Ніва № 25 (2458), 22 чэрвеня 2003 г.

Хто абароніць помнікі?

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

У Беларусі вядзецца пастаянная вайна з помнікамі. Рукамі невядомых вандалаў апаганьваецца памяць аб загінуўшых падчас бурлівых падзей мінулага стагоддзя.

Сёння можна выдзяліць два падыходы да помнікаў з боку беларускіх улад. Першы — вельмі паважны, ён тычыцца абеліскаў загінуўшым у часы ІІ сусветнай вайны змагарам з нямецкім фашызмам. Амаль у кожным населеным пункце Беларусі вы знойдзеце такі помнік. Звычайна ён добра дагледжаны. Канешне, бываюць выключэнні, але яны толькі пацвярджаюць правіла — у гэтых помніках адчуваