Ніва № 32 (2465), 10 жніўня 2003 г.

Рэйкавы аўтобус на выгуле

Больш за паўтары гадзіны ехаў сучасны рэйкавы аўтобус з Бельска-Падляшскага ў Беласток. І хоць можа ён перамяшчацца з хуткасцю 110 кіламетраў у гадзіну, гэты шлях ён адолеў з „хуткасцю” 30 км. Усё з віны старых шпалаў. Каб іх памяняць, няма грошай.

Польская дзяржаўная чыгунка ПКП разам з ваяводскім самаўрадам ды Згуртаваннем аматараў рэйкавага транспарту, арганізатарам акцыі „Szynobusy dla gmin”, арганізавалі прамацыйны праезд гэтага аўтобуса, галоўным чынам для журналістаў. Падобныя „выгулы” па амаль усёй Польшчы працягваліся два тыдні. У Бельску і Беластоку прадстаўнікі ПКП і вытворца (Познаньскае рамонтнае прадпрыемства рухомага чыгуначнага саставу) паказалі двухчленную мадэль. Ад наступнага года, мабыць на шляху Чаромха — Беласток, будзе ездзіць познаньскі адначленны аўтобус, абсталяваны, аднак, так як прэзентаваны.

— Гэта як камфартабельны, так і элегантны аўтобус. Каб больш такіх на нашых шляхах! — прызнаўся адзін з групы больш за дзесяці бяльшчан, якія прыйшлі паглядзець на гэтае цуда.

— Добра, што ў ім мяккія сядзенні, — заўважыў другі.

І фактычна, гонар вытворцы — якраз сядзенні: вандалаўстойлівыя! Адзін з прадстаўнікоў познаньскай фірмы паласнуў нажом па абліцоўцы. І нічога — ні адной рысы.

— Найгалоўнае, што аўтобус рухаецца плаўна. Пасажыры ў мінімальнай ступені адчуваюць, што едуць. Гэта і для машыніста адна прыемнасць, — гаварыў у размове з „Нівай” элегантна апрануты Януш Высоцкі, познаньскі машыніст, які кіраваў аўтобусам з Бельска ў Беласток.

У пульце ў кабіне машыніста няма вострых краёў. Абсталяваны ён у сістэму, якая дзякуючы маленькім камерам манітаруе ўвесь аўтобус. Праз гучнагаварыцелі машыніст інфармуе пасажыраў аб чарговых станцыях, да якіх якраз даязджае, а назва станцыі высвечваецца на электроннай табліцы. У аўтобусе ёсць таксама туалет з унутраным зваротам вады. Што важнае, у аўтобусе нізкая падлога, дзякуючы чаму няпоўнаспраўныя будуць без праблем даставацца ў машыну. Хоць у прадстаўленай мадэлі не хапіла кандыцыянера, мае ён быць у „рабочых” версіях.

Прадстаўнік Згуртавання аматараў рэйкавага транспарту падкрэсліў іншыя ягоныя вартасці:

— Працуюць тут рухавікі ўнутранага згарання з малым расходам паліва, на дзве траціны менш чым у традыцыйных цягніках. Расходуе ён толькі 30 літраў аўтолу на 100 кіламетраў.

Як ужо мы пісалі, Падляшскі ваяводскі самаўрад падпісаў дамову на закупку аднаго рэйкавага аўтобуса. Каштуе ён больш за 2,5 млн. злотых. У год на больш няма грошай у ваяводскім бюджэце. І хоць валачэцца гэтая машына з Бельска ў Беласток вельмі доўга (аўто адольвае гэтую дарогу ў паўгадзіны), столькі, колькі традыцыйныя цягнікі, то ў адрозненне ад іх, „катаешся” ў ім камфартабельна. Што важна, пэўна яшчэ перад будучымі канікуламі на чыгуначным шляху Чаромха — Беласток зможам на ім ездзіць. І гэта шанц развязкі праблемы — планаванай, хоць да канца года спыненай, ліквідацыі каля дваццаці спалучэнняў на Падляшшы. Важна, каб ваяводскія ўлады знайшлі грошы набыць чарговыя рэйкавыя аўтобусы.

(холм)