Ніва № 31 (2464), 3 жніўня 2003 г.

Падляшская статыстыка

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

28 ліпеня г.г. Статыстычная ўправа ў Беластоку абнародавала рапарт аб выніках мінулагодняга перапісу насельніцтва ў Падляшскім ваяводстве.

У межах сённяшняга ваяводства ў маі мінулага года пражывала 1 208,6 тысяч чалавек, што на 1,7% больш, чым на той жа тэрыторыі было ў 1988 годзе. Наша насельніцтва пастарэла: на 95 тысяч пабольшаў лік асоб ва ўзросце 15 гадоў і старэйшым, а на 75,2 тысячы паменшаў лік дзяцей да 15 гадоў. У мінулым годзе дзеці і моладзь да 17 гадоў складалі 24,7% насельніцтва Падляшскага ваяводства, калі 14 гадоў раней было іх 30,4% на той жа тэрыторыі. Адсотак гарадскога насельніцтва пабольшаў з 54,1% да 58,9%. У Беластоку пражывала 291,4 тысяч чалавек, Сямятычах — 15,3 тыс., Саколцы — 19,2 тыс., Гайнаўцы — 22,5 тыс., Бельску — 27,1 тыс., Дуброве — 6,3 тыс., Кляшчэлях — 1,5 тыс., Заблудаве — 2,4 тысячы. Найменш люднай гмінай была Дубіцкая гміна — 2,1 тысячы жыхароў.

У Падляшскім ваяводстве пражывала 471,4 тысячы мужчын і 503,6 тысячы жанчын. Мужчын больш ва ўзроставай групе да трыццаці гадоў, напр. на 56 тысяч хлопцаў да 19 гадоў выпадае толькі 53,1 тысячы дзяўчат, ва ўзросце 20-24 гадоў — адпаведна 48,2 тыс. і 45,1 тыс., 25-29 гадоў — 44 тыс. і 42 тысячы. У разрадзе 30-59 гадоў можна заўважыць парытэт, але ўжо старэйшых астаецца 90,7 тыс. мужчын і аж 129,7 тыс. жанчын.

Польскую нацыянальнасць назвала сваёй 1135,3 тысячы чалавек (93,9%), іншую чым польская — 55,2 тыс. (4,6%) а 18,1 тысячы не ўдалося ўстанавіць нацыянальнасці, галоўным чынам з-за адсутнасці адказу. У Падляшскім ваяводстве пражывала 46,4 тысячы беларусаў, 5,2 тыс. літоўцаў, 1,4 тыс. украінцаў, 0,6 тыс. расейцаў і 0,4 тыс. ромаў.

Польскай мовай карысталася дома 1178,7 тысячы асоб, з гэтага ліку выключна польскай мовай — 1134,3 тысячы. Іншымі чым польская мовамі карысталася 56,2 тысячы чалавек, з гэтага ліку ўперамешку з польскай мовай — 44,3 тысячы. Выключна іншымі чым польская мовамі карысталася дома 11,9 тысячы асоб. Васемнаццаці тысячам чалавек немагчыма было ўстанавіць мову дамашняга карыстання. Чатыры „няпольскія” мовы дамашняй камунікацыі назвала па больш чым тысячы асоб; найбольш беларускую — 39,9 тыс. і літоўскую — 5,4 тысячы.

Прыведзеныя даныя — дынамічныя, яны змяняюцца з ходам часу. За больш чым год ад перапісу большасць гэтых лікаў займела новыя вартасці. А які будзе краявід пасля чарговага перапісу? Пажывем, пабачым...