Ніва № 29 (2462), 20 ліпеня 2003 г.

Дзе шукаць незалежнасць

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

3 ліпеня ў Беларусі быў адзначаны Дзень Незалежнасці, ці як яго яшчэ афіцыйна называюць — Дзень Рэспублікі. На фоне апошніх непаразуменняў з галоўным саюзнікам — Расіяй, гэтае свята ўсё больш набывае даволі дзіўны змест.

На сённяшні дзень можна сведчыць аб існаванні трох поглядаў на саму незалежнасць беларускай краіны. Першы, якога прытрымліваецца нацыянальна арыентаваная дэмакратычная апазіцыя, гэта з’яўленне незалежнасці ў выніку бурлівых падзей 1917-1918 гадоў, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Нягледзячы на тое, што падобныя рэчы ў тыя гады адбыліся на многіх ускраінах былой Расійскай імперыі, з-за чаго на карце Еўропы з’явіліся такія краіны як Фінляндыя, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія і іншыя, сёння на дзень 25 сакавіка цяперашняя беларуская ўлада глядзіць непрыязна. Маўляў, якая магла быць незалежнасць, калі ўсё адбылося пад нямецкай акупацыяй, ды і колькі ўвогуле праіснавала БНР? Пра тое, што само абвяшчэнне прадвызначыла з’яўленне Савецкай Беларусі, а потым і Рэспублікі Беларусь чамусьці не ўзгадваецца.

Сур’ёзным штуршком да сапраўднай незалежнасці стала прыняцце Вярхоўным Саветам (тагачасным парламентам) Дэкларацыі аб незалежнасці БССР у 1990 годзе. Пасля путчу ў жніўні 1991 г. у Маскве, ёй быў нададзены статус канстытуцыйнага закону, што азначала вяршынства Дэкларацыі над законамі Савецкага Саюза на тэрыторыі беларускай рэспублікі. Несумненна, дата паважная і адзначалася яна некалькі гадоў як дзяржаўнае свята. Праўда, стаўленне да яе ў тыя гады з боку большасці насельніцтва было як і да самой незалежнасці, якая нечакана звалілася на галовы беларусаў. Таму, калі першы беларускі прэзідэнт і ягонае атачэнне ўзялі курс на рэсаветызацыю Беларусі, яны з лёгкасцю „патлумачылі” чаму святкаваць незалежнасць 27 ліпеня нельга. Бо менавіта такім жа летнім днём 1943 года гаўляйтар Беларусі Кубэ дазволіў карыстанне бел-чырвона-белым сцягам і гербам „Пагоняй”. А гэтыя сімвалы з 1995 года сталі „крамольнымі”. Шчыра кажучы, асабліва ад знікнення са святочнага календара Дня незалежнасці 27 ліпеня не перажываў у Беларусі ніхто. Дата папросту не паспела прыжыцца ў свядомасці людзей. У выніку лукашэнкаўская ўлада, зразумела, праз рэферэндум, прапанавала беларускаму народу лічыць Днём незалежнасці дату 3 ліпеня. Бо ў той дзень у 1944 годзе ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў вызвалены Мінск. Канешне, да беларускай незалежнасці гэтая падзея мае найменшае з усіх вышэйадзначаных дат дачыненне. Хаця і адмаўляць у яе важнасці нельга. Усё ж пасля другой сусветнай вайны беларуская рэспубліка займела месца ў ААН, набыла рысы хоць фармальнага, бо ўваходзіла ў склад СССР, але ж суверэнітэту. І, палажыўшы руку на сэрца, варта сказаць, што трэцяму ліпеня найбольш падыходзіць называцца менавіта Днём Рэспублікі і ніяк інакш, калі ўвогуле змяшчаць дату ў пераліку дзяржаўных свят Беларусі.

На працягу амаль усіх папярэдніх гадоў з вуснаў прадстаўнікоў беларускай улады падкрэслівалася, што незалежнасць краіны можа быць дасягнута толькі праз інтэграцыю з Расіяй і яднанне двух славянскіх народаў. Калі ж з мінулага года Расія стала больш канкрэтна падыходзіць да пытанняў „саюзнага будаўніцтва”, на паверхню палітыкі выйшла столькі супярэчнасцей у поглядах на „яднанне” паміж саюзнікамі, што паўстае пытанне — аб чым можна было беларускаму прэзідэнту амаль дзесятак гадоў дамаўляцца, каб цяпер казаць аб нейкай інфармацыйнай вайне з боку Расіі і жаданні абстрактных расійскіх алігархаў паглынуць беларускую эканоміку. Ужо і расійскі рубель непатрэбны, калі не даюць ім кіраваць. У выніку ў палітыцы Беларусі адбыўся разварот на 180 градусаў — ад „яднання” да ўсхвалення незалежнасці, якую ніякім чынам нельга страціць. Карані ж гэтай незалежнасці, калі разумець А. Лукашэнку, маюць свой пачатак у часах другой сусветнай вайны, партызанскім руху. Даволі цікавая выснова, асабліва зважаючы на тое, што ў іншых краінах момант узнікнення прагі да незалежнасці таго ці іншага народа стараюцца шукаць недзе ў глыбіні стагоддзяў.

Хаця нейкая логіка ў новых ідэалагічных накірунках беларускай улады ёсць. Праз пэўны час, калі ў „інтэграцыі” адчуецца пацяпленне і беларуска-расійскія ўзаемаадносіны выйдуць на „новы якасны ўзровень”, можна будзе падкрэслена казаць аб тым, што ў вайне мы змаглі перамагчы толькі разам.

Аднак не ўсё так дрэнна. Бо нарэшце з вуснаў улады загучалі паважлівыя словы да незалежнасці ўласнай краіны. Можа гэта і часова, і праз супрацьпастаўленне сваіх парадкаў парадкам іншых краін ды міжнародным правілам, але ўсё ж такі, здаецца, застанецца неблагая глеба для незалежнага дэмакратычнага будучага сённяшняй аўтакратычнай Беларусі.