Ніва № 32 (2465), 10 жніўня 2003 г.

Вяртанне спадчыны

Віталь ЛУБА

У беларускую культуру і навуку паволі вяртаюцца імёны, якія па ідэалагічных прычынах не былі ў іх прысутныя на працягу апошніх дзесяткаў гадоў. Напрыклад, навуковая спадчына Міколы Шкялёнка была дагэтуль вядомая толькі вузкаму колу даследчыкаў. Нядаўна выдадзеная Беларускім гістарычным таварыствам у Беластоку кніга гістарычных нарысаў Міколы Шкялёнка* прыбліжае творчыя дасягненні гэтага гісторыка, публіцыста і дзеяча, які ў Савецкай Беларусі прыгавораны быў на забыццё.

Мікола Шкялёнак (1899-1946) — выпускнік юрыдычнага факультэта Віленскага універсітэта — у студэнцкія гады ўдзельнічаў у беларускім руху, быў старшынёю Беларускага студэнцкага саюза і рэдактарам „Студэнцкай думкі”. Пасля заканчэння вучобы ў 1932 г. працаваў адвакатам у Вільні і быў сакратаром Беларускага навуковага таварыства. Даследаваў гісторыю Беларусі, выступаў з дакладамі перад сябрамі Таварыства прыяцеляў беларусаведы і друкаваў іх у перыёдыцы.

Мікола Шкялёнак праяўляў актыўнасць і на палітычнай ніве. У канцы трыццатых гадоў быў адным з заснавальнікаў Беларускага нацыянальнага фронту, які стаяў на аснове незалежнасці Беларусі і выступаў супраць антыбеларускай дзейнасці камуністаў. Перад заняццем Вільні бальшавікамі Шкялёнак разам з Вінцуком Гадлеўскім уцяклі ў Варшаву, адкуль Шкялёнак накіраваны быў у Берлін у газету „Раніца” (з сакавіка 1942 г. стаў яе галоўным рэдактарам). У Берліне арганізаваў Беларускі камітэт самапомачы ў Нямеччыне. У лютым 1943 г. Шкялёнак пераехаў у Мінск, дзе, апрача рэдагавання „Беларускай газеты”, засядаў у Беларускай Цэнтральнай Радзе на пасадзе віцэ-прэзідэнта. На Усебеларускім кангрэсе ў Мінску 27 чэрвеня 1944 г. выступіў з дакладам „Аб прызнанні за няважныя пастановы ўраду СССР і былой Польшчы, якія датычацца Беларусі, яе тэрыторыі і народу”. Пасля вайны трапіў у рукі НКУС і ў 1946 г. як „памагаты фашыстаў з ліку беларускіх буржуазных нацыяналістаў” быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны.

У наш час упершыню артыкул „Аб «Тутэйшых»” Міколы Шкялёнка надрукаваны быў у выдадзенай у 1998 г. у Варшаве анталогіі „Беларуская думка ХХ стагоддзя”. І хаця з моманту напісання яго прайшлі 64 гады, тэзісы аўтара далей захоўваюць актуальнасць. Вось фрагмент: „Вернемся цяпер да пытання, шляхам пашырэння якой асветы „тутэйшыя” могуць быць нацыянальна асвядомлены? Адразу для нас робіцца ясным, што ні асвета польская, ані расейская не могуць быць асведамляючым нацыянальна дзейнікам, бо само паняцце „тутэйшасці” паўстала як процістаўленне да польшчызны або расейшчыны!”. Шырокая падборка гістарычных прац Міколы Шкялёнка — 16 твораў — даецца ў новавыдадзенай кнізе „Беларусь і суседзі”. У ёй побач выдатных прац („Беларусь — Літва — Крывія”, „Копныя суды ў Беларусі” ці „У трохсотыя ўгодкі смерці вялікага канцлера Льва Сапегі”) змешчаны таксама меншыя формы — выступленне, рэцэнзія. Тытульны артыкул „Беларусь і суседзі”, прысвечаны адносінам Польшчы і Расіі да Беларусі, змяшчае ацэнку Рыжскага дагавору, напісаную з нацыянальных пазіцый: „Тут трэба адцеміць, што ў дачыненні да Беларусі бальшавіцкая Масква заўсёды дзеіла ў згодзе з Польшчай. Каб паняволіць беларускі народ, не даць нашаму селяніну належнае яму зямлі, а нашаму работніку фабрыкаў і абярнуць аднаго і другога ў вечных нявольнікаў, бальшавіцкі, маскоўскі пралетар працягнуў руку польскаму пану, запрашаючы яго да супольных крывавых нарадаў аб тым, як найлепш і найхутчэй знішчыць беларускі народ”.

З ініцыятывай выдання прац Міколы Шкялёнка ў кніжнай форме выступіў слонімскі журналіст Сяргей Чыгрын, які многа робіць па вяртанні ў беларускую культуру забароненых раней творцаў (у 1999 г. выдаў кнігу „Вяртанне да сваіх” з творамі Станіслава Грынкевіча, Франука Грышкевіча і Уладыслава Казлоўшчыка, шмат публікуе ў перыядычных выданнях). У падборцы прац Шкялёнка, якія друкаваліся ў 1930-1940-х гадах галоўным чынам у „Калосьсі” і „Раніцы”, памагалі яму Аляксандра Гесь з Мінска і Міхась Казлоўскі з Маладзечна. Выданне кніжкі ажыццявіў Вячаслаў Харужы дзякуючы грашовай дапамозе Мацвея Рэпкаў-Смаршчка са Злучаных Штатаў.

*Мікола Шкялёнак, Беларусь і суседзі. Гістарычныя нарысы, Беларускае гістарычнае таварыства, Беласток 2003, сс. 300.