіць турыстаў у нас?

— Большасць збіраецца на вёску для адпачынку, шукае галоўным чынам цішыні, спакою. Прыязджаюць пабачыць Белавежскую пушчу, у грыбы або і на рыбалку. Цікавяцца таксама помнікамі даўніны, жыццём нашых людзей.

— Ці знаходжанне на „турысцкім маршруце” гарантуе нейкія грошы, за якія можна жыць і пасля сезона?

— Турыстаў, у прынцыпе, нямнога. Бываюць перыяды, напрыклад доўгі уік-энд у пачатку мая, калі нават і ўдвая большая колькасць месц была б запоўнена. Але наогул колькасць наведвальнікаў памяркоўная.

— Ці маеце пастаянных гасцей, якія наведваюць толькі вас?

— Адна турыстка з Варшавы, Эва Варэліс, прыязджала тройчы ў год. Іншыя помняць і прысылаюць адкрыткі.

— Ці бываюць гарэзлівыя турысты, выпівакі?

— Такімі гасцямі мы не зацікаўлены, бо гэта дадатковы клопат нам, непарадак, непаразуменні. У нас гасцююць галоўным чынам статныя людзі, і мы ім рады, і думаю, што яны таксама задаволены. Гасцявала раз група моладзі, якая ўсю ноч не дазволіла заснуць.

— А як задавольваеце кулінарныя патрабаванні гасцей? Мо прапануеце гараджанам нешта тыпова вясковае?

— Турысты могуць самыя кухарыць, а могуць заказаць і ў мяне. Трымаем карову, дык маем сваё малако, ад сваіх індыкоў і курэй маем свежыя яйкі. Гасцююць у нас аматары кіслага малака або саланіны; некаторыя самыя смажаць яйкі на саланіне.

Калі хто любіць пушчу, таму варта наведаць нашу чароўную ваколіцу, — заахвочвае Вольга Скавародка. І немагчыма не згадзіцца з ёю.