Ніва № 26 (2459), 29 чэрвеня 2003 г.

Еўрапеізацыя Беласточчыны

Яўген МІРАНОВІЧ

Першыя тыдні пасля еўрапейскага рэферэндуму мінулі ў Польшчы цалкам нармальна. Прэм’ер-міністр Лешак Мілер адклікаў усе свае ранейшыя абяцанні пра датэрміновыя выбары, ініцыяваў у Сейме спектакль пад загалоўкам „парламенцкая большасць падтрымлівае ўрад”. Палітыкі заняліся сабою, адны адных абвінавачваюць, але ніхто ўжо нават не апраўдваецца. Найбольшае адхіленне ад этычных норм не выклікае ніякіх паслядоўнасцей. Нават шляхта ў ХVІІ стагоддзі была менш разбэшчана чым сучасныя грамадскія эліты. Карупцыя дасягнула такіх маштабаў, што нават каталіцкія епіскапы вырашылі прыняць спецыяльную пастанову ў гэтай справе, заклікаючы стрымаць шаленства расцягвання публічнай маёмасці.

На беластоцкіх царыкаў і іх лакальныя праблемы ніхто ў Польшчы нават не звяртае ўвагу. А праблемы, якія ўзнікнуць неўзабаве пасля ўваходу краіны ў структуры Еўрапейскага саюза будуць тут немалыя, але, пакуль што, ніхто пра іх не думае. Еўрасаюз дзеля прыстасавання паасобных краін да гэтай супольнасці выдзеліў вялікія сродкі. Каб узяць грошы трэба аднак сабраць самому каля 20 працэнтаў коштаў кожнай інвестыцыі. Беласточчына са сваёй зруйнаванай вытворчасцю не мае ніякіх магчымасцей выцягнуць такія сродкі з лакальнага рынку. Таму хваля грошай на мадэрнізацыю польскай гаспадаркі традыцыйна затрымаецца на рацэ Вісле. Так было ў пачатку дзевяностых гадоў, калі еўрапейскі, і не толькі еўрапейскі, капітал шукаў партнёраў дзеля супольнага інвеставання. Тады аднак накіраваная Беларускім дэмакратычным аб’яднаннем у адрас гмінных улад ва ўсходняй Беласточчыне прапанова выкарыстання гэтых сродкаў была рашуча адкінута як надта рызыкоўная і падазроная. Пры ўладзе было пакаленне з доўгай стажыроўкай у радах камуністычнай партыі, якое не магло адарвацца ад логікі старой сістэмы. Сёння ўладу ў краіне, але таксама на Беласточчыне, часцей трымаюць былыя дзеячы польскага адпаведніка Камсамола — Саюза сацыялістычнай моладзі. Іх падыход да гаспадарчых праблем вельмі падобны да падыходу старэйшых таварышаў, а праблемы грамадства ім цалкам абыякавыя.

Найгоршае, што няма ніякай альтэрнатывы для такога стылю кіравання. Раней краінай і ваяводствам кіравалі прафесійныя хрысціяне, але аказаліся яны не менш карумпаванымі і цынічнымі, чым сучасныя эліты ўлады.

Існуе вялікая небяспека, што еўрапеізацыя сістэмы кіравання і гаспадарчага жыцця прыйдзе на Беласточчыну з вялікім спазненнем. Проста няма тут элітаў, якія ўсведамлялі б патрэбу і маштаб неабходных пераўтварэнняў. Кожнае спазненне ў рэфармаванні абазначае толькі тое, што будзем плаціць падаткі, але ўзамен нічога не атрымаем. Пару дзесяткаў тысяч месц працы існуе тут дзякуючы гандлярам з Беларусі, якія купляюць прадукты мясцовай вытворчасці. Закрыццё межаў грамадзянам Беларусі і Расіі, што неўзабаве стане фактам, ліквідуе лакальны рынак і пабольшыць грамадскія праблемы. Танныя візы, ці абяцаныя новыя памежныя пераходы гэта аргументы, якія добрыя былі ў дарэферэндумнай прапагандзе. Візавы рэжым так ці інакш затрымае людзей на абодвух баках мяжы.

Прыстасаванне Беласточчыны да еўрасаюзных стандартаў гэта перш за ўсё перабудова дарог, якімі маглі б вазіць заходнееўрапейскія тавары на ўсход. Адпаведная інфраструктура пры такіх дарогах — гатэлі, бары хуткага абслугоўвання — магла б даць адпаведны прыбытак гэтай частцы Польшчы. Ніякіх іншых вялікіх інвестыцый тут не будзе, таму што няма тут нічога дзеля іх ажыццяўлення. Няма перш за ўсё людзей для абслугоўвання сучасных тэхналогій, інфармацыйных сістэм, падрыхтаваных да супрацоўніцтва ў маштабах шырэйшых чым лакальны рынак. Няма тут таксама капіталу, ні менеджэрскіх кадраў. Вялікі капітал прыйдзе туды, дзе можна хутка яго пабольшыць. На Беласточчыне няма такіх магчымасцей. Гэта правінцыя, адсталая ўжо на дзесяткі гадоў ад багацейшых рэгіёнаў краіны. Нішто не дазваляе прагназаваць, што ў Еўропе гэтая адсталасць будзе паменшвацца.

Практыка Нямеччыны паказвае, што з усходніх ландаў, якія раней былі ў складзе Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, найбольш актыўныя групы грамадства масава перасяляюцца на захад краіны. Цэнтральныя ўлады аб’яднанай Нямеччыны на працягу апошніх дзесяці гадоў правялі на ўсходзе інвестыцыі на суму амаль трохсот мільярдаў долараў. Гэтай сумы аднак было мала, каб выраўнаць адсталасць посткамуністычных правінцый ад астатняй часткі краіны. Сёння ў гарадах усходняй Нямеччыны пустуюць амаль новыя жыллёвыя будынкі. Ніхто не ведае там як паставіцца да гэтай праблемы.

Беласточчыну праўдападобна чакае сіндром усходняй Нямеччыны. Найбольш актыўныя і працавітыя грамадзяне сваю будучыню стануць шукаць за Віслай. Для тутэйшых беларусаў аднак гэта не будзе мець вялікага значэння. Асіміляцыя ўжо амаль вырашыла ўсе нашы нацыянальныя праблемы.