Ніва № 31 (2464), 3 жніўня 2003 г.

Кветкі на балоце

Яўген МІРАНОВІЧ

Канікулы ў Беластоку бываюць не надта прыемнымі, але ёсць нагода бліжэй пазнаёміцца з ваколіцай, у якой чалавек жыве. У наш час, калі ўсе заняты ўсялякімі нібыта важнымі справамі, няма часу прыглянуцца, што адбываецца навокал. Часамі на працягу некалькіх гадоў няма ў чалавека часу пазнаёміцца са сваім суседам, які, дарэчы, таксама заняты такімі ж важнымі справамі.

Вельмі цяжка цяпер заўважыць мяжу паміж горадам Беластокам і вёскай Засцянкі. Вуліца Баранавіцкая пачынаецца 4 кіламетры ад цэнтра Беластока, канчаецца ў гміне Супрасль і спалучае з горадам, апрача ўспомненых Засцянкаў, Грабоўку і Сабалева. Далей дарога вядзе проста да мяжы з Беларуссю. У кожнай з вёсак — Засцянкі, Грабоўка і Сабалева — некалькі дзесяткаў вуліц. Некаторыя вуліцы гэта ў сапраўднасці лясныя сцежкі, вакол якіх вырастаюць у кустоўі невялікія палацы. Часам ад палявой дарожкі адыходзіць у лес амаль праспект з вулічным асвятленнем. На адным з лясных катэджаў можна заўважыць сонечныя батарэі, а басейн на панадворку хутка стане нормай.

Вёскі, якія раскінуліся вакол Беластока, а ў якіх раней каля крамы сядзелі толькі мясцовыя п’яніцы, пераўтвараюцца ў кварталы горада. Хаця па бліжэй невядомых прычынах гэта гміна Супрасль, але ў Супрасль людзі едуць праз Беласток толькі ў выпадку неабходнасці — аформіць нейкія адміністрацыйныя справы.

Палі, на якіх раней мясцовыя сеялі жыта і авёс, пераўтварыліся цяпер у прыбытковы тавар — вартасцю ў 15-20 долараў за квадратны метр. Нават у мясцовага беспрацоўнага пралетарыяту няма калі пасядзець каля крамы, бо на шматлікіх будовах патрабуюць кожнага, хто ў змозе трымаць у руках малаток. Ад 6 раніцы на мясцовых дарожках можна сустрэць сотні маладых людзей на веласіпедах, пехатою, у моцна запэцканай фарбай, цэментам, вапнай і чым там яшчэ вопратцы, якія спехам падаюцца ў месцы сваёй працы. З цэнтра Беластока ў напрамку названых вёсак выцякае ручай усялякіх „майстроў”. Гэтыя, у адрозненне ад мясцовых, едуць найчасцей „паланезамі”, „фіатамі”, дваццацігадовымі „опелямі”, „фольксвагенамі”, „фордамі”. Па вуліцы Баранавіцкай, на беластоцкім яе адрэзку, дзве вялікія крамы з усімі будаўнічымі матэрыяламі. На адрэзку паміж Засцянкамі і Грабоўкай — тры такія крамы. Каб нешта ў іх купіць, неабавязкова мець пры сабе грошы ці нават ісці ў саму краму. Можна патэлефанаваць з хаты і заказаць матэрыял хаця б і на ўвесь дом. Яшчэ ў той жа дзень увесь заказ будзе пастаўлены на месца. Транспарт атрымаецца дарма.

На пясчаных або балоцістых палях вакол названых вёсак вырастае казачны свет. Вялікі выбар будаўнічых матэрыялаў дае магчымасць стварыць сапраўдныя творы мастацтва. Ідзе тут не толькі пра архітэктуру будынкаў (паводле праектаў з Інтэрнэт-каталогаў), але перш за ўсё пра кампазіцыю акружэння дома. Праектанты на плошчы ў тысячу квадратных метраў ствараюць сапраўдныя паркі. Іх выканаўцы — спецыялісты па гідратэхніцы, біятоніцы, геадэзіі. Часам некалькі творчых калектываў працуе над эстэтыкай гэтага акружэння. Каменная мазаіка, па якой сваім аўтамабілем едзе ўласнік аднаго такога палаца, раўнацэнная трохпакаёвай кватэры ў цэнтры горада.

Раней паводле такой філасофіі жылі магнаты — Радзівілы ў Нясвіжы, Агінскія ў Слоніме, Браніцкія ў Беластоку. Сёння, у меншым маштабе, гэта выпала на долю звычайных плебеяў — уласнікаў крамаў, пякарняў, вытворцаў пластмасавых упаковак, туалетнай паперы. Кожны, хто ў нашым капіталізме паварушыў рукамі і мазгамі ды меў трохі шчасця, мог распараджацца не меншым за карумпаваных палітыкаў капіталам. Гэтыя палацы, якія вырастаюць вакол Беластока, падказваюць таксама, дзе і як беспрацоўныя зарабляюць на сваё выжыванне. Некаторыя з іх прыязджаюць на працу лепшымі за сваіх працадаўцаў аўтамабілямі. І ў гэтым заключаецца прыгажосць капіталізму ў посткамуністычнай дзяржаве.