Ніва № 29 (2462), 20 ліпеня 2003 г.

Біблія Францыска Скарыны выйшла ў Германіі

Размова з каардынатарам беларуска-нямецкіх культурных сувязей, асацыяваным прафесарам Бонскага універсітэта Уладзімірам Сакалоўскім.

— На старонках беларускай прэсы з’явіліся паведамленні пра новае неардынарнае выданне-выпуск чарговага тома „Біблія славіка”, які ўбачыў свет у Нямеччыне. І на гэты раз том прысвечаны Скарыне. Так?

— Сапраўды, у Нямеччыне ў аўтарытэтным выдавецтве Фердынанда Шонінга ўбачыў свет новы том пад назвай „Біблія Руска. Выложена доктором Франціском Скорыною. Прага 1517—1519”. Гэтае аб’ёмнае ў 1055 старонак выданне здзейснена ў рамках трэцяй „усходнеславянскай серыі” вядомай нямецкай комплекснай праграмы па славістыцы — „Біблія славіка”.

А што ўяўляе сабою славістычная праграма „Біблія славіка”?

Biblia Slavica” — гэта комплексная праграма, заснаваная ў прыканцы 80-х гадоў з мэтай выдання найбольш знакамітых помнікаў славянскіх культур старажытнасці. Яна выдаецца вядомымі нямецкімі славістамі Гансам Ротэ (Бон) і Фрыдрыхам Шольцам (Мюнстэр). Складаецца гэтая праграма з 6 серый: чэшскай, польскай, усходнеславянскай, сербалужыцкай, харвацкай і дадатковай — літоўскай. У ІІІ серыі „Усходнеславянская Біблія” напачатку было запланавана выданне двух выдатных помнікаў беларускай старажытнай культурнай спадчыны — Бібліі Францыска Скарыны і Астрожскай Бібліі. Аднак жыццё ўнесла свае карэктывы. У сувязі з выпускам 3-томнага факсімільнага выдання Бібліі Скарыны ў Беларусі (1990-1991) нямецкія славісты адмовіліся ад першапачатковай задумы і распачалі падрыхтоўку тома каментарыяў.

— Як ажыццяўляўся выпуск гэтага вядомага выдання?

— Гісторыя гэтага выдання даволі складаная і працяглая. Яна ахоплівае больш за 10 гадоў і сягае ў 1990 год, калі падчас Міжнароднага сімпозіума „Беларусь і Захад” (Мюнстэрскі універсітэт) вядомы нямецкі славіст Г. Ротэ звярнуўся да мяне, а я тады быў загадчыкам сектара ўзаемасувязяў літаратур АН БССР, з прапановай аб дапамозе ў выданні Бібліі Ф. Скарыны ў комплекснай праграме „Біблія славіка” і тома грунтоўных каментарыяў да яе. Аднак у сувязі з тым, што ў Мінску ўжо (як адзначана вышэй) распачалося такое выданне, з запланаванага заставаўся толькі том каментарыяў.

На працягу 1991-1992 гадоў быў сфармаваны сталы калектыў аўтараў і канчаткова вызначана тэматыка і структура будучай кнігі, а напрыканцы 1993 года матэрыялы яе былі перададзены нямецкаму боку. Працягласць працы над кнігай была абумоўлена тым, што ў Нямеччыне не так лёгка было знайсці высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне скарыназнаўства, а таксама спрактыкаваных перакладчыкаў з беларускай, асабліва старабеларускай мовы. І тым не менш, кніга пабачыла свет.

— Што ўяўляе сабой гэтае саліднае выданне?

— Выданне складаецца з дзвюх частак: першая — гэта каментарыі да трохтомнага выдання Бібліі Францыска Скарыны ў Беларусі, якое ўбачыла свет у Мінску пад назвай „Біблія руска. Выложена доктором Франціском Скорыною. Прага. 1517-1519. Каментарыі”. Другая — гэта факсімільнае выданне аднаго з твораў беларускага першадрукара, што пададзены пад назвай „Апостал. Вільна. 1525. Факсіміле і каментарыі”.

