Ніва № 29 (2462), 20 ліпеня 2003 г.

Дзень незалежнасці

Аляксандр МАКСІМЮК

Сёлетняму адзначэнню Дня незалежнасці Беларусі спадарожнічала ў Беластоку некалькі значных падзей. Першаю з іх быў візіт намесніка міністра замежных спраў Беларусі Аляксандра Герасіменкі і беларуска-польскія перамовы 4 ліпеня г.г. наконт памежнага супрацоўніцтва рэгіёнаў Беларусі і Польшчы. У перамовах, між іншым, удзел узялі падляшскі і люблінскі ваяводы, маршалак люблінскага ваяводства, прадстаўнік польскага міністэрства замежных спраў, прадстаўнікі гродзенскай і брэсцкай абласцей, пасол Беларусі ў Польшчы Павел Латушка і генеральны консул гэтай краіны ў Беластоку Леанід Каравайка. Прадстаўнікі Падляшша на гэтых перамовах назвалі іх польска-беларускай сустрэчай на найвышэйшым узроўні.

Другой падзеяй прымеркаванай да святкавання Дня незалежнасці было адкрыццё 4 ліпеня новай сядзібы генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку па вул. Электрычнай, 9. Абедзве падзеі адбыліся адна за адной, дык састаў запрошаных на адкрыццё гасцей быў і дастойны, і высокага ўзроўню — у адкрыцці, з ліку яшчэ не пералічаных, удзельнічалі паслы Расіі, Украіны і Казахстана.

Віцэ-міністр А. Герасіменка выказаў перад дзвярыма новай сядзібы генконсульства спадзяванне, што будуць яны — дзверы — шырока адкрыты для грамадзян Польшчы і Беларусі. „Я шчыра спадзяюся, — сказаў А. Герасіменка, — што мяжа не стане ні жалезнай, ні аксамітнай заслонай”. Віцэ-міністр прывітаў адтэрмінаванне Польшчай візаў для беларусаў, але падкрэсліў, што ва ўсім гэтым працэсе трэба бачыць і інтарэсы звычайных грамадзян. Анджэй Залуцкі ад міністэрства замежных спраў Польшчы пажадаў персаналу генконсульства плённай працы ў карысць збліжэння беларускага і польскага грамадстваў, а затым аркестр добраахвотніцкай пажарнай стражы з Сухаволі адыграў гімны Беларусі і Польшчы, над консульствам залунаў беларускі сцяг і афіцыйнае адкрыццё закончылася. Пасля дастойныя госці перайшлі ў недалёкую гасцініцу „Галэмбеўскі” на прыём.

Святкаванне ў Беластоку беларускімі дыпламатамі Дня незалежнасці — добрая нагода для назірання зменаў у палітычных, але не толькі, звычаях, якія адбываюцца ў суседняй краіне. Пералік тых зменаў можна пачаць з самага істотнага — мяняецца сама дата святкавання. Дзень 3 ліпеня — гадавіна вызвалення ў 1944 годзе Мінска — быў устаноўлены святам незалежнасці ў выніку рэферэндуму 1996 года. Да гэтага часу адроджаная Беларусь сваю незалежнасць святкавала 27 ліпеня — у гэты дзень у 1990 годзе Вярхоўны Савет прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Другая перамена, якая злёгку адчувалася ў паветры, заключаецца ў тым, што 4 ліпеня 2003 г. у Беластоку нібыта адкрывалася не новая сядзіба, а само генконсульства. Калі прамоўцы віталі персанал дыпламатычнага прадстаўніцтва і гасцей з гэтай падзеяй, дык усё тое атрымлівалася, быццам на Электрычнай, 9 адкрываецца не новы будынак, а ўстанаўляецца консульскае прадстаўніцтва. Пра тое, што прадстаўніцтва працуе ў нашым горадзе больш за 10 гадоў, ужо не згадвалася. Гэтае (неафіцыйнае) бяспамяцтва Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да Беларусі Станіслава Шушкевіча ў нечым знамянальнае.

Нельга абысці ўвагай і пэўныя новыя элементы ў мове дыпламатаў — кіраўнікоў абласцей у Беларусі завуць цяпер губернатарамі. Мабыць, у самой Беларусі тэрмін увайшоў ужо ў норму, але для мяне прагучаў шурпата, бо ад калі адроджаная Беларусь дзеліцца на тыя губерні?

Падзеі і сустрэчы на высокім узроўні працягваліся. 5 ліпеня віцэ-міністр А. Герасіменка сустрэўся з кіраўніцтвам Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ). На сустрэчы той А. Герасіменка паабяцаў дзяржаўную падтрымку для беларускай супольнасці ў Польшчы. Старшыня БГКТ Ян Сычэўскі падкрэсліў ролю такой падтрымкі і добрых адносін яго арганізацыі з беларускім урадам. Дэкларацыю падтрымкі паўтарыў яшчэ пасол Беларусі П. Латушка ў Белавежы на сустрэчы з членамі Літаратурнага аб’яднання „Белавежа” Георгіем Валкавыцкім і Аленай Анішэўскай. Пасол павіншаваў іх з 45-годдзем арганізацыі ды адзначыў ролю, якую Аб’яднанне „Белавежа” адыграла ў захаванні беларускай культуры і гістарычнай спадчыны. Удзельнікі сустрэчы пагадзіліся, што трэба ўзнавіць супрацоўніцтва Аб’яднання з беларускімі дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі.