Ніва № 30 (2463), 27 ліпеня 2003 г.

Ці будзе воўчы парк?

Аляксей МАРОЗ

У час сесіі Рады горада Гайнаўкі, якая адбылася 30 чэрвеня, Стэфан Якімюк з Сусветнага фонду ў карысць дзікай прыроды, кіраўнік праекта „Паркі ў Белавежскай пушчы”, прадставіў прапанову стварэння на акраінах Гайнаўкі воўчага парку.

Зараз больш за 100 тысяч турыстаў прыязджае штогод у Белавежу. Побач звярынага запаведніка, які знаходзіцца непадалёк Белавежы, няма адпаведных санітарных умоў, каб прымаць турыстаў. Стэфан Якімюк гаварыў, што трэба намагацца затрымаць турыстаў у Гайнаўцы. Ад мясцовых вытворцаў госці маглі б купляць сувеніры. Радныя атрымалі прапанову выдзяліць некалькі гектараў зямлі побач вузкакалейкі і вуліцы Арміі Краёвай і стварэння там воўчага парку. Жылі б там выхаваныя ў няволі ваўкі. Стэфан Якімюк запрапанаваў будову адкрытых кладак над зямлёй, з якіх можна было б наглядаць за ваўкамі. Некаторыя радныя зацікавіліся ідэяй, а старшыня Рады Якуб Астапчук запрапанаваў абмеркаваць прапанову ў камісіях. У Сусветным фондзе ў карысць дзікай прыроды выдзелены сродкі на выкананне праекта воўчага парку. Пасля гарадскія ўлады разам з Фондам могуць звярнуцца ў замежныя і краёвыя экалагічныя арганізацыі за сродкамі на будову парку. Прадбачваецца, што парк спрычыніцца да развіцця турызму ў Гайнаўцы і ўзнікнення ў горадзе новых начлежных месцаў. Цяпер найбольш начлежных месцаў у Белавежы (больш за тысячу) і Нараўцы (662).

Некаторым радным ідэя воўчага парку не спадабалася. Гарадская каса пустая, наракалі яны, а для рэалізацыі такой вялікай інвестыцыі спатрэбяцца грошы з гарадскога бюджэту.

Старшыня Клуба радных БНВК Яўген Янчук выступіў з просьбай да бурмістра Анатоля Ахрыцюка, каб той намагаўся паменшаць спажыванне алкаголю ў публічных месцах. Зараз вечарамі многа моладзі спажывае алкаголь на цэнтральнай вуліцы Гайнаўкі — 3 Мая. Радная Ядвіга Рудзінская-Патэюк прадставіла патрабаванні жыхароў да гарадской ачышчальні сцёкаў, ад якой нясецца да суседніх дамоў смурод. Бурмістр Анатоль Ахрыцюк паінфармаваў, што будова ачышчальні яшчэ не закончана. Яе кіраўніцтва плануе вывозіць адкіды ў закрытых прычэпах для сельскагаспадарчага выкарыстання, а ў будучыні разважаецца сушыць адкіды ў ачышчальні.

У сувязі з планаванымі інвестыцыямі ідзе падрыхтоўка да выканання новага праекта крытага басейна. Плануецца, што ўзнікне ён побач Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы. Бурмістр Анатоль Ахрыцюк заявіў, што з 1 студзеня 2005 года можа адкрыцца ў Гайнаўцы Казначэйская палата, а ў наступных гадах — пашырыцца кампетэнцыі Акруговага суда.