Ніва № 30 (2463), 27 ліпеня 2003 г.

Змярканне імперый

Яўген МІРАНОВІЧ

Дваццаць гадоў таму ніхто не мог прадбачыць, што Савецкі Саюз рассыплецца як муляж замка пабудаванага дзеля фільмавай прадукцыі. Савецкі Саюз, які пераняў спадчыну імперыі Раманавых, уяўляў у сапраўднасці бутафорыю дзяржавы. Бедна і пуста ўнутры краіны, а звонку — найвышэйшы ўзровень тэхналагічнага прагрэсу. Палёты ў космас, магутная ядзерная зброя, шпіёны ва ўсіх кутках свету, танкі ў сярэдзіне Еўропы, васальныя дзяржавы на ўсіх кантынентах і фактычны кантроль палітычных працэсаў на планеце. Дастаткова было невялікай вайны з непісьменнымі афганскімі плямёнамі, каб выявіць праўду пра фундаменты савецкай імперыі. Былі яны цалкам змуршэлыя, а з-за папяровай прыгожай шырмы з лозунгамі пра роўнасць, сацыялізм, справядлівасць і свабоду працоўнаму люду паказалася праўда пра савецкі рай з карумпаванымі элітамі, мафійнымі структурамі ўлады, рэкецёрамі на кожнай вуліцы, невялікай групай багацеяў і па-афрыканску беднай правінцыяй.

Гледзячы на сучасную Расію і суседнія рэспублікі, якія сфармаваліся на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, узнікае пытанне дзеля чаго знішчылі царскую сістэму ўлады, якая пры канцы свайго існавання мела больш справядлівы і дэмакратычны грамадскі парадак чым той, які існуе цяпер.

У выніку палітычных працэсаў на пачатку дзевяностых гадоў ХХ стагоддзя расійска-савецкая імперыя патраціла ўсе тэрытарыяльныя набыткі, якія Раманавы ў цяжкіх войнах далучылі на працягу двухсот гадоў і Сталін пасля ІІ сусветнай вайны. Без вайны, у выніку ўнутранага эканамічнага і палітычнага банкруцтва Расія патраціла Сярэднюю і Усходнюю Еўропу, а таксама Сярэднюю Азію. Працэс далейшага развалу ўдалося затармазіць, але чачэнская праблема паказвае, што захаванне тэрытарыяльнай суцэльнасці краіны надалей пад пагрозай.

Фактычна ў канцы ХХ стагоддзя Расія апынулася на абочыне вялікай сусветнай палітыкі і нават калі вырашаліся справы ў суседстве яе межаў, ці на тэрыторыі былых калоній у Сярэдняй Азіі, Крэмль толькі асцярожна прадстаўляў сваю пазіцыю, якая ніколі не вяла да канфрантацыі з Амерыкай. На прыкладзе Сербіі, Афганістана, Ірака выразна відаць як Расія здавала свае пазіцыі. Прабуе яна захаваць яшчэ ўплывы на Украіне, але толькі таму, што ў амерыканцаў няма выразнай канцэпцыі ўпарадкавання гэтага кутка Еўропы і дазваляюць на свабодную гульню ўсім зацікаўленым. Нават Польшча пачала адкрыта марыць аб Украіне, як аб сваёй зоне ўплываў.

Галоўны канкурэнт Расіі да панавання над светам — Злучаныя Штаты Амерыкі, у апошняе дзесяцігоддзе былі мілітарнай імперыяй без ніякай канкурэнцыі. І толькі некалькіх ісламскіх фанатыкаў даказала, што Амерыка вычарпала свае ўнутраныя магчымасці развіцця. Амерыканцы на працягу некалькіх тыдняў адкінулі большасць жалезных прынцыпаў сваёй дэмакратыі. Дазволілі кантраляваць усіх і ўсё. Так баяліся. Далі згоду свайму ўраду нападаць усіх сапраўдных і ўяўных ворагаў. Лёс народаў, якія апынуліся пад амерыканскімі бомбамі, быў ім абыякавы. Гэта праявы захавання хворага грамадства. Пасля 11 верасня 2001 г. амерыканская гаспадарка раптам патраціла дынаміку. Шмат амерыканцаў страціла давер да свёй авіяцыі, перастала хадзіць у рэстараны, кіно, ездзіць на адпачынак у камфартабельныя курорты. Банкруцтвы некалькіх тысяч фірмаў у 2002 г. сведчаць пра велічыню крызісу.

Прэзідэнт Буш прабаваў выйсці з крызісу метадам, які ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя прымяніў шэф нямецкай дзяржавы Адольф Гітлер — раскруціць гаспадарку пры дапамозе вайны. Дзеля таго трапна намецілі ворага, які быў багаты стратэгічнай сыравінай — нафтай і акампраметаваны ў вачах сусветных элітаў за ўнутраную і замежную палітыку. Хутка прыдумалі інфармацыйную стратэгію, якая, дарэчы, была чыстым плагіятам савецкай прапаганды. Ірак і яго прэзідэнта абвінавацілі перш за ўсё ў прадукцыі зброі масавага знішчэння і ў падтрымцы сусветнага тэрарызму, хаця, як пасля выявілася, была гэта ўсяго чыстая выдумка.

У выніку гіганцкай вайсковай перавагі вайну супраць арміі Ірака амерыканцы выйгралі на працягу трох тыдняў. Прайгралі аднак аўтарытэт краіны, якая да гэтай пары была сімвалам сусветнай стабільнасці. Амерыканская імперыя, пазбаўленая палітычнай і мілітарнай канкурэнцыі, стала такім жа агрэсарам, што раней Савецкі Саюз, які імкнуўся накінуць іншым цывілізацыям сваю філасофію ўнутранага парадку. Апрача краін Сярэдняй Еўропы, грамадствы якіх прывыклі да васальнай залежнасці ад магутнейшых суседзяў, нідзе ў свеце амерыканская палітыка не знаходзіць адабрэння. Больш таго, аказалася, што пасля вайны кожнага дня гіне больш салдат у сутычках з іракскімі партызанамі чым у час, калі насупраць стаяла мільённая армія Гусейна. Міф пра вызваленне іракцаў ад улады дыктатара хутка счэзнуў. Наяўнай стала толькі класічная акупацыя.

Амерыканская імперыя не ў змозе запанаваць над іракскай пустыняй, а кулаком пагражае яшчэ персам і паўночным карэйцам. Мала праўдападобна аднак, што на чарговую вайну Буша згодзяцца самі амерыканцы. Нават Амерыка забедная, каб прафінансаваць вайсковыя і шпіёнскія службы ды трымаць увесь свет пад кантролем. Глабальная канфрантацыя з Савецкім Саюзам апраўдвала ўсе выдаткі на прадукцыю зброі. Змаганне з рэлігійнымі фанатыкамі не патрабуе самалётаў, ракетаў, танкаў, ядзернай зброі. Зброя тэрарыстаў знаходзіцца ў іх мазгах, а кожная авантура іракскага кшталту нараджае легіёны новых фанатыкаў. Ніводная імперыя не ў змозе выйграць рэлігійную ці ідэйную вайну. Вялікі Рым не паўстрымаў хрысціянства, хаця яго ідэю несла невялікая грамадская група. Свет без імперый можа быць цікавы, але невядома ці бяспечны.