Ніва № 32 (2465), 10 жніўня 2003 г.

Цікавінкі „падляшскага” перапісу

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

У Падляшскім ваяводстве ў маі мінулага года, паводле праведзенага тады перапісу насельніцтва, пражывала 471,4 тысячы мужчын і 503,6 тысячы жанчын. З ліку мужчын кавалерамі было 33% гараджан і 36,2% сялян, а з ліку жанчын дзеўкамі было 26,3% гараджанак і 20,5% сялянак. Удаўцы складалі 3,6% сялян і 2,3% гараджан, а ўдовы — 19,7% сялянак і 12,9% гараджанак. Апошняя з’ява, гэта вынік ранейшага ўмірання мужчын чым жанчын.

Калі глянуць на месцы калектыўнага закватаравання, дык там наглядаецца наступная з’ява: у студэнцкіх дамах, рабочых гатэлях, псіхушках і асяродках наркатычнай дэтаксізацыі пражывае больш мужчын, а ў манастырах і манаскіх дамах ды ў цэнтрах грамадзянскай дапамогі састарэлым — больш жанчын. 76% жыхароў прытулкаў для бяздомных, гэта мужчыны.

За чатырнаццаць гадоў (ад перапісу ў 1988 годзе) адсотак людзей са звышпадставовай адукацыяй вырас з 46% да 61%. Жанчыны часцей (10,6%) чым мужчыны (8,3%) здабывалі вышэйшую адукацыю, звышліцэйскую (адпаведна 5,3% і 1,7%) і сярэднюю агульную (11,5% і 5,5%), затое прафесіянальную адукацыю мела 13,3% жанчын і 24,9% мужчын.

З пункту гледжання рынку працы насельніцтва ва ўзросце за 15 гадоў было падзелена на тры катэгорыі: працуючых, беспрацоўных і бяздзейных: першыя дзве катэгорыі абагульнена ў катэгорыю дзейных. Хаця на працягу разгляданых 14 гадоў лік насельніцтва ваяводства пабольшаў на 95,4 тысячы, колькасць дзейных людзей паменшала з 598,7 тыс. да 517,5 тысячы. Затое лік бяздзейных вырас з 280,9 тыс. да 402,2 тысячы. Адсотак дзейных асоб паменшаў з 68,1% у 1988 годзе да 56,3% у мінулым годзе. Старэйшыя асобы, якія сходзілі з рынку працы, мелі наогул ніжэйшую адукацыю ад маладых, якія папаўнялі фонды працы і якія да таго карысталіся разбудаванамі формамі навучання.

У гарадах жывецца лепш чым на вёсцы. У добрых і вельмі добрых умовах жыло 40,5% гараджан і 25,3% сялян, затое ў дрэнных і вельмі дрэнных — 25,3% гараджан і 48,7% сялян.

Плошча пасеваў у нашым ваяводстве паменшала на 12,8%, у іх ліку збожжавых культур на 6,2%, а бульбы на 42,7%. Пабольшала пагалоўе кароў (на 12%) і дамашняга птаства (на 24,7%), але паменшала свіней (на 2,8%), коней (на 39,6%) і авечак (на 42,6%). Апошнюю з’яву спарадзіў малы попыт на бараніну і цяжкасці з продажу воўны.

У Бельскім, Гайнаўскім і Сакольскім паветах гадуецца найбольш авечак (адпаведна 19,1%, 16,7% і 24,3% усіх у ваяводстве), калі ў той час усе паветы былога Ломжынскага ваяводства гадуюць іх усяго 10,1%. Апошні абшар, Ломжынскі падрэгіён (Усходняя Мазовія) у сельскагаспадарчых статыстыках раздзелены ад Беластоцка-Сувальскага падрэгіёна (Усходняя сцяна). У Ломжынскім падрэгіёне 67,2% усіх бульбаўборачных камбайнаў ваяводства (у адным Высокамазавецкім павеце /29,3%/ — іх амаль столькі, што на цэлай Усходняй сцяне /32,8%/), 90,1% буракаўборачных (у Ломжынскім павеце 64,5% і Высокамазавецкім 23,3%) і 41,2% збожжаўборачных (13,7% у Высокамазавецкім; дзеля параўнання — у Гайнаўскім павеце апошніх 2,7% — найменш у ваяводстве). І яшчэ адно супастаўленне Высокамазавецкага і Гайнаўскага паветаў: у першым гадуецца найбольш малочных кароў (53 837), а ў апошнім — найменш (9 678).

Калі глянуць на колькасць асоб у дамашніх гаспадарках, то наглядаецца вельмі характэрная з’ява абмежаваная толькі да „нашых” паветаў: рэзкая перавага адна- і двухасабовых гаспадарак над люднейшымі. У хатах вёсак ад Сакольскага да Сямятыцкага паветаў пааставаліся, відаць, найчасцей адно бацька з мацераю або толькі адно з іх. Пацвярджэнне гэтаму ў іншай статыстыцы: на адно памяшканне выпадае 0,73 асобы ў Гайнаўскім павеце ці 0,76 у Бельскім, калі ў Граеўскім 0,96 ці Ломжынскім 0,97.

Можна глянуць і на некаторыя гмінныя статыстыкі. У Бельскім павеце сярэдняя плошча вясковых хат у Арлянскай і Бельскай гмінах на дзесяць квадратных метраў меншая чым у заходніх гмінах павета. У Беластоцкім павеце гэты разрыў між усходнімі — Гарадоцкай і Міхалоўскай гмінамі — і заходнімі бадай удвая большы!

Калі ж глянуць на лікі вясковага насельніцтва ў паасобных гмінах, дык у „ненашых” заўважаецца лёгкую перавагу мужчын над жанчынамі, а ў „нашых” гмінах наглядаецца парытэт. Ці ўжо і нашы мужчыны сталі выязджаць з зямелькі роднай, ці мо занадта разрушылі сваё здароўе тостамі за поспехі?..

Наша Усходняя сцяна — наша Польшча „Б” — усё „расце і буйнее”. І даволі відавочная яна ў статыстычным пейзажы.