Ніва № 28 (2461), 13 ліпеня 2003 г.

А ў Курашаве заўсёды спявалі

Аляксей МАРОЗ

З нагоды дваццаціпяцігоддзя дзейнасці вакальнага калектыву „Незабудкі” 22 чэрвеня наладжаны быў у Курашаве беларускі фэст. Яго арганізатары — войт Чыжоўскай гміны, Вясковая рада Курашава, калектыў „Незабудкі” і Гмінны асяродак культуры ў Чыжах запрасілі на мерапрыемства беларускія калектывы з Чыжоўскай і суседніх гмін. Іх выступленні папоўніў калектыў „Грымата” са Слоніма. На фэст прыбылі старшыня Галоўнага праўлення БГКТ і член управы Ваяводскага сейміка Ян Сычэўскі і стараста Гайнаўскага павета Уладзімір Пятрочук.

Мерапрыемства распачалося з канцэрта калектыву „Незабудкі”. Жанчыны з Курашава заспявалі новаапрацаваныя песні і вярнуліся да старога рэпертуару. Ад самага пачатку спяваюць у калектыве Ніна Грыгарук, Яніна Грыгарук і Мар’я Яканюк. Ніна Грыгарук з’яўляецца кіраўніком калектыву. Працуючы ў вясковым клубе ў Курашаве кіравала яна дзейнасцю калектыву і арганізавала вясковае культурнае жыццё. У вялікім мураваным клубе былі арганізаваны сустрэчы і танцы.

— Раней было інакш, бо былі мы маладыя. Хацелася спяваць і выступаць. Цяпер мы старэйшыя. Няма ўжо такога слыху і галасы слабейшыя, — кажа Ніна Грыгарук. — Аднак мы не здаемся і выступаем надалей. Калі будуць спонсары, будзем яшчэ ездзіць на агляды і канцэрты.

Зараз у калектыве „Незабудкі” спяваюць шэсць жанчын. Апрача ўзгаданых выступаюць Ірэна Заянчкоўская, Ірэна Несцярук і Зінаіда Мартынюк. На акардэоне акампаніруе ім Сяргей Аўксянцюк.

— Я сустракаўся з „Незабудкамі” з Курашава з 1987 года. Прэзентавалі яны вельмі добры ўзровень. Мелі свае непаўторныя песні. Ніна Грыгарук умее пакіраваць хорам, падбірае адпаведны рэпертуар, які радуе і весяліць публіку, — успамінае інструктар Ваяводскага асяродка анімацыі культуры Сцяпан Копа. Уручыў ён калектыву з Курашава пахвальную грамату ад дырэктара ВААК Анджэя Дырдала. Ірэна Заянчкоўская атрымала ад міністра культуры адзнаку „Заслужаны дзеяч культуры”. Іншыя члены калектыву атрымалі такія адзнакі ў 1997 годзе, калі святкавалі дваццацігадовы юбілей. Як заявіла Ніна Грыгарук, дата ўзнікнення калектыву ўмоўная. Першы раз жанчыны з Курашава спявалі ў час павятовых дажынак у Гайнаўцы ў 1974 годзе. Аднак пастаянна пачалі выступаць пасля дажынак у Курашаве ў 1977 годзе і гэтую дату прынялі за момант заснавання калектыву. У мінулым годзе не атрымалася наладзіць юбілейнае спатканне і таму сёлета „Незабудкі” святкуюць юбілей. Затое мерапрыемства прайшло вельмі ўдала. Выступілі „Арэшкі”, „Тыневічанкі”, „Чыжавяне” і „Збучанкі”, якія заспявалі мясцовыя фальклорныя песні. Калектыў „Грымата” зацікавіў публіку песнямі запісанымі ў Беларусі. Толькі дождж перашкодзіў канцэрту пад адкрытым небам. Арганізатары вымушаны былі перанесці мерапрыемства ў клуб. Побач жыхароў Курашава сабраліся людзі з суседніх вёсак і ўсе гледачы не памясціліся ў вялікай канцэртнай зале. Некаторыя слухалі беларускіх песень, стоячы звонку клуба.

У час віншавальных выступленняў „Незабудкі” пачулі многа цёплых слоў. Войт Чыжоўскай гміны Юрый Васілюк гаварыў, што калектыў вельмі ўдала расслаўляе сваю гміну па-за яе межамі. Заўважыў, што жыхары Курашава ўмеюць захаваць аўтэнтычны фальклор. Сям’я Несцерукоў з Курашава, якая выступала на фэсце, таксама адклікалася да фальклорных беларускіх песень. Лозунг „А ў Курашаве заўсёды спявалі”, які ўзнік у мінулым, сёння не страціў на актуальнасці. Два калектывы з Курашава ўмела працягваюць вясковыя традыцыі. Прымаюць удзел у фэстах і канцэртах.

Да пахвальных слоў войта далучыліся госці. Кветкі і падарункі атрымалі „Незабудкі” ад прадстаўнікоў самаўрадавых улад і членаў прыбылых калектываў. Паколькі жанчыны з калектыву спяваюць у царкоўным хоры, вялікі букет кветак перадаў ім настаяцель прыхода ў Курашаве. Пасля юбілейнага канцэрта наладжаны быў абед. У час вясковай забавы іграў маладзёжны калектыў.