Ніва № 29 (2462), 20 ліпеня 2003 г.

Экстравагантнасць і боль у бетоне

Ганна КАНДРАЦЮК

O, Jezu! Co on znowu wymyslil... — старэйшая жанчына хапаецца за голаў. На прапанову сябры, каб мінуць выстаўку, рашуча пратэстуе: No wiesz co, Tadek?!

Лёнік Тарасэвіч зноў заатакаваў экстравагантнасцю. Уваход на яго „Мастацтва” — так завецца выстаўка — прымушае развітацца з традыцыйным наведваннем галерэі. Па карцінах трэба ступаць, назіраць іх з усходаў або са спецыяльна сканструяваных вышак. І парадаксальна, гэты прыём дзейнічае як магніт. Наведвальнікі ідуць сюды як заварожаныя, міжвольна, прытым соляць жывыя, зусім не мастацкія каментары:

— Jak oni to teraz posprzataja! — „абураецца” згаданы пан Тадэк.

У першай зале чакае нас агрэсіўнае мора колераў і незвычайны досвед. Па жоўта-чырвона-блакітнай карціне ўфармаванай з бетону трэба ступаць нагамі. Пасярэдзіне крыважэрнага мора — тры бетонамяшалкі. Знутры выцякае застылая маса.

Голас з нутра

Выстаўка, якая з 23 чэрвеня г.г. працуе ў Цэнтры сучаснага мастацтва ва Уяздоўскім замку ў Варшаве, па сутнасці — працяг праекта, які мастак паказаў у Польскім павільёне на 49 Біенале сучаснага мастацтва ў Венецыі ў 2001 годзе. Адначасова перасякае яго, ставіць новы крок у пошуках мастака.

— Калі ласка, зважайце на лесвіцы, — папярэджвае асістэнтка, сядзячая паміж заламі.

У другім памяшканні глядач прываблены ў сярэдзіну мастацкага вобраза. Навокал адмыслова расстаўлены рыштаванні і лесвіцы. Карціну назіраем з „нутра” і згары. Разнавідныя перспектывы ўнушаюць назіраць вобраз вертыкальна, гарызантальна, згары, знізу. Жалезныя рыштаванні і ўсходы выконваюць не толькі практычную ролю. Напамінаюць каркас рытуальнай будоўлі, якую ўзносіць мастак.

Глядач адчувае загубленасць, карціна пачынае дамінаваць і гнесці яго. Гэтую залу наведвальнікі пакідаюць амаль „уцякаючы”.

Падземным шляхам на вышкі

Працяг выстаўкі зноў шакіруе сваёй кантрастнасцю. У чарговай, белай зале стаіць шасцікутнік. Чырвоны бетонны манумент, без доступу ў сярэдзіну. Фігура бачыцца як помнік, кідае кружыць вакол сябе. Дарогу ў далейшую гісторыю выстаўкі знаходзім у правым баку) залы. Перад намі адкрываецца аранжава-чырвоны падземны тунель. Блакітнай сцежкай-калідорам рухаемся чым хутчэй у крайнюю вежу замка. Падземная вандроўка выклікае млосць і страх, аднак перспектыва новага вобраза цягне ўперад. У канцы наведвальнік атрымае ўзнагароду — аддышку. За аранжавым памяшканнем віднее акно з панарамай на стары парк.

Паасобныя этапы выстаўкі, крок за крокам, авалодваюць сваёй татальнай вобразнасцю, рытмам лесу каркаса. Глядач не ў змозе спыніцца даўжэй нават ля акна з дрэвамі. Збіты з панталыку чамусьці зноў вяртаецца ў залу з бетонамяшалкамі. Тут адшукае „штосьці” — ці не мэту пошукаў?

У пакойчыку гарызантальна пастаўлены блакітна-чырвона-жоўтыя карціны на рыштаваннях. Па драўляных лесвіцах падымаемся на вышкі. Уверсе відаць прыхаваную ад вачэй карціну. Адкрыццё ашарашвае і напаўняе шчасцем.

— Ці не патрабуеце часам дапамогі? — азываецца знізу асістэнтка. Каб спусціцца з круцёлкай у галаве на зямлю, гледачы часта карыстаюцца „чатырма нагамі”.

Татальны Лёнік Тарасэвіч

Выстаўка Лёніка Тарасэвіча нарабіла шуму, якога ўжо даўно не ведала мастацкае асяроддзе ў Польшчы. На яе глядзяць шматбакова і шматкрытычна. „Мастацтва” бачыцца не толькі як аповед пра працэс узнікання мастацтва. Гэта штуршок для спрэчак пра межы сучаснага мастацтва. Ці не прыйшоў канчаткова канец класічнаму яго разуменню? Іншыя бачаць тут пачатак новай з’явы.

Лявон Тарасэвіч ідзе спераду сучасных мастакоў Польшчы. Яго поспех — у адважным перасяканні заваяваных ім межаў і творчай шчырасці. Прытым, усе новыя этапы — паслядоўнасць папярэдняга працэсу. Тарасэвіч згодна з логікай паслядоўнасці вымушаны прабівацца да канца. Сучасная крытыка, невыпадкова, яго творчасць заве „татальным мастацтвам”.

Мастак родам з Валілаў што на Гарадоччыне татальны ў вернасці сваім караням і крыві. Пры кожнай нагодзе адзначае сваю вязь з беларушчынай і Беласточчынай.

* Лявон Тарасэвіч
Мастацтва
ГАЛЕРЭЯ 2
23 чэрвеня — 7 верасня 2003 г.
Куратар: Міляда Слізінская
Выстаўка працуе пад ганаровым патранатам Міністра культуры РП Вальдэмара Дамброўскага.