Першая частка, што складаецца з сямі грунтоўных раздзелаў, падрыхтавана вядомымі беларускімі навукоўцамі: А. Жураўскім, У. Конанам, І. Саверчанкам, Г. Галенчанкам, А. Шматавым і У. Свяжынскім. Выданне гэтай часткі рыхтавалася непасрэдна пад маім кіраўніцтвам. У ім таксама прыняў удзел вядомы даследчык беларускай літаратуры ў Англіі Арнольд Макмілін. А напачатку падаецца невялічкае ўступнае слова Адама Мальдзіса.

Каментарыі гэтага саліднага выдання прысвечаны ўсебаковаму аналізу важнейшых аспектаў выдатнага помніка беларускай рэнесанснай думкі — Бібліі Ф. Скарыны. Акрамя таго ў ёй багата і ўсебакова асветлена дзейнасць геніяльнай асобы беларускага першадрукара, шырока раскрыты яго гуманістычны светапогляд, асветніцкі характар яго выдавецкай дзейнасці.

Шмат увагі ў гэтай частцы аддаецца характарыстыцы выданняў Скарыны, якія для свайго часу былі шэдэўрамі паліграфічнага майстэрства, пераканаўча даводзіцца, наколькі тактоўна і ўмела Скарына выкарыстоўваў выдавецкія традыцыі, якія склаліся ўжо ў свеце, Заходняй Еўропе, асабліва ў Германіі.

— А што ўяўляе сабою другая частка выдання?

— Другую частку кнігі складаюць факсімільныя тэксты „Апостала”, выдадзенага ў Вільні ў 1525 годзе, які тут узнаўляецца ўпершыню. Выданне нямецкіх славістаў Г. Ротэ і Ф. Шольца будзе спрыяць больш шырокаму знаёмству сусветнай грамадскасці са спадчынай выдатнага беларускага першадрукара. Да „Апостала” падаецца кампетэнтны каментарый Г. Ротэ пад тытулам „Апостал. Вільна. 1525. Яго даследаванні і крыніцы”. Нямецкі славіст вельмі ўважліва і асцярожна падышоў да пытання доследу тэкстаў, якія выкарыстоўваў Францыск Скарына для перакладу „Апостала” на старабеларускую мову, пытання, што заблытана напластаваннямі шматлікіх супярэчлівых поглядаў. Г. Ротэ на працягу больш пяці гадоў падрабязна даследаваў паходжанне шматлікіх выразаў і асобных слоў, каб пераканаўча даказаць, якімі тэкстамі заходнееўрапейскімі (старажытнагрэчаскімі, лацінскімі) ці славянскімі (чэшскімі, польскімі, царкоўнаславянскімі) карыстаўся Ф. Скарына пры перакладзе „Апостала” на старабеларускую мову.

— Як ацэньваеце значэнне гэтага выдання?

Выданне нямецкіх славістаў і беларускіх навукоўцаў мае непераходнае значэнне, асабліва для замежнага чытача, яно дапамагае яму больш шырока выявіць і яшчэ паўней раскрыць усю веліч і значэнне Скарынавай спадчыны і па-сапраўднаму ацаніць яго геніяльны ўклад у развіццё культуры Усходняй Еўропы.

Адметным для гэтага выдання з’яўляецца тое, што ў каментарыях выкарыстаны самыя апошнія, навейшыя дасягненні не толькі беларускага, але і еўрапейскага, больш таго, сусветнага скарыназнаўства.

— А ці прадоўжыцца выданне іншых старажытных помнікаў беларускай культуры ў гэтай знакамітай комплекснай праграме?

— Так. Беларуская тэматыка моцна зацікавіла прафесара Ротэ, і зараз у партфелі „Біблія славіка” знаходзяцца яшчэ два значныя выданні беларускай культуры Адраджэння — „Катэхізіс” Сымона Буднага і „Евангелле” Васіля Цяпінскага, якія паступова рыхтуюцца да выдання.

Гутарыў Сяргей ЧЫГРЫН