Ніва № 33 (2466), 17 жніўня 2003 г.

Сакрат ідзе на Венгрыю

Мікола ВАЎРАНЮК

— Як думаеце, колькі беларускіх пісьменнікаў мае свае біяграмы ў 20-томнай вянгерскай энцыклапедыі? — запытаў Лаяш Палфалві ўдзельнікаў „Беларускіх трыялогаў”.

— Чатырох, — упэўнена адказаў Сакрат Яновіч, гаспадар сустрэчы.

Астатнія не рашаліся на канкрэтны адказ. Паглядалі адзін на аднаго і паціскалі плячыма. Хтосьці нясмела сказаў: адзін-двух. Іншы: дзесяць. А самы адважны рашыўся назваць лічбу трыццаць.

— Дзвесце дзевятнаццаць, — з усмешкай рассакрэціў правільны адказ на сваё пытанне Лаяш Палфалві. Усе прысутныя аж ахнулі ад здзіўлення.

Пасля такога паведамлення здавалася б, што мадзьяры дасканала ведаюць беларускую літаратуру. Нічога падобнага! Хаця на вянгерскую мову перакладзены многія творы беларускай літаратуры, аднак толькі нямногія тамака адрозніваюць Васіля Быкава ад Канстанціна Сіманава. Для іх усё гэта была савецкая літаратура, якая, як правіла, перакладалася з рускай мовы. Гэты працэс спыніўся ў 1990 годзе, разам з развалам Савецкага Саюза і ўсяго сацыялістычнага лагера. Памяткай такога часу з’яўляецца мёртвы корпус тэкстаў, да якіх сёння ніхто не звяртаецца, гаварыў Лаяш Палфалві.

Цяпер толькі зрэдзь часу даходзяць да венграў беларускія літаратурныя навінкі. Няма чалавека здольнага перакладаць беларускія тэксты з арыгінала. Ці ў даны момант, у пераходны перыяд, пакуль не будзе спецыялістаў-беларусістаў, можна займацца перакладамі з дапамогай іншых моў, напрыклад, польскай? — дапытваўся Лаяш Палфалві.

Адназначнага адказу не атрымаў, бо такіх адказаў „Беларускія трыялогі” не даюць. Гэтыя сустрэчы маюць характар свабодных дыскусій-сімпозіумаў. Іх роля ў тым, каб менавіта спараджаць пытанні, называць праблемы, пераадольваць перашкоды шляхам папулярызацыі беларускай літаратуры, беларускай культуры ў Еўропе. Кожны год „Трыялогі” пашыраюць беларускую праблематыку на новы рэгіён, новую краіну.

— Гэта дальнабачнасць Сакрата Яновіча, — гаворыць Іван Бурлыка з Гродна. — Кожны ўдзельнік гэтых сустрэч, вярнуўшыся дадому, станецца прапагандыстам беларускай літаратуры. У першую чаргу пашырыць кола чытачоў выдання „Annus Albaruthenicus”, якое з’яўляецца плёнам „Трыялогаў”.

Чацвёртыя „Беларускія трыялогі” былі скіраваныя на Цэнтральную Еўропу, перш-наперш, Венгрыю. Ондраш Зольтан даказаў, што сувязі беларускай і венгерскай літаратур намнога старэйшыя за пасляваенныя, так сказаць, сацыялістычныя. Як прыклад прывёў старабеларускі пераклад „Гісторыі Атылы, караля угорскага” Міклоша Олаха, які быў зроблены каля 1580 года і захоўваецца ў Бібліятэцы Рачынскіх у Познані.

Аб прысутнасці беларускай літаратуры, беларускіх аўтараў у Нямеччыне гаварыў Генрых Бэрэзка з Берліна. Альжбета Чыквін тлумачыла гасцям з замежжа феномен тых, хто стварае гэтую літаратуру — беларусаў як групы азначанай стыгматам. Сваімі назіраннямі збоку на беларускую нацыянальную меншасць у Польшчы дзяліўся Майкл Флемінг з Лондана. А Рышард Радзік з Любліна два дні прабаваў дайсці хто такія беларусы. Калі паляку здаемся дзіўнымі, дык пра больш аддаленыя нацыі няма чаго і казаць. Многа працы, значыць, наперадзе ў таварыства „Віла Сакратас” — арганізатара „Трыялогаў”, — каб прызвычаіць Еўропу да беларусаў ды іх культуры.

Абы толькі не стараліся папулярызаваць такую музычную культуру, якую запрэзентавалі на „Трыялогах” Ала і Мікола Яцковы з Магілёва. Іхнія песні падыходзілі б да „Славянскага базару” ў Віцебску, або да нашых масавых фальклорна-папсовых летніх фэстаў БГКТ. „Беларускія трыялогі”, гэта, усё-ткі, элітарная сустрэча. Гаспадар мог бы пашкадаваць вушэй людзей, якія, думаю, не захапляюцца эпігонскай музыкай скампіляванай камп’ютэрам.

Быў гэта, на шчасце, адзіны скрыгат падчас трохдзённай сустрэчы. Усё астатняе — гасціннасць Міраславы і Марка Маршалкаў з Лапічаў, у чыёй гаспадарцы яна праходзіла, і экскурсіі па Крынках ды наваколлі, якія наладзілі прыезджым арганізатары — было найвышэйшай пробы.

* * *

— Я адчуваю радасную стому, — гаварыў Сакрат Яновіч пад канец „Трыялогаў”. — Пачыналі мы нашу імпрэзу вельмі скромна. З кожным годам, аднак, яна расце, прыязджаюць да нас усё новыя людзі, дыскусіі становяцца ўсё цікавейшымі. Магу ўпэўнена сказаць, што я задаволены зробленым.

„Беларускія трыялогі” сталіся настолькі слаўнымі, што сёлета не маглі іх абмінуць самаўрадавыя ўлады Падляшскага ваяводства. І маршалак Януш Кшыжэўскі, і старшыня ваяводскага Сейміка Збігнеў Кшывіцкі не шкадавалі Сакрату Яновічу слоў прызнання. Гаварылі штосьці пра абавязак улад фінансаваць культуру, але неяк цьмяна. Затое Марцін Рэмбач — старшыня Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь, які фінансаваў сёлетні сімпозіум — сказаў канкрэтна:

— Абяцаю, што „Беларускія трыялогі” будуць і ў наступным годзе.