Ніва № 25 (2458), 22 чэрвеня 2003 г.

Забытая вёска

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

Вёска Малыя Азяраны прысела на нахіленым да гранічнай ракі Свіслач касагоры, быццам клонячыся ў бок Беларусі і адварочваючыся ад Польшчы і ўсяе Еўропы. І не надта дзіўна: аддаленая вёска не змагла забрацца на той цывілізацыйны цягнік, які пагнаўся ў 21 стагоддзе, быццам асталася ў абдымках даўніны. Няма тут новых хат, адно паволі паўзе наступ руйнуючага часу, пахіляючы да зямлі ўсё тое, што там асталося.

На паўднёвым канцы вёскі стаіць праваслаўны крыж са зваротам-малітваю: „Господи! Силою Креста Твоего сохрани дер. Озераны отъ всякаго злаго обстояния. 1928 г.”

Крышку далей стаіць мураваная каталіцкая каплічка (на здымку). Калісь у Малых Азяранах жыло крыху католікаў, але амаль усе выехалі з роднай вёскі, пакідаючы толькі адну бабульку. І каплічка стала занепадаць, зарастаць усялякім кустоўем. Але прыйшоў нечаканы падратунак ад сплеценых нейкім дзівосным чынам людскіх лёсаў. Як гэта ў памежнай заняпалай зоне бывае, мясцовыя людзі сталі шукаць свой шанс у трансгранічным абмене. Каб гэта той абмен адно толькі да камерцыі абмяжоўваўся, але не заўсёды бывае такая чыстая дзейнасць; часта нешта непрадбачанага прычэпіцца... Так было і ў згаданым выпадку. Удавец з Азяран пазнаёміўся з удавой з Беларусі, якая тутэйшая родам — з Шымкаў. Ён праваслаўны, а яна каталічка, але магнетызм — супрацьлеглыя полюсы прыцягваюцца — не абмежаваны адно да чыстай фізікі. То ён паедзе да яе, то яна да яго. І менавіта яна стала парадкаваць занепадаючы помнік азяранскай даўніны, дапамагае і ён. І каплічка выглянула з кустоўя, памаладзела і зноў упрыгожыла азяранскую вуліцу...

На паўночным канцы Малых Азяран таксама стаіць праваслаўны крыж: „Огради насъ Господи силою честнаго миротворишаго Твоего креста и сохрани отъ всякаго зла. 1908 г. 8 іл”

Абодва праваслаўныя крыжы, якія быццам у абдымкі ўзялі вёску, вычасаў быў калісь са свайго каменя майстар Зелянкевіч — для вываду пакойнікаў. Але не толькі пакойнікі пакідалі Малыя Азяраны — побач крыжоў перасмыкаліся ў шырокі свет і маладыя людзі, паволі пакідаючы сваю Малую Айчыну на волю лёсу. Звароты-малітвы на вывадных крыжах быццам не задзейнічалі...

Спытаў я вяскоўцаў, у якой хаце яны свенцяць пасху і даведаўся, што для гэтай мэты бацюшка не прыязджае ў Малыя Азяраны, а вазіць трэба ў Крынкі. І што тыя каменныя малітвы значаць, калі бадай і бацюшка забыў пра вёску?