Ніва № 26 (2459), 29 чэрвеня 2003 г.

Стацкі саветнік Ігнат Даніловіч

Сяргей ГАБРУСЕВІЧ

Сёлета спаўняецца 160 гадоў з дня смерці Ігната Даніловіча. У апошнія гады, дзякуючы даследаванням сяброў Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы і перш за ўсё працам Алега Латышонка і Базыля Белаказовіча, высветлена яго роля ў стварэнні нацыянальнай гістарыяграфіі і навуковага беларусазнаўства, распрацоўцы беларускай нацыянальнай ідэі.

Значна менш мы ведаем аб жыцці і навукова-педагагічнай дзейнасці Ігната Даніловіча, асабістых дабрачыннасцях гэтай велічнай постаці нацыянальнай культуры. У пэўнай ступені ліквідаваць гэты недахоп дазваляюць крыніцы, знойдзеныя ў бібліятэках Расіі і, у прыватнасці, „Біяграфічны слоўнік прафесараў і выкладчыкаў імператарскага Маскоўскага універсітэта”, які пабачыў свет у 1855 годзе.

У артыкуле, прысвечаным прафесарскай дзейнасці Ігната Даніловіча гаворыцца, што ён выйшаў у адстаўку па стане здароўя ў 1842 годзе, праслужыўшы ва універсітэтах Расіі 28 гадоў і дасягнуўшы чыну стацкага саветніка паводле табелю аб рангах. Табель аб рангах, уведзены Пятром I у 1722 годзе замест радавітасці ў службовай дзейнасці ўлічваў асабістыя заслугі, здольнасці, адукацыю, вопыт. Падзяляў усе пасады ў арміі, флоце і цывільным апараце на 14 класаў. Самым нізкім быў 14 клас, якому адпавядаў чын калежскага рэгістратара, самым высокім — першы, якому адпавядаў чын канцлера.

Чын стацкага саветніка адносіўся да пятага класа і адпавядаў пасадзе віцэ-губернатара, генерал-маёра ў арміі або контр-адмірала ў флоце і да 1856 года даваў права на патомнае дваранства.

Сярэднюю адукацыю Ігнат Даніловіч атрымаў у Ломжынскай гімназіі. У 1810 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага універсітэта. Падчас Напалеонаўскай вайны 1812 года, калі універсітэцкія курсы былі прыпынены, прыняў пасаду сакратара французскага губернатара Фер’е ў Беластоку, якую выконваў да адступлення французскай арміі.

Віленскі універсітэт закончыў у 1814 годзе з вучонымі ступенямі кандыдата і магістра і ўзнагародай, якая прызначалася выбітнейшым студэнтам. У гэтым жа годзе распачалася ягоная навукова-педагагічная дзейнасць у якасці выкладчыка мясцовага права.

У 1814-1818 гадах Ігнат Даніловіч дасканаліў свае веды і педагагічнае майстэрства ў Варшаўскім, Санкт-Пецярбургскім і Маскоўскім універсітэтах. Пасля вяртання ў Віленскі універсітэт заняў кафедру рускага грамадзянскага і крымінальнага права і польска-літоўскіх законаў. У 1819 годзе атрымаў званне ад’юнкта, а ў 1822 годзе — экстраардынарнага і затым ардынарнага прафесара.

Прафесарская дзейнасць Ігната Даніловіча доўжылася 20 гадоў у Віленскім, Харкаўскім, Кіеўскім і Маскоўскім універсітэтах. Ягоныя біёграфы падкрэсліваюць, што ён пераходзіў з аднаго універсітэта ў другі па загадзе міністра народнай адукацыі Расіі і асабістым жаданні. У Маскоўскім універсітэце Ігнат Даніловіч працаваў у 1838-1842 гадах. Чытаў законы добраўпарадкавання і благачыннасці, а таксама мясцовыя законы заходніх губерняў. Працуючы ў Харкаўскім, Кіеўскім, Маскоўскім універсітэтах чатыры разы абіраўся дэканам юрыдычнага факультэта.

У 1830 годзе ў сувязі з узніклым праектам падрыхтоўкі законаў для заходніх губерняў Расійскай імперыі, прафесар Даніловіч быў адкліканы з Харкаўскага універсітэта ў другое аддзяленне Уласнай Яго Вялікасці Канцылярыі ў якасці рэдактара, дзе некалькі гадоў працаваў над падрыхтоўкай Статута законаў, за што быў узнагароджаны Ордэнам св. Анны II ступені.

Прафесар Ігнат Даніловіч карыстаўся павагай студэнтаў і калег, да яго прыхільна ставіліся кіраўнікі універсітэтаў і чыноўнікі Міністэрства народнай адукацыі. Падставай для гэтага былі яго энцыклапедычная адукаванасць, аратарскія здольнасці, веданне асноўных еўрапейскіх моў. Ён не толькі размаўляў на лацінскай, французскай, нямецкай і рускай мовах, як на сваёй роднай, але і пісаў на гэтых мовах навуковыя працы. У прыватнасці, яго даследаванне „Гістарычны нарыс літоўскага заканадаўства” першапачаткова было напісана і выдадзена па-нямецку.

Ігнат Даніловіч пакінуў значную навуковую спадчыну. Сярод яго асноўных прац „Бібліяграфічнае апісанне літоўскага статута”, „Гістарычнае даследаванне пра цыганоў”, „Статут Казіміра IV як помнік Літоўскага заканадаўства XV стагоддзя”, „Аб медалях і кабінетах Нясвіжскім і Харкаўскім”, „Заўвагі пра іпатэку”, „Гістарычны погляд на ўзнікненне старажытных славянскіх гарадоў да XIII стагоддзя” і іншыя. Ён удзельнічаў у рэдагаванні „Кнігі пасольскай Метрыкі Вялікага княства Літоўскага”, якая пабачыла свет у 1843 годзе ў Маскве ў двух тамах. Навуковыя працы Ігната Даніловіча сведчаць аб яго глыбокай вучонасці і арыгінальнасці падыходаў да даследавання старажытных помнікаў славянскага заканадаўства.

Прафесар Ігнат Даніловіч памёр 30 чэрвеня 1843 года ў горадзе Грэфенбергу і там жа быў пахаваны.

Біяграфічны слоўнік прафесараў і выкладчыкаў імператарскага Маскоўскага універсітэта не толькі значна дапаўняе нашыя ўяўленні аб жыцці і навукова-педагагічнай дзейнасці прафесара Ігната Даніловіча, але і ставіць шэраг пытанняў, якія патрабуюць адмысловых даследаванняў. Адно з такіх пытанняў — гэта год нараджэння Ігната Даніловіча. У сучасных беларускіх энцыклапедычных выданнях падаюцца дзве даты нараджэння Ігната Даніловіча. Энцыклапедычны даведнік „Мысліцелі і асветнікі Беларусі” (1995) лічыць, што Ігнат Даніловіч нарадзіўся 30 ліпеня 1788 года, а „Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” (1996) і „Беларуская энцыклапедыя” (1998) — 30 ліпеня1787 года. Біяграфічны слоўнік, аб якім вышэй ішла размова, падае часам нараджэння Ігната Даніловіча 1789 год. Артыкулы да слоўніка пісалі вучні прафесараў Маскоўскага універсітэта. Яны грунтаваліся на службовых спісках прафесараў і выкладчыкаў універсітэта, якія захоўваюцца ў яго архівах. І таму, на наш погляд, дакладны час нараджэння прафесара Ігната Даніловіча патрабуе навуковага ўдакладнення. Але гэта справа адмысловага даследавання.