Ніва № 29 (2462), 20 ліпеня 2003 г.

Вяртанне свойскасці

Яўген МІРАНОВІЧ

Капіталізм, лібералізм, свабодны рынак так сама пасуе да менталітэту палякаў як беларусаў. Абедзве нацыі ўфармаваліся пад уплывам феадальнай традыцыі. Камунізм так моцна не розніцца ад феадалізму як ад усялякіх ліберальных грамадска-палітычных сістэм. У Беларусі забава ў дэмакратыю і рыначную эканоміку трывала вельмі коратка. У сапраўднасці была спынена на этапе эксперыментавання. Па волі люду, дэмакратычным шляхам, у 1994 г. быў устаноўлены грамадска-палітычны і эканамічны парадак, які з’яўляецца сінтэзам феадалізму і камунізму. Палякі, якія самі сябе ўжо дваццаць гадоў пераконваюць, што з’яўляюцца часткай заходняй цывілізацыі, пастаянна прабуюць перанесці над Віслу ўсе яе прыкметы. Але няшмат з гэтага атрымліваецца.

Зараз пасля падзення камунізму ў 1989 г. да ўлады прыйшлі сапраўдныя рэвалюцыянеры і рамантыкі, увасабленнем якіх быў апрануты ў джынсавую кашулю Яцак Курань. Не здымаў яе нават калі стаў міністрам. Праз некалькі месяцаў палякі сказалі сабе і пра сябе больш шчырых слоў, чым за ўсё мінулае стагоддзе. Прыемней неяк стала тады жыць у краіне. Пасля, калі сталі праводзіць г.зв. прыватызацыю, было штораз смяшней і страшней. Мяняліся толькі шыльды групаў, што трымалі ўладу, але вынік іх кіравання быў аднолькавы. Маёмасць, якую выпрацавала пасля вайны некалькі пакаленняў палякаў, была разграблена палітычнымі кланамі. Калі прыходзілі да ўлады постсалідарнікі, пару месяцаў пазней грамадзяне чакалі якой-небудзь змены; калі два гады таму з’явіліся посткамуністы, вярнулі ўсе, добра ім вядомыя, прынцыпы кіравання, характэрныя эпосе „пээнэру”. Цяпер, пасля скандалу з паслом Ягелам і міністрам Саботкам зусім невядома, дзе праходзіць мяжа паміж мафіяй і людзьмі з вышэйшых эшалонаў улады. Ці яна ўвогуле існуе. Таксама як у час Народнай Польшчы партыйная вярхушка цалкам ігнаруе законы. На практыцы палітычныя кланы мяняюць законы паводле сваіх актуальных патрабаванняў.

Але не толькі эліты ўлады змагаюцца за вяртанне добра вядомай сацыялістычнай свойскасці. У банку, дзе павінна працаваць 8 пунктаў абслугоўвання кліентаў, фактычна дзейнічае толькі адзін. Трэба адстаяць гадзіну часу, так як у ваеннае становішча з талонамі на сала, муку і іншыя прадукты.

Подых капіталізму на пачатку дзевяностых гадоў найбольш відавочны быў у гандлі. Нават у перыферыйных крамах дамы за прылаўкам часам мылі рукі, калі раней дакраналіся імі да бульбы, змывалі падлогу. Нядаўна я пабачыў, як уласніца крамы клеіла картачкі з цаной на атруту для мух. Калі падыходзілі пакупнікі, яна спыняла свой занятак і тымі ж нямытымі рукамі падавала хлеб, булкі, сыр. Калі не было пакупнікоў, далей прадаўжала ўпрыгожванне каробак з атрутай. Была свядомая, што для большасці пакупнікоў не перашкаджаюць яе брудныя рукі.

Хаця беспрацоўе ў Польшчы дасягнула небяспечнага дваццаціпрацэнтнага ўзроўню, вельмі цяжка знайсці чалавека, які сумленна выканаў бы простую працу не дамагаючыся платы ў два разы большай за тую, якую атрымлівае універсітэцкі прафесар. Спецыяліст па маляванні сцен дамагаецца сумы, якая, калі б ён працаваў дваццаць дзён, дасягнула б 4 тысяч злотых. Пралетарый, які ўмее злучыць дзве трубкі з металу і называе сябе сантэхнікам, сваю працу ацэньвае на ўзроўні ваяводы. Іншая справа, што пасля кожнага з названых спецыялістаў трэба прыбіраць кватэру як пасля паводкі.

Свет васьмідзесятых гадоў, які паказваўся ў фільме Alternatywy 4, цалкам рэальны і сёння. Далей жыве сярод нас той самы партыйна-гмінны чыноўнік, лекар-хабарнік, неахайны рамеснік і люд, які пагаджаецца на існаванне такога стану. А заходні капіталізм, заходняя арганізацыя і этыка працы можа калісьці і ў нас будзе. Пэўна дачакаюцца тыя, што цяпер наведваюць садок.