Ніва № 29 (2462), 20 ліпеня 2003 г.

Знаёмства з самаўрадавай дзейнасцю

Аляксей МАРОЗ

Беларускі самаўрадавы форум з 29 чэрвеня па 2 ліпеня арганізаваў у Гайнаўцы стажыроўку для дэпутатаў самаўрадаў з Рэспублікі Беларусь. Беларускія госці спаткаліся з бурмістрам Гайнаўкі Анатолем Ахрыцюком, старшынёю Гарадской рады Якубам Астапчуком, старастам Уладзімірам Пятрочукам і старшынёю Рады Гайнаўскага павета Міколам Міхалюком. У час гэтых спатканняў знаёміліся яны з дзейнасцю самаўрадавых адзінак. Самым лепшым урокам быў удзел у сесіі Гарадской рады ў Гайнаўцы. Беларускія госці выслухалі дыскусію пра перспектывы турыстычнай дзейнасці ў Гайнаўцы. Прапанавалася стварэнне на акраінах горада воўчага парку, што зацікавіла беларускіх дэпутатаў.

— Нашыя ўлады глядзяць на новыя ініцыятывы як на ўмяшанне ў іх унутраныя справы. Чакаюць нас дэмакратычныя перамены з дэцэнтралізацыяй і прыватызацыяй. Трэба выкарыстаць польскі вопыт для іх прымянення і адначасна пазбегнуць памылак, якія былі ў Польшчы. Візіт у Гайнаўку дае магчымасць пазнаёміцца з самаўрадавай працай у вашай краіне, каб магчы выкарыстаць гэты вопыт у Беларусі, — заявіў Аляксандр Жучкоў, старшыня праўлення Грамадскага аб’яднання „Фонд імя Льва Сапегі”, якога аддзяленні знаходзяцца ў многіх беларускіх гарадах. Фонд гэты дапамагаў самаўрадаваму форуму праводзіць набор на паездку ў Польшчу.

Спатканні з гайнаўскімі самаўрадаўцамі перапляталіся з дакладамі, якія адбываліся ў памяшканні Беларускага самаўрадавага форуму. Старшыня Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь Марцін Рэмбач расказаў пра дзейнасць няўрадавых арганізацый у Польшчы. Былая бурмістр Гайнаўкі, а зараз старшыня Таварыства сяброў Гайнаўкі Ядвіга Рудзінская-Патэюк выступіла з дакладам аб працы самаўрадаў. У сваім выступленні выкарыстала яны вопыт бурмістра і члена няўрадавай арганізацыі.

— У вас вядомыя правілы вырашання самаўрадавых праблем. У Беларусі мясцовая ўлада фактычна вертыкальная, падпарадкаваная прэзідэнту. Трэба, каб больш людзей выязджала ў Польшчу паглядзець самаўрадавую дзейнасць. Нам трэба ўбачыць, як памянялася ваша краіна пры рынкавай эканоміцы, — сказаў Юрый Зяньковіч, дэпутат Мінскага раённага і Ждановіцкага пасялковага саветаў.

Беларускіх дэпутатаў найбольш цікавілі спатканні ў самаўрадавых установах і няўрадавых арганізацыях. У павятовай управе працы знаёміліся з сістэмай дапамог па беспрацоўі і магчымасцямі працаўладкавання на гайнаўскім рынку. У Цэнтры еўрапейскай інфармацыі, Цэнтры прапагандавання прадпрымальніцтва і Цэнтры прапагандавання рэгіёна цікавіліся працай арганізацый, якія супрацоўнічаюць з самаўрадамі.

Мікола Аксаміт быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у 1990-1996 гадах. Праінфармаваў ён, што ў Беларусі быў уведзены закон аб мясцовым самакіраванні, які зараз прымяняецца ў абмежаваным выглядзе.

— Задача самаўрадавых дэпутатаў зведзена да дэкаратыўнай ролі. Могуць яны займацца справамі парадкавання вуліц і паляпшэння асвятлення. Патрэбная ў нас дэцэнтралізацыя ўлады. Мясцовыя людзі лепш ведаюць, што адбываецца ў іх асяроддзі і патрапяць лепш вырашаць свае праблемы, — заявіў Мікола Аксаміт.

У Белавежы дэпутаты пазнаёміліся з дзейнасцю агратурыстычных кватэр. Мелі яны нагоду пазнаёміцца з новымі турыстычнымі паслугамі, якія ў Беларусі вядомы толькі ў абмежаваным выглядзе. Мікола Цівончык з’яўляецца дэпутатам Белаазёрскага гарадскога савета. Яго горад асаблівы ў маштабе ўсёй Беларусі. На 13 дэпутатаў ажно 9 асоб незалежных ад прэзідэнцкай улады.

— Мэр горада выбраны ад прэзідэнцкай вертыкалі, але мы не мяняем яго. Зараз толькі вучымся, як кіраваць горадам, а ён нам дапамагае, — сказаў Мікола Цівончык. — Сесія ў Гайнаўцы навучыла нас, што з некаторымі справамі радныя павінны пазнаёміцца раней.

Арганізатары мерапрыемства паказалі госцям Свята-Троіцкі сабор, Музей і асяродак беларускай культуры і запрасілі іх у Комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы. Дырэктар школы Яўген Сачко пазнаёміў дэпутатаў з працай школы і вучобай беларускай мове. Самаўрадаўцаў цікавілі ўмовы вучобы і працы настаўнікаў. Госці выявілі зацікаўленне супрацоўніцтвам з Гайнаўскім белліцэем.

Рэалізацыя праекта „Польшча — Беларусь, самаўрад па-над межамі” будзе працягвацца ў жніўні, паколькі зараз многія рады спыняюць працу. Плануецца, што тады прыедуць у вясковую гміну Гайнаўшчыны чарговыя госці з Беларусі. Праект мог быць рэалізаваны дзякуючы фінансавай падтрымцы Канцылярыі Старшыні Рады Міністраў у рамках тэхнічнай дапамогі дзяржавам, якія знаходзяцца на шляху трансфармацыі.

— Дзякуючы Фонду імя Льва Сапегі прыехалі да нас актыўныя самаўрадаўцы. Пасля гэтай міні-стажыроўкі бачым, што гасцям з Беларусі больш патрэбны жывыя кантакты з самаўрадавай дзейнасцю. Застаецца пасля іх больш вопыту і інфармацый чым пасля дакладаў, — сказаў Міхась Андрасюк, старшыня Беларускага самаўрадавага форуму.