Ніва № 27 (2460), 6 ліпеня 2003 г.

Візіт журналістаў

Па запрашэнні Бюро еўрапейскай інтэграцыі Падляшскай ваяводскай управы, у рамках супрацоўніцтва з консульствам РП у Гродне, Падляшша наведалі тры беларускія журналісткі з Беларускай асацыяцыі журналістаў. Былі яны запрапанаваны БАЖ з немалой групы і адабраны якраз яны, каб прадставіць пасля ў сваіх газетах — „Glos znad Niemna”, „Вечерний Гродно” і „Беларуская газета” ў Мінску — між іншым накірункі і формы трансгранічнага супрацоўніцтва, падрыхтоўку падляшскага рэгіёна да ўваходу краіны ў Еўрасаюз (шанцы і пагрозы), выкарыстанне ў рэгіёне сродкаў з еўрапейскіх фондаў, структуру і прынцыпы функцыянавання сацыяльнай апекі ў нашым рэгіёне. Пабывалі яны, апроч Беластока — у Аўгуставе, дзе пазнаёміліся са структурай і функцыянаваннем тэрытарыяльнага самаўрада, актуальным станам і перспектывамі развою горада, наведалі Гарадскі цэнтр сацыяльнай дапамогі (лаўрэат узнагароды прэм’ера РП), знаёміліся з майстэрнямі заняткавай тэрапіі, а таксама наведалі Аўгустаўскі канал (цікавіліся выкарыстаннем еўрапейскіх сродкаў і актуальнымі інвестыцыямі на канале). У Белавежы пазнаёміліся з аховай вялікіх лясных абшараў на прыкладзе Белавежскай пушчы, у Кузніцы — з праблемамі пагранпераходаў і мытнай абслугі. У Беластоку сустрэліся з прадстаўнікамі Падляшскага фонду рэгіянальнага развою — сустрэча была арганізавана Аддзелам скарбу і маёмасных пераўтварэнняў. Пабывалі таксама ў Цэнтры грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь, дзе пазнаёміліся з праграмай і метадамі дзейнасці гэтай арганізацыі.

Не прыбыў, на жаль, на студыйны візіт запрошаны прадстаўнік гродзенскай абласной адміністрацыі.

(куша)