Ніва № 30 (2463), 27 ліпеня 2003 г.

Валовая камунікацыя

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

Роля камунікацыі ў вызначэнні рангу мясцовасцей была, ёсць і, мабыць, астанецца вырашальнай. Прыклад магутных калісь Крынак, якія пасля пракладкі Варшаўска-Пецярбургскай чыгункі праз Саколку апынуліся на абочыне і ў выніку скаціліся ў ранг занепадаючых мястэчак, можна сёння пашырыць і на ўсю Беласточчыну. Наша малая айчына пасля апошняй вайны апынулася побач шчыльна загароджанай мяжы „братніх народаў” набываючы вельмі перыферыйнае, інакш — непрывабнае, значэнне. Вектары эканамічных працэсаў, нягледзячы на актуальна гучныя заявы пра пабольшаную ўвагу да адсталых рэгіёнаў, мабыць і надалей захаваюць свае напрамкі і сілу. Калі раней „нашу” мяжу рупліва старажавалі ўсходнія вартавыя, дык сёння тая руплівасць пераносіцца на наш бок — мо толькі мяняецца характар тае руплівасці: з ідэалагічнага на эканамічны.

З Беластока ў Паўднёвы Востраў публічны транспарт не ездзіць; з пэкаэсаўскага аўтобуса сыходжу ў Паўночным Востраве. Недалёка ад скрыжавання шашы з вуліцай працуе крама і хаця яшчэ пара снедання, ужо каля яе калываюцца „гатовыя”.

У Паўднёвы Востраў дарога вымашчана брукам. У самой вёсцы тая шырокая шаша-вуліца рэзка паварочвае ўправа, а брукаванае паўднёвае прадаўжэнне самой вуліцы так зарослае, што сумняваюся, ці далей яшчэ нешта ёсць. Аднак прыгадваю сабе, што ўпоперак вуліцы пару гадоў назад пралягаў раўчак, а на самым канцы вёскі стаяла характэрная хата Міхася Хмялеўскага. Іду далей на поўдзень.

Так — вёска працягваецца далей, толькі згаданы брукаваны брод крыху размыты. На лавачцы перад канцом вёскі сядзіць трое багатых гадамі людзей; спыняюся каля іх, пытаю, чаму дзве часткі вёскі такія розныя.

— Бо нашу палавіну прызначылі для ліквідацыі, — жартуе адзін са старажылаў.

Цікаўлюся таксама шматлікасцю калодзежаў. Даведваюся, што ў мінулым годзе ў Паўднёвым Востраве праклалі водаправод і тыя студні яшчэ не ўспелі патраціць свой актыўны выгляд, хаця вяскоўцы перастаюць карыстацца імі. Тут, на паўднёвым канцы вёскі, каб дакапацца да вады хапала дзевяць цэмбравінаў, але каля плябаніі, што між Паўночным і Паўднёвым Астравамі, трэба было іх упусціць у зямлю аж трыццаць восем!

І той сухі брод упоперак вуліцы бударажыць маю цікавасць: чаму там усё яшчэ няма мастка? Маем жа ХХІ стагоддзе, некаторыя людзі ўжо больш як трыццаць гадоў таму звалачыліся на Месяц, а тут раўчак пасярэдзіне вёскі...

З тым раўчаком справа складаная. Паміж Паўднёвым Востравам і Крынкамі пралягае водападзел між басейнамі Віслы і Нёмана. Зараз за вёскай знаходзіцца свайго роду геадэзічны басейн, які ў час дажджу вельмі хутка напаўняецца і сцёкавыя воды бурліва ўпадаюць у згаданы раўчак. Тая вада падтапляе тады хлявы, што за вуліцай, але калі б збудаваць масток, ён стаў бы свайго роду запрудай і вада залівала б збудаванні перад вуліцай. У мінулым годзе тут прайшла навальніца, у выніку якой вясковы роў так узбуйніўся, што парушыў толькі што збудаваны водаправод. І ён астаецца падмытым па сённяшні дзень, хаця крынскія гмінныя чыноўнікі мо з дзесяць разоў абяцалі прыехаць дзеля яго агляду.

У гэты момант мяне наведала нечаканая асацыяцыя: у Паўднёвы Востраў крынскія чыноўнікі, як гэта калісь гаварылася, на валах едуць. Найслаўнейшы ўраджэнец Крынак Сакрат Яновіч вельмі ахвотна карыстаўся лексічнымі адзінкамі з-вал-ачыцца (з’ездзіць на валах) і з-вал-іцца (з’ехаць на валах). Крынкі калісь былі магутным кушнерскім цэнтрам, дзе вырабляліся шкуры — найверагодней — з валоў... Ну і тыя валы асталіся і ў тамашняй лексіцы, і ў побыце тамашняга чынавенства, якое, нягледзячы на працяглую ў два пакаленні прысутнасць тут жа за мястэчкам шчыльнай мяжы і менш спелую дэмакратызацыю, астаюцца вернымі візантыйска-маскоўскім прынцыпам адносін да грамадзян.

Дарэчы: і той раўчак, і паводзіны чынавенства, і сам выгляд Паўднёвага Вострава з’яўляюцца бойкімі доказамі саскансэнеласці Крынкаколля. Хаця напамін пра скансэн мо ў гэтым месцы занадта аптымістычны: у 1964 годзе ў Паўднёвым Востраве пражывала 540 душ у 105 хатах, а сёння ў цэлым праваслаўным Астраўскім прыходзе асталося ўсяго 45 чалавек, ды да таго ж такіх, у якіх ужо душы паглядаюць уверх; падобнае можна сказаць і пра тамашнія збудаванні.