Ніва № 33 (2466), 17 жніўня 2003 г.

Свята душы

Віктар БУРА

Лета — час традыцыйных беларускіх фэстаў. 26 ліпеня г.г. усе дарогі вялі ў Бандары. На працягу больш 4 гадзін чуваць было тут беларускія песні. А 17-й гадзіне мерапрыемства на роднай беларускай мове адкрылі войт Міхалоўскай гміны Марк Назарка, старшыня ГП БГКТ Ян Сычэўскі і загадчык Эксплуатацыі Семяноўскага вадасховішча Лявон Хлябіч. Затым на сцэну ў народным уборы выйшла сакратар ГП БГКТ Валянціна Ласкевіч, якая павяла канцэрт.

Першай на эстраду выйшла дырэктар Бераставіцкага раённага метадычнага цэнтра па народнай творчасці Марыя Юшкевіч, заадно кіраўнік ансамбля народнай песні „Бераставіцкія музыкі”. Калектыў быў заснаваны ў 1990 г., а сем гадоў пазней прысвоена яму званне народнага. Калектыў многа разоў выступаў у Польшчы, у тым ліку і на Беласточчыне. „Бераставіцкія музыкі” — лаўрэат Усебеларускага фестывалю „Беларусь — мая песня” ў 2000 г. і ІІ фестывалю ў Аўцюках. Калектыў складаюць 5 салістаў і 5 інструменталістаў (скрыпка, баян, акардэон, барабан, кантрабас і іншыя). У рэпертуары калектыву народныя песні — беларускія, украінскія, польскія і іншых народаў.

Побач „Бераставіцкіх музыкаў” выступілі нашы калектывы — „Лідэр” з Беластока, „Расспяваны Гарадок” з Гарадка, „Гэвэн” з Гайнаўкі, „Сакрэт” з Міхалова і Хор Гайнаўскга дома культуры. Спевакі так расчулілі публіку, што пасля кожнай песні раздаваўся шквал апладысментаў і гучных воклічаў „Брава!”. Артыстам па просьбе публікі часта прыходзілася паўтараць песні або выконваць дадатковы рэпертуар. Публіку ўразіла не толькі апантанае, творчае захапленне самадзейнікаў, але іх майстэрства і здольнасць неадкладна задаволіць патрабаванні ўдзельнікаў бандарскага фэсту.

„Бераставіцкія музыкі” чарговы раз выйшлі на сцэну і чарговы раз атрымалі бурныя апладысменты. Публіка дзякавала любімым выканаўцам — Марыі Юшкевіч і ўсім членам калектыву. Пасля канцэрта артысты доўга размаўлялі з гледачамі, мясцовымі беларусамі. Землякам хацелася пагаварыць, адцягнуць момант расстання.

Разыходзіцца ўдзельнікам фэсту не хацелася. Абменьваліся яны ўражаннямі, прызнаваліся, што без такога ўздыму пачуццяў жыццё было б бляклым. Беларускі фэст стаў ужо трывалым элементам нашага жыцця, — гаварылі жыхары Бандароў і навакольных вёсак.

На фэсце прысутнічала Галіна Станкевіч з Масквы, якая гасцявала ў сваякоў Таццяны і Яна Багнюкоў з вёскі Багнюкі. „Гэта вельмі прыгожая справа, добры адпачынак для душы, песня падымае душэўны настрой, — сказала масквічка. — Абавязкова трэба працягваць гэту традыцыю. Вялікую справу робіць Беларускае таварыства, вялікае ім дзякуй за гэта”. Дзякуй Вам, Галя Іванаўна, за шчырыя, задушэўныя словы!

Беларускі фэст прайшоў па поўнай праграме. Пасля афіцыйнай часткі і выступленняў самадзейнікаў адбылося традыцыйнае застолле з музыкай і песнямі на беразе Семяноўскага вадасховішча пад светлым месяцам ля былой вёскі Рудня. Там усе калектывы сустрэліся як добрыя знаёмыя.

Вялікую дапамогу ў наладжанні фэсту аказалі Анна Марыя Дабравольская з Гміннага асяродка культуры, спорту і адпачынку, а таксама Марыян Гайдучэня — каардынатар па справах спорту, які перад канцэртам сарганізаваў спартыўныя спаборніцтвы і конкурсы.

Тое, што ў Бандарах штогод адбываецца народны фэст, гэта заслуга мясцовых грамадскіх дзеячаў. У іх ліку Лявон Хлябіч, Раман Ляткоўскі, Міраслаў Багнюк, Уладзімір Павільч, Ян Хлябіч, Ян Бура, Міраслаў Андраюк, Канстанцін Новік, Ірына і Славамір Матвеюкі, якіх узначальвае дзелавітая спадарыня солтыс Ніна Лукша. Дзякуючы такім людзям свята ў Бандарах аб’ядноўвае мясцовых беларусаў, прыцягвае да мерапрыемства жыхароў навакольных вёсак.