Ніва № 27 (2460), 6 ліпеня 2003 г.

Шмат нас

Яўген МІРАНОВІЧ

Вынікі перапісу насельніцтва з 2002 года для беларусаў вельмі аптымістычныя. Ёсць нас у Польшчы 48,7 тысяч. Амаль кожны трэці праваслаўны на Беласточчыне акрэсліў сябе беларусам. Ведаючы настроі ў Беластоку я спадзяваўся, што вынік атрымаецца напалову горшы.

Калі ў 1983 г. я ўпершыню спрабаваў акрэсліць адсотак беларусаў сярод праваслаўных, пасля шматмесячных апытанняў выйшла мне, што толькі 26,3% назвала сябе беларусамі, 28,5 — палякамі, 31,5 — рускімі, 2 — украінцамі, астатнія — 11,3% — тутэйшымі. Дзесяць гадоў пазней сацыёлаг Анджэй Садоўскі правёў больш грунтоўныя даследаванні і атрымалася яму, што адсотак беларусаў большы толькі на адзін працэнт. Рашуча пабольшыўся толькі адсотак палякаў. Праз дзесяць гадоў пераважная большасць рускіх і тутэйшых назвала ўжо сябе палякамі. Быў гэта перыяд узнікнення і вельмі актыўнай дзейнасці беларускіх арганізацый. Аказваецца, што не мелі яны ніякага ўплыву на тутэйшых ці рускіх, якія маланкава, у новых палітычных умовах, пераўтварыліся ў праваслаўных палякаў. Паспрыяла гэтаму таксама палітыка царкоўных улад, якія шукалі шляхоў прыстасавання да новай палітычнай сітуацыі пасля 1989 г.

Мінулагодні перапіс паказаў толькі замацаванне існуючага падзелу сярод праваслаўных — на беларусаў і палякаў. Зразумела, што адзіны фактар, які стрымоўваў і ў будучыні можа запавольваць працэс паланізацыі гэта беларуская культура і актыўнасць яе стваральнікаў. На якую-небудзь дапамогу, хаця б маральную, з боку лукашэнкаўскай Беларусі нельга спадзявацца. У Польшчы адчуваецца, што ўзрастае хваля нацыянальнага рамантызму. Заўсёды ў такой сітуацыі беларусы імкнуліся недзе схавацца. Гэтая маскіроўка зусім, дарэчы, непатрэбная, таму што і так, нават у такой вёсцы як Беласток, усе пра ўсіх усё ведаюць.

Найбольш нечаканымі атрымаліся вынікі перапісу ў заходніх ваяводствах. Пасля доўгіх дзесяцігоддзяў мэтанакіраванай асіміляцыі 175 тысяч сілезцаў не захацела быць толькі этнічнай польскай групай і назвала сваю нацыянальнасць сілезскай. Хаця ніхто ў краіне такой нацыянальнасці не прызнае, але вынік перапісу паказвае, што яна існуе ў сапраўднасці і гэта ўжо не толькі выдумка некалькіх дзеячаў. Таксама 5,1 тыс. кашубаў адмовілася быць этнаграфічнай польскай групай і выразна прадэманстравала нацыянальныя імкненні. Ва ўмовах ліберальнай палітыкі апошніх гадоў, вымушанай, дарэчы, патрэбамі інтэграцыі з Еўрапейскім Саюзам, на захадзе краіны сярод аўтахтонаў выразна пачалі ўзнікаць структуры спрыяючыя рэгіянальнаму сепаратызму. Больш за 750 тысяч грамадзян, у большасці з заходніх ваяводстваў, зусім не захацелі назваць свае нацыянальнасці. Палякі не маюць ніякіх прычын яе скрываць. Усё паказвае, што пры спрыяльных умовах праз пару гадоў колькасць сілезцаў і немцаў можа рашуча пабольшыцца. Адначасова сведчыць гэта і пра тое, што палякі не маюць ніякай прыцягальнай сілы як нацыя на сваіх заходніх акраінах.

Найбольш паспяхова прайшла асіміляцыя ўкраінцаў. Аказваецца, народ пазбаўлены свае зямлі і раскіданы на шырокай тэрыторыі не мае вялікіх шанцаў захаваць тоеснасць нават пры спрыяльнай ім палітыцы дзяржавы. Пасля вайны на тэрыторыі Польшчы асталося не менш 160 тысяч украінцаў і лэмкаў. Перапіс паказаў што першых асталося толькі 31 тысяча, другіх — 5,9 тысячы. Кампактнасць пражывання беларускага насельніцтва ў Гайнаўскім і Бельскім паветах дала добры вынік беларусам падчас перапісу. Там нават чыноўнікі не асмельваліся навязваць людзям г.зв. дзяржаўную нацыянальнасць. У Беластоку рассеянасць беларускага насельніцтва выразна дае пачуццё пражывання ў польскім нацыянальным акружэнні. Схільнасць прыстасавацца да патрабаванняў гэтага акружэння і адсутнасць нацыянальнай салідарнасці ўплывае на яго пастаяннае скарачэнне.

Наступны перапіс насельніцтва павінен адбыцца ў 2012 г. Усё паказвае, што ў Польшчы паменшыцца адсотак палякаў. Патэнцыяльных праваслаўных палякаў надта мала, каб маглі яны кампенсаваць затраты на захадзе краіны, дзе вельмі дынамічна этнічныя групы пачалі пераўтварацца ў маладыя народы.