Ніва № 30 (2463), 27 ліпеня 2003 г.

Чароўнасць Супраслі...

Ганна КАНДРАЦЮК

Выстаўка п.з. „Супрасль — 500 гадоў”, якая з 30 чэрвеня па 1 верасня г.г. працуе ў Гістарычным музеі ў Варшаве, з’яўляецца па сутнасці рэкламай мястэчка. З 2001 года гарадок атрымаў правы лячэбнага курорта. У наваколлі багатыя залежы баравіны, чыстая прырода. Менавіта, у курортах і ў турызме ўлады бачаць будучыню мястэчка.

Выстаўка падзелена на тры тэматычныя часткі: гісторыя манастыра і гісторыя супрасльскай прамысловасці; традыцыі Супраслі як курорта; прырода і наваколле ў фотааб’ектыве Віктара Волкава. Апошняя — найбольш сугучная ідэі мерапрыемства. Паказаны тут чорна-белыя фатаграфіі 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Прырода і навакольны пейзаж Волкава прамаўляюць з характэрнай сабе сілай і чароўнасцю. Чалавек у кадрах Волкава зрослы з зямлёй: гэта араты за плугам, земляроб з касой, тутэйшы на фурманцы з сенам. Над светам пануюць птушкі, асабліва буслы. Наш рэгіён бачыцца як краіна буслоў. Ужо на Старым рынку, ля ўвахода ў музей, сустрэнем рэкламу-фатаграфію экспазіцыі. Волкаў улавіў фотааб’ектывам вясёлку над адбудаванай Благавешчанскай царквой. Манастыр, як вядома, ад вякоў славіцца цудадзейнай іконай Супрасльскай Божай Маці.

Шмат месца займаюць экспанаты з прыватных архіваў сям’і Захэртаў. У калекцыі старыя фатаграфіі мястэчка і яго жыхароў. На адкрыцці з’явіўся нашчадак супрасльскіх піянераў капіталізму — Ян Захэрт. Прысутнічаў таксама пасол Швейцарыі. Гістарычная частка Супраслі насцярожвае крэсавай рамантыкай. Ідзе пра гісторыю манастыра. Чамусьці на выстаўцы экспанаваная уніяцкая мінуўшчына Супрасльскага манастыра. Выпадковаму гледачу можа паказацца, што і далей у Супраслі дзейнічае закон базыльянаў. Звесткі пра сучаснае адраджэнне і дзейнасць праваслаўнага мужчынскага манастыра чамусьці непрыкметныя. Праўда, можна адшукаць іх паміж інфармацыямі і экспанатамі.

У першай зале, сярод помнікаў базыльянскай мінуўшчыны, паказаныя рэквізіты культу: літургічнае начынне, уніяцкія рызы, кніжныя выданні лацінкай і кірыліцай. Наведвальнік сустрэне тут муляж Супрасльскага кодэксу — самы старажытны помнік славянскай пісьменнасці ХІ стагоддзя, які адшукаў у манастырскай бібліятэцы ў пачатку ХІХ ст. прафесар Міхал Баброўскі. Ёсць таксама фрагменты фрэскі сербскага іканапісца Нектарыя, якія захаваліся пасля ўзарвання царквы ў 1942 годзе.

Арганізатары выстаўкі — Таварыства сяброў Супраслі і Гістарычны музей у Варшаве — цалкам забыліся пра беларускія акцэнты.