Ніва № 27 (2460), 6 ліпеня 2003 г.

Грашова-палітычны цырк

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Сітуацыя вакол беларуска-расійскай інтэграцыі ўсё больш нагадвае трагікамедыю. Асабліва гэта тычыцца аб’яднання грашовых сістэм.

Аб тым, што пераход на расійскі рубель вось-вось адбудзецца ў Беларусі гавораць з 1993 года. Час ад часу нават шмат хто з народу пачынаў верыць у гэтыя прагнозы. Але час ішоў, а нічога падобнага не адбывалася. Разам з тым і беларускі рубель не станавіўся больш-менш сур’ёзнай валютай, так і застаючыся фармальна толькі разліковым білетам Нацыянальнага банка РБ. Гэта зразумела, бо ні эканоміка, ні фінансавая палітыка дзяржавы не садзейнічалі ўмацаванню беларускіх „зайцоў”, пераўтварэнню іх у канвертавальную валюту.

У такіх варунках, відаць, была нейкая логіка, калі ўлады, хоць і на словах, імкнуліся да цалкавітай валютнай інтэграцыі з больш стабільным і больш моцным расійскім рублём. Праўда, пастаянна гэтаму аб’яднанню нешта перашкаджала.

Апошнюю „перашкоду” варта разгледзець падрабязней.

У пачатку чэрвеня ў Мінск завіталі даволі важныя расійскія госці — віцэ-прэм’ер, міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын і старшыня Цэнтральнага банка Сяргей Ігнацьеў. Мэта візіту такіх „фінансавых” асоб відавочная — вырашыць, нарэшце, праблему аб’яднання грашовых сістэм абедзвюх краін. А калі больш канкрэтна — вырашыць пытанне аб пераходзе Беларусі на расійскі рубель. Аб гэтым ужо гаварылася многа і тым больш, што гэтага, нібыта, прагнуць усе беларусы. Вынікі візіту і сустрэч з прадстаўнікамі беларускага Нацыянальнага банка і прэзідэнтам А. Лукашэнкам, пададзеныя расійскай і беларускай прэсай, гаварылі аб „канчатковым” вырашэнні ўсіх праблем, асноўная з якіх — праблема эмісіі хоць і расійскіх, але „без пяці хвілін” саюзных грошай. Беларускі бок на працягу ўсяго перыяду грашовай інтэграцыі настойваў на роўныя правы ў магчымасці вырашаць колькі банкнот таго ці іншага наміналу варта друкаваць. Пры гэтым тое, што эканоміка Беларусі гэта толькі 1/25 частка расійскай пад увагу не бралася. Расіян такі падыход, вядома, не задавальняў. І вось пасля 7 чэрвеня (дня візіту расійскіх прадстаўнікоў) беларускі бок вуснамі намесніка старшыні Нацыянальнага банка Паўла Калаўра, загаварыў аб тым, што „мы ніколі не прэтэндавалі на права эмісіі наяўных расійскіх грошай, прызнаючы за Банкам Расіі ягонае выключнае права на выкананне гэтых функцый”. У абмен на згоду, расійскі бок пагаджаўся ўвесці двух прадстаўнікоў Нацбанка Беларусі ў склад рады дырэктараў Цэнтральнага банка Расіі.

Нават 17 чэрвеня аб хуткім збліжэнні пазіцый галоўных банкаў абедзвюх краін у Санкт-Пецярбургу гаварылі кіраўнікі ўрадаў Расіі і Беларусі — Міхаіл Касьянаў і Генадзь Навіцкі. А ўжо назаўтра „грукатнуў гром”. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рашэнне аб эмісіі мае прымаць толькі адмыслова створаная з роўнай колькасці расіян і беларусаў Міжбанкаўская рада. Далей ішлі сенсацыя за сенсацыяй. Аказваецца перайсці на агульную валюту можна будзе толькі тады, калі будуць выконвацца ўсе ранейшыя эканамічныя пагадненні паміж дзяржавамі, ды і ўвогуле ўвядзенне адзінай валюты для беларускіх улад — не самамэта. Да таго ж пытанне настолькі сур’ёзнае, што варта даведацца, што думае на гэты конт беларуская апазіцыя, дзе, па словах А. Лукашэнкі, „есть два-три толковых человека”.

Канешне ж, добра, што галава дзяржавы прызнаў у прадстаўнікоў апазіцыі наяўнасць розуму і гэтым самым зрабіў ім неблагую рэкламу. Праўда, усім вядома, што сярод апазіцыі, што прагне незалежнасці Беларусі і дэмакратыі, няма ніводнага чалавека, які б вітаў страту нават маленечкай часткі суверэнітэту сваёй дзяржавы, не гаворачы ўжо аб перспектыве знікнення яе грошай. Горш тое, што беларускі прэзідэнт вельмі лёгка мяняе накірункі палітыкі краіны, што выстаўляе Беларусь папросту несур’ёзным эканамічным партнёрам, у даным выпадку з Расіяй. А яшчэ больш прыкра, што беларускім грамадзянам не застаецца нічога іншага як прыносіць свой дабрабыт, аўтарытэт уласнай краіны ды і яе незалежнасць на алтар нечай палітычнай гульні, сэнс якой надзвычай трывіяльны — хто мае грошы, той мае ўладу.