Ніва № 32 (2465), 10 жніўня 2003 г.

Пераломная бітва

Яўген МІРАНОВІЧ

5 жніўня мінула шасцідзесятая гадавіна бітвы пад Курскам, якая была вырашальнай для лёсаў усходняга фронту ў час ІІ сусветнай вайны. Цягнулася яна ўвесь месяц, на абодвух баках загінула амаль мільён салдат, пры чым упершыню на савецка-нямецкім фронце затраты расклаліся пароўну. Немцы патрацілі амаль 500 тысяч жаўнераў, саветы — 450 тысяч. Курскую бітву гісторыкі лічаць найбольшай танкавай аперацыяй у гісторыі ўсіх войнаў. На абодвух баках фронту 5 ліпеня 1943 г. стаяла 9 тысяч танкаў. Надзеяй гітлераўскіх генералаў былі цяжкія „тыгры”, якія толькі што сышлі з фабрычных канвеераў. Савецкая прамысловасць здолела паставіць 3 тысячы таксама новых Т-34. Абодва тыпы танкаў пад Курскам мелі прайсці своеасаблівае выпрабаванне.

Паміж Арлом і Белгарадам саветы сканцэнтравалі 40 працэнтаў усіх сваіх салдат, немцы — 43 працэнты. Калі б улічыць гарматы, танкі і авіяцыю, тады можна лічыць, што на невялікім адрэзку фронту — 550 кіламетраў — знаходзілася каля 70 працэнтаў ваеннага патэнцыялу. Сталін і Гітлер, а перш за ўсё іх генералы добра разумелі, што тут будуць вырашацца лёсы фронту. Абодва бакі рыхтаваліся да гэтай бітвы ад сакавіка 1943 г. На пачатку гэтага месяца немцы пад Харкавам здолелі цалкам знішчыць савецкую 3 танкавую армію, нанава заняць прастору паміж Дняпром і Данцом. Было гэта пасля сталінградскай бітвы, якая стала сімвалам перамогі Чырвонай Арміі над Вермахтам. Але Сталінград меў больш псіхалагічнае значэнне чым мілітарнае. Саветы пераканаліся, што перамога над нямецкай арміяй магчымая.

Нямецкія генералы, якія заваявалі амаль усю Еўропу, разлічвалі, што іхняя тактыка сканцэнтраваных удараў на вузкім адрэзку фронту танкавымі корпусамі і гэтым разам закончыцца паспяхова. Аднак летам 1943 г. саветы не зрабілі тых памылак што ў 1941 г., калі патрацілі без змагання 3,5 мільёна сваіх салдат. Іх разведка паставіла дакладныя інфармацыі аб стане падрыхтоўкі немцаў і пачатку вялікай вайсковай аперацыі „Цытадэль”. Саветы цягам трох месяцаў выкапалі 6 тысяч кіламетраў зямельных замацаванняў, пабудавалі некалькі ліній абароны да 50 кіламетраў углыб тэрыторыі. Калі нават нямецкія танкі перайшлі першую і другую лініі абароны, была яшчэ трэцяя і чацвёртая. Саветы таксама сканцэнтравалі пад Курскам 20 тысяч супрацьтанкавых гармат. Нямецкая стратэгія, якая дазволіла ім разграміць амаль усе еўрапейскія арміі, у гэты раз пацярпела вялікае паражэнне. „Тыгры” без аховы пяхотных войскаў не былі ў змозе разарваць савецкія замацаванні. Гарэлі яны як кансервы з бензінам. Іх рухавікі пры вялікім цяжары танка аказаліся надта слабымі. У спякотныя дні не вытрымоўвалі пастаяннага руху, лёгка загараліся. Тым часам Т-34 цалкам праверыліся. Па тэхнічных параметрах на тую эпоху былі яны амаль дасканалымі. Упершыню савецкая прамысловасць выйгрывала вайну з нямецкай. Сібірскія фабрыкі выпускалі кожны месяц 2 тысячы танкаў і 2,5 тысячы самалётаў. Нямецкія маглі выпускаць толькі каля 60 працэнтаў гэтай прадукцыі.

Бітву пад Курскам выйгралі аднак не савецкія танкісты, але артылерысты і пяхотныя войскі, якія знішчылі амаль палову нямецкіх танкаў. Нешматлікія ўспаміны ўдзельнікаў курскай бітвы так з савецкага, як і нямецкага боку паказваюць больш чалавечае вымярэнне гэтай падзеі. Нямецкае камандаванне апрача гарэлкі выдзяляла сваім салдатам наркотыкі, каб падтрымаць у іх гатоўнасць да змагання. Салдаты, бывала, знаходзіліся ў баі без сну нават і 4 дні. Нямецкія генералы прызнавалі таксама, што з савецкага боку адвага салдат часта межавала з шаленствам. Калі на працягу месяца ў адной бітве загінула амаль мільён жаўнераў, для адных і другіх жыццё сваё і ворага было на другім плане. Саветы абаранялі сваю зямлю і іх матывацыя да змагання была больш зразумелай. Але такую ж волю перамогі гітлераўскай прапагандзе ўдалося таксама прышчапіць і сваім салдатам.

У адрозненне ад Сталінграда, Гітлер пасля месяца змаганняў пад Курскам сам спыніў аперацыю „Цытадэль”. Рызыка затраты войск была надта вялікай. Тым часам на поўдні Еўропы амерыканцы і англічане занялі Сіцылію і пачалі паход на поўнач. Італія — саюзнік Нямеччыны — апынулася пад пагрозай. Запасы людзей, танкаў, гармат і самалётаў трэба было паслаць у Італію. На ўсходнім фронце нямецкая армія вымушана была перайсці ў абарону сваіх пазіцый.