Ніва № 26 (2459), 29 чэрвеня 2003 г.

Змрочная перспектыва

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Тое, што Беларусь, а дакладней яе кіраўніцтва знаходзіцца ў палітычнай самаізаляцыі — вядома ўжо даўно. Можна толькі здзіўляцца вялікаму жаданню трымаючых уладу нанесці ўрон аўтарытэту і іміджу роднай краіны, спадзяючыся ўзамен атрымаць большую падтрымку ўласнага насельніцтва. Але і ў гэтым накірунку цяперашнія беларускія ўлады трапілі ў сабою расстаўленую пастку.

Аб тым, што ўнутраная палітыка дзяржавы накіраваная на паляпшэнне дабрабыту простага люду, з высокіх трыбун казалася неаднойчы і заўзята. Ідучы да ўлады, сённяшні беларускі прэзідэнт кляўся і бажыўся, што не дасць у крыўду маламаёмных і сацыяльна слаба абароненых слаёў грамадства. Асаблівы гнеў і маланкі кідаліся ў бок „вшивых блох” — прадпрымальнікаў, якія, нібыта, як крывасмокі паселі на дзяржаўнае цела, не даючы жыць звычайнаму рабочаму, калгасніку і пенсіянеру.

Гарантаваная роўнасць у беднасці знайшла выдатную глебу ў яшчэ не астыўшых ад камуністычнага ачмурэння галовах савецкіх беларусаў. І вынік не прымусіў доўга сябе чакаць. „Сацыяльна арыентаваная рынкавая эканоміка” крок за крокам змяншала мэтазгоднасць праяўлення прыватнай ініцыятывы, а потым і вартасць аб’яднання ў арганізацыі з мэтай адстойвання сваіх правоў.

Цяперашнія беларускія палітычныя партыі знаходзяцца, па вялікаму рахунку, у зародкавым стане. Яны больш нагадваюць групы аб’яднаных дысідэнтаў, таму і апынуліся на перыферыі беларускай палітыкі. На рознастайныя няўрадавыя арганізацыі апошнім часам пачаўся моцны ціск з мэтай закрыцця. Пра вайну ўлады са свабодай слова і незалежнымі выданнямі канстатуюць праваабарончыя і журналісцкія арганізацыі як Беларусі, так і замежжа. Але ўсё гэта не надта цікава „простаму чалавеку”, для якога галоўнае, каб была „чарка і шкварка”, пра што і клапоціцца „сацыяльна арыентаваная” эканоміка.

Аднак і тут, відаць, хутка ўзнікне сур’ёзная праблема. Бо ў сучаснай сусветнай супольнасці павага з боку ўлады да правоў і свабод сваіх грамадзян, а асабліва іх аб’яднанняў ёсць адным з асноўных чыннікаў узаемадачыненняў. А менавіта прынцып свабоды грамадзян аб’ядноўвацца ў прафесійныя саюзы парушыў беларускі ўрад. Так сцвярджаюць шэраг беларускіх прафсаюзаў, якія і склалі адпаведную скаргу ў Міжнародную арганізацыю працы (МАП). І гэтая скарга стала прадметам абмеркавання на 91-й канферэнцыі арганізацыі, якая прайшла ў Жэневе ў сярэдзіне чэрвеня. Па выніках абмеркавання было канстатавана, што ўрад Беларусі не прыслухоўваецца да рэкамендацый МАП і не спрабуе выправіць сітуацыю, спыніўшы парушэнні. Больш таго, па словах беларускай неафіцыйнай прафсаюзнай арганізацыі, становішча ў гэтым дачыненні апошнім часам значна пагоршылася. Асабліва зневажаючым права грамадзян на свабоду аб’яднання стала адкрытая заява Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што прафсаюзы павінны быць уключаны ў лік дзяржаўных устаноў. На практыцы гэта амаль рэалізавана — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі стала, па сутнасці, марыянеткавай арганізацыяй выканаўчай улады. Дэмакратычныя ж прафсаюзы пастаянна знаходзяцца пад такім ціскам, што не могуць нармальна выконваць свае функцыі і больш занятыя палітычна-юрыдычнай барацьбой за выжыванне.

У выніку разгляду беларускай сітуацыі амаль усе прадстаўнікі прафсаюзаў, наймальнікаў і ўрадаў іншых дзяржаў, што ўваходзяць у МАП, прагаласавалі за ўнясенне Беларусі ў так званы „спецпараграф”. Сэнс яго ў тым, што Міжнародная арганізацыя працы не раіць наладжваць стасункі з краінай з-за грубага парушэння там урадам правоў працоўных і прафсаюзаў. Цяпер беларускае кіраўніцтва кожныя паўгода мусіць даваць МАП справаздачу пра ліквідацыю выяўленых парушэнняў. Калі ж сітуацыя не палепшыцца, то, як паведаміў старшыня рэспубліканскага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч, „верагодна, група грамадзян звернецца ў Адміністрацыйны савет МАП з патрабаваннем уключыць Беларусь у параграф № 26”. А гэта, у сваю чаргу, азначае разрыў у палітыцы сацыяльнага партнёрства з данай краінай. Будзе спынена праца місіі МАП у Беларусі, а замест яе прыедуць тры эксперты-юрысты, якія і будуць на месцы ўсё правяраць. Такое было ў гісторыі толькі пяць разоў і, зразумела, адбілася не толькі на іміджы той ці іншай дзяржавы-парушальніцы, але і на яе эканоміцы.

Ну а ці адбудзецца такое насамрэч у Беларусі залежыць толькі ад паводзін улады. Бо ніхто і нішто не можа перашкодзіць ёй паступаць паводле ўласнага заканадаўства, а не парушаць яго.