Ніва № 34 (2467), 24 жніўня 2003 г.

Нацыянальная палітыка ІІІ Рэчы Паспалітай

Яўген МІРАНОВІЧ

Пры канцы васьмідзесятых гадоў сітуацыя нацыянальных меншасцей у Польшчы рашуча пачынала мяняцца ў лепшым напрамку. Адыход ад шавіністычнай лініі выразна адчувалася яшчэ ў час, калі пры ўладзе была апошняя камуністычная групоўка пад камандаваннем Вайцеха Ярузельскага. Афіцыйна прызналі тады існаванне ў Польшчы грамадзян няпольскай нацыянальнасці. Хаця пішацца, што еўрапеізацыя ўнутранай палітыкі пачалася з 1989 г., але варта заўважыць, што пару гадоў раней апублікаваны былі ў падпольнай і афіцыйнай прэсе тысячы артыкулаў пра існуючую праблему непалякаў, пражываючых у межах краіны. Канферэнцыі, прысвечаныя нацыянальным меншасцям, арганізавалі універсітэты, каталіцкія арганізацыі, а ў канцы нават дзяржаўна-партыйная адміністрацыя. Невядома адкуль з’явілася тады раптам у Польшчы пару соцень тысяч немцаў, якіх паводле афіцыйнай прапаганды не было ўжо дзесяткі гадоў. Паказаліся таксама яўрэі, хаця грамадска-палітычным элітам здавалася, што ўсіх здолелі выгнаць з краіны ў 1968 г. Нечакана для ўсіх ажывілася таксама беларускае, славацкае, украінскае і лэмкаўскае асяроддзі, якія лічыліся цалкам асіміляванымі.

У 1989 г. уплыў на нацыянальную палітыку дзяржавы пачалі мець людзі антыкамуністычнай апазіцыі, а асабліва вялікі ідэаліст Яцэк Курань, якому справы нацыянальных меншасцей удалося вывесці з Міністэрства ўнутраных спраў і замацаваць іх у структурах Міністэрства культуры. Адпаведны дэпартамент у Міністэрстве культуры ўзначаліла тады маладая дзяячка „Салідарнасці” Багуміла Бэрдыхоўская, вялікая паклонніца рэалізацыі ідэі замежнай і ўнутранай палітыкі, прапагандаванай асяроддзем парыжскай „Культуры”.

У пачатку дзевяностых гадоў у асяроддзі нацыянальных меншасцей пачало расці перакананне ў трываласці зменаў, што адбываліся ў Польшчы. Людзі пераставалі баяцца, пачалі арганізавацца. Узнікалі новыя арганізацыі не толькі сярод беларусаў, але таксама ў нямецкім, яўрэйскім, украінскім, славацкім і лэмкаўскім асяроддзі. Рэфармаваная палітычная паліцыя, з новай назвай — Urzad Ochrony Panstwa — хаця сачыла можа нават больш дакладна за дзейнасцю арганізатараў нацыянальнага руху чым камуністычная служба бяспекі, але афіцыйна не магла ім перашкаджаць. Польшча выбрала курс на інтэграцыю з Еўропай, а там праследаванне нацыянальных меншасцей успрымалася вельмі дрэнна.

З бюджэту дзяржавы выдзяляліся таксама сродкі, якія дазвалялі меншасцям арганізаваць культурнае жыццё значна шырэй чым межы фальклору. Сваё месца ў арганізацыі культурнага жыцця знайшла таксама моладзь. Беларускае „Басовішча” гэта штосьці больш, чым лакальнае культурнае мерапрыемства.

Ліберальная палітыка паспрыяла таксама нараджэнню рэгіянальных рухаў, канчатковага выніку якіх цяжка прадбачыць. Хаця палякі не хочуць прызнаць сілезскую нацыянальнасць, але яна ў сапраўднасці ўжо існуе, таму што людзі так сябе бачаць. Значна слабейшы кашубскі рух моцна падзелены. Частка кашубаў лічыць сябе асобным народам, большасць — рэгіянальнай этнічнай польскай групай. Першыя аднак больш актыўныя і дамагаюцца сваіх школ, кашубскай мовы ў лакальнай адміністрацыі і правоў належных нацыянальным меншасцям.

Ліберальная палітыка ў адносінах да нацыянальных меншасцей трывала аднак надта коратка. Вельмі хутка Міністэрства ўнутраных спраў вярнула сабе ролю каардынатара нацыянальнай палітыкі, а гэта абазначае інструментальнае трактаванне меншасцей. Раней прынцыпы палітыкі вызначаліся падчас сустрэч прадстаўнікоў меншасцей з прадстаўнікамі Міністэрства культуры, намеснікамі прэм’ер-міністра, зацікаўленымі пасламі. Усё адбывалася падчас доўгіх размоваў, часам вельмі вострых і не надта прыемных, але можна было змагацца за свае рацыі.

Ад некалькіх гадоў, як у час улады „інтэрнацыяналістаў” — „партыя ведае найлепей чаго нам трэба”. Лёс Фестывалю царкоўнай музыкі паказвае ў якім напрамку будуць развівацца падзеі. Зараз пасля кантролю НІКу ў „Ніве” пачаўся кантроль арганізацыі, якую ўзначальвае Мікола Бушко. Праўдападобна ад яе вынікаў будзе залежны далейшы лёс Фестывалю. Палітыка, прынамсі ў справе беларусаў, пачынае запаўняцца зместам з санацыйнай эпохі, захоўваючы форму геркаўскага перыяду. Але прыглядаючыся бліжэй лэмкаўска-ўкраінскай праблеме, рэалізуецца яна ад некалькіх гадоў і ў адносінах да таго асяроддзя. Вынік яе для ўкраінцаў быў відавочны падчас апошняга перапісу насельніцтва.

Хаця ў Польшчы пражывае толькі некалькі працэнтаў насельніцтва няпольскай нацыянальнасці, палітычныя эліты зусім не ведаюць як ставіцца да гэтай праблемы. Паўтараюць тыя самыя памылкі, што іх папярэднікі, хаця ўсё паказвае, што нацыяналістычны варыянт рэалізаваны нават у аксамітных рукавічках прыносіў вялікія шкоды краіне. Ад звыш дзесяці гадоў Сейм не можа прыняць закону аб нацыянальных меншасцях. Абазначае гэта, што кампетэнцыі ў гэтай справе перададзены адміністрацыі і палітычнай паліцыі. На практыцы гэты адрэзак унутранай палітыкі пазбаўлены якога-небудзь грамадскага кантролю. На жаль, пра тое што дакладна плануецца ў чыноўніцкіх і паліцэйскіх кабінетах гісторыкі даведаюцца найраней толькі праз 50 гадоў. Можа некаторыя будуць ведаць раней, але яны інфармацыю атрымаюць не на тое, каб пісаць праўду.