Ніва № 30 (2463), 27 ліпеня 2003 г.

Мадэрнізацыі завяршаюцца

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

17 ліпеня г.г. Падляшскае ваяводства наведала Пастаянная падкамісія па справах нагляду за выконваннем шматгадовых інвестыцый Камісіі публічных фінансаў Сейма Рэчы Паспалітай. Падкамісія знаёмілася з ходам мадэрнізацыі пагранперахода ў Кузніцы-Беластоцкай і разбудовы шпіталя Міністэрства ўнутраных спраў у Беластоку. З вынікамі паездкі Падкамісіі ў наша ваяводства пазнаёмілі журналістаў яе старшыня Мечыслаў Едань і падляшскі ваявода Марэк Стшалінскі.

Мадэрнізацыя пагранперахода ў Кузніцы-Беластоцкай зацягнулася з прычыны працяглага ўзгадняння дакументацыі для таргоў. У выніку, іх пераможца, фірма „WARBUD” уступіла на будпляцоўку, заміж вясною, толькі ў кастрычніку мінулага года; на практыцы, па прычыне доўгай і марознай зімы, толькі ў маі г.г. работа рушыла поўным ходам. За мінулы год было расходавана толькі 60% прызначаных на той тэрмін сродкаў. У гэтым годзе (на дзень візіту Падкамісіі) расходавана рэшту мінулагодніх грошай і толькі паўпрацэнта (!) сёлетніх. Аднак дынаміка прац на кузніцкім пагранпераходзе вялікая і фінансавыя сродкі, прызначаныя на гэты год, будуць поўнасцю выкарыстаны. Хаця ёсць падставы для хвалявання, бо аб’ём прац аграмадны (трэба паставіць 38 асобных кубатурных аб’ектаў ды вымасціць 18 гектараў спецыяльнай якасці насцілам) і патрабуецца высокая якасць іх выканання (каб праз доўгія дзесяцігоддзі не было патрэбы нічога папраўляць), усё ж такі тое, што пабачылі наглядальнікі, дае гарантыю, што работа будзе выканана тэрмінова. Пасол Едань, які пражывае недалёка польска-чэшскай граніцы, заўважыў, што бачыў ужо шмат будаванняў, але пабачаныя ў Кузніцы ўзаемаадносіны і двухбаковае супрацоўніцтва даюць падставы для аптымізму. Ужо ў кастрычніку г.г. будаўнічыя працы будуць завершаны, будзе запушчана праца тэлекамер і камп’ютэрных сістэм; для выканання астануцца толькі аддзелачныя работы і запуск спецыялістычнай апаратуры. Яшчэ ў гэтым годзе пагранпераход у Кузніцы-Беластоцкай павінен задавальняць планаваную нагрузку: восем тысяч легкавушак і паўтары тысячы аўтафураў у суткі. Поўную мадэрнізацыю пагранперахода прадбачваецца закончыць у будучым годзе, згодна з планам.

Разбудова і мадэрнізацыя шпіталя МУС у Беластоку пачалася ў 1983 годзе; сёлета ідзе ўжо дваццаты год работ. Праца ідзе згодна з фінансавым і будаўнічым графікамі і ў канцы снежня г.г. мае быць закончана. У карыстанне маюць быць здадзены 172 бальнічныя ложкі і поўнае абсталяванне для кругласутачнай працы. Паводле меркавання пасла Еданя, калі б так як у Беластоку разбудоўваліся іншыя шпіталі (а ў цэлай краіне такіх інвестыцый 45), дык можна было б зберагчы шмат сродкаў на іншыя патрэбы аховы здароўя. Беластоцкі шпіталь МУС не спараджае задоўжанасці ды можа адкрываць новыя аддзяленні.