Ніва № 25 (2458), 22 чэрвеня 2003 г.

Нямецкая акупацыя Беларусі ў нямецкіх дакументах

Яўген МІРАНОВІЧ

Пра нямецкую акупацыю Беларусі напісалі ўжо хіба сотні кніжак і тысячы артыкулаў. Асабліва плённа літаратура на гэтую тэму ўзнікала ў савецкі перыяд, калі гісторыю ІІ сусветнай вайны стваралі паводле ўказанняў партыі. Таму калі пры канцы васьмідзесятых гадоў паказалася кніжка Юры Туронка Беларусь пад нямецкай акупацыяй, разбурыла яна ўсю будаваную доўгімі гадамі міфалогію. Цяпер беларускім гісторыкам з’явіліся добрыя ўмовы, каб пачаць рэканструкцыю падзей, што адбыліся ў Беларусі ў 1941-1944 гадах. У архівах даступнымі сталі матэрыялы, якія раней пэўна, маглі глядзець толькі давераныя чэкісты. Праўда, хаця можна ўжо гісторыкам знайсці крыніцы праўды, але дзяржаўны апарат усё яшчэ абмяжоўвае папулярызацыю ведаў, якія рашуча мінаюцца з савецкай гістарыяграфіяй.

Сярод матэрыялаў прысвечаных нямецкай акупацыі найбольшае ўражанне выклікаюць нямецкія дакументы (большасць іх пасля вайны была перакладзена на рускую мову), якія адлюстроўваюць стан ведаў немцаў пра акупаваную краіну. Акупанты пакуль прыйшлі ў Беларусь ведалі ўсё пра людзей, якія жылі на гэтай тэрыторыі. У 1941 г. немцы апрацавалі гісторыю Беларусі ад ранняга сярэднявечча па сучасныя ім дні больш дакладна, чым усе савецкія інстытуты на працягу дзесяткаў гадоў. Ведалі яны не толькі пра публічнае, але таксама прыватнае жыццё беларускіх дзеячаў, пражываючых у БССР, ІІ Рэчы Паспалітай і ў эміграцыі. Не прапусцілі ніводнай важнай публікацыі напісанай беларускімі і іншымі аўтарамі пра беларусаў. Ведалі пра п’есы, якія ставіліся нават у правінцыйных тэатрах Савецкай Беларусі. Сачылі за рэакцыямі грамадства і ўлад пасля кожнай падзеі, нават культурнага характару. Апісалі антрапалагічныя тыпы жыхароў Беларусі ва ўсіх раёнах рэспублікі, змест фальклорных песень, сімволіку народнай абраднасці, побыт жыхароў — ад Панямоння да Палесся, матэрыяльныя ўмовы іх пражывання. Прадметам асаблівых аналізаў былі адносіны беларусаў з палякамі, рускімі, літоўцамі і ўкраінцамі. Немцы распараджаліся ведамі, якія дазвалялі ім кіраваць краінай пры заангажаванні невялікіх сродкаў і сімвалічнай колькасці нямецкіх паліцыйных і адміністрацыйных службаў.

Большасць беларускіх легальных устаноў, якія ўзнікалі падчас акупацыі ў ніякім выпадку не ствараліся немцамі дзеля пабудовы беларускай дзяржавы. Магчыма, што ў такі ход падзей верылі самі беларусы, але немцы не мелі ўвогуле такіх планаў. У асноўным Беларуская народная самапомач, а пасля Саюз беларускай моладзі служылі дзеля мабілізацыі беларускага грамадства да выезду на працу ў Нямеччыне. У 1941 і 1942 гг. немцы ў Рэйх бралі выключна добраахвотнікаў народжаных у 1920-1922 гадах. Да выезду ў Нямеччыну заахвочвалі высокімі платамі, добрымі сацыяльнымі ўмовамі жыцця, грашовымі і харчовымі кампенсацыямі для сем’яў, астаўшыхся ў Беларусі. Без ніякага прымусу толькі з Генеральнай акругі Беларусь выехала больш 13 тысяч дзяўчат і хлопцаў. Была аднак гэта колькасць невялікая ў параўнанні да тае, якой чакалі акупанты. Масавыя пацыфікацыі вёсак, праводжаныя немцамі ў 1943 г., мелі на мэце не толькі ліквідацыю партызанскага руху, але перш за ўсё былі паляваннем на нявольнікаў. Маладых і здаровых партызан гітлераўцы не расстрэльвалі, а часцей адсылалі як рабочую сілу ў Рэйх.

Жахлівасць пацыфікацыйных акцый выганяла аднак дзесяткі тысяч маладых людзей у партызанскія атрады. Таму летам 1943 г. пачалі арганізаваць маладзёжную структуру, якая канцэнтравалася б на выхаванні маладога пакалення ў перакананні, што ўсё што добрае для Нямеччыны, добрае таксама для Беларусі. Шэф Саюза беларускай моладзі Міхал Ганько атрымаў амаль неабмежаваны доступ да генеральнага камісара Вільгельма Кубэ і вялікія сродкі на арганізацыю лагераў для беларускіх юнакоў. Лагеры гэта нішто іншае, як выпалоскванне мазгоў паводле камсамольскіх прынцыпаў. Больш за 10 тысяч хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў, апранутых у нямецкія уніформы з беларускімі нацыянальнымі сімваламі, вырашыла працаваць для ўзмацнення вайсковага патэнцыялу Нямеччыны.

Чытаючы адозву да беларусаў, падпісаную кіраўнікамі Беларускай народнай самапомачы — Іванам Ермачэнкам, Вацлавам Іваноўскім, Вінцуком Гадлеўскім, Юліянам Саковічам, Уладзіславам Казлоўскім і мітрапалітам Філафеем, у якой яны апісваюць крыўды нанесеныя палякамі, маскалямі і жыдамі беларускаму народу і хваляць Гітлера за вызваленне еўрапейскіх народаў, чамусьці ўзнікае ўражанне, што тэксты пісаныя паводле такой логікі пастаянна прэзентаваліся нядаўна ў нашым дзяржаўным тэлебачанні з нагоды вайны ў Іраку. Акупацыю Ірака чамусьці і цяпер называюць вызваленнем іракцаў. Прапаганда, відаць, ніколі не зважае на рэальнасць, яна сама яе стварае паводле палітычных патрэб кіруючых кланаў.

Вобраз нямецкай акупацыі, які ўзнікае ад кантакту з дакументамі тае эпохі, рашуча іншы чым той прадстаўлены ў падручніках. Гэта ў аднолькавай ступені датычыць падручнікаў, якімі карыстаюцца маладыя палякі, а таксама беларусы і напэўна іншыя нацыі. Можа праз 50 гадоў пра акупацыю стануць ужо гаварыць без эмоцый, а ўдзельнікі сучасных дыскусій перастануць прадаўжаць войны, якія закончыліся 60 гадоў таму.