Ніва № 25 (2458), 22 чэрвеня 2003 г.

У дарослы свет

Зося ЛЕМЕШ

З Гайнаўскага беларускага ліцэя 4 чэрвеня выйшла ў шырокі, дарослы свет наступнае пакаленне выпускнікоў. Звычайна пры такой нагодзе адбываецца велізарная ўсяшкольная ўрачыстасць, з запрошанымі гасцямі, прадстаўнікамі мясцовых улад (сёлета са старастам Уладзімірам Пятрочукам) і бацькамі выпускнікоў (на чале са старшынёй бацькоўскага камітэта Марыяй Ляшчынскай). Трэцякласнікі рыхтуюць артыстычныя выступленні. І ў гэтым годзе не было інакш. Абітурыенты традыцыйна пачулі апошні школьны званок, уручылі кветкі настаўнікам і астатнім працаўнікам школы, падзякавалі тым, з кім прыйшлося ім правесці чатыры гады школьнага жыцця.

Не дзіўна, што стварылася ўзнёслая атмасфера. Стала яна яшчэ больш узнёслай, калі дырэктар Яўген Сачко зачытаў прамову. Звярнуў у ёй увагу на тое, што абітурыенты не выходзяць з абы-якой школы, а менавіта з беларускай і што іх чатырохгадовая тут адукацыя павінна пасадзейнічаць таму, каб у далейшым развівалі яны родную культуру і ўзбагачалі ёю ўсю краіну. Пра неабходнасць захавання традыцыі выказваліся і іншыя госці — беларускія дыпламаты: Наталля Латушка — жонка пасла РБ, Мікалай Пятровіч — саветнік пасольства РБ з Варшавы і Аляксандр Карачун — консул РБ з Беластока, а таксама Яўген Вапа з беластоцкага Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь. Усё-такі выступленне Яўгена Вапы заключала ў сабе не толькі універсальныя мудрасці, але таксама больш інтымныя прызнанні, як хаця б успаміны з часу, калі ён сам вучыўся, а затым працаваў настаўнікам у ліцэі.

У падобным, свабодным тоне прамовіла і спадарыня Наталля Латушка. Дацаніла яна тое, што многа маладых людзей вывучае на Беласточчыне беларускую мову, павіншавала ўсіх абітурыентаў з заканчэннем школы і пажадала ім радасных канікул. На канец засяродзілася на спецыяльнай узнагародзе, якую Пасольства Беларусі ў Варшаве вырашыла штогод прызначаць аднаму вучню нашага ліцэя, які найбольш актыўна дзейнічае на ніве беларускай культуры. Сёлета гэтае вылучэнне атрымала Аліцыя Леанюк. Калі справа ў іншых узнагародах, дык як заўжды падаркі ад школы і ад сябровак з калектыву атрымалі пакідаючыя ліцэй дзяўчаты са „Знічкі”, а таксама найлепшыя футбалісты, баскетбалісты і бегуны.

Самымі важнымі, аднак, з’яўляюцца ўзнагароды за добрыя вынікі ў навуцы. У гэтым годзе восем асоб атрымала пасведчанні з чырвонай палоскай, а дваццаць чатыры напісалі экзамены на атэстат сталасці з сярэдняй ацэнкай вышэйшай за пяцёрку. Найлепшы вынік (адны шасцёркі) атрымала Магдаліна Стангрыцюк — віншуем!

Як штогод, ліцэісты атрымліваюць шматлікія стыпендыі: адну, прыватную ад трох гадоў прызнае Марк Сабалеўскі, дзве — Царкоўны фонд „Годнае жыццё”. Ад наступнага школьнага года мае ажыццявіцца ідэя пяці стыпендый Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь. Дзве з іх маюць атрымаць ліцэісты, а тры — выпускнікі ў якасці дапамогі на першы год навукі ў ВНУ. Гэта называецца „стыпендыяй памоставай” з-за таго, што яна дазваляе бесклапотна прайсці дарогу між сярэдняй і вышэйшай школамі.

Заканчэнне сярэдняй школы справа сур’ёзная, але гэта не абазначае, што на ўрачыстасці не здарылася нічога смешнага і вясёлага. Здаецца, найзабаўнейшы момант быў у час выступлення „Знічкі”, якая штогод уводзіць у свой рэпертуар новыя песні, але мае таксама свайго роду „класіку”, якую чулі шмат разоў усе вучні. Вось калі тым разам дзяўчаты пачалі спяваць добравядомую песню „Рэкрут”, усе абітурыенты ўсталі, пляскалі ў далоні, танцавалі, а нават дапамагалі „Знічцы” выконваць прыпеў. Ці нельга аб’явіць „Рэкрута” гімнам нашай школы?

Чацвёртых класаў ужо няма, трэцякласнікі сталі раптам найстарэйшымі вучнямі ў школе. Праз год і нас чакаюць экзамены на атэстат сталасці, і развітанне з ліцэем. Маю надзею, што гэты год усё-такі не міне надта хутка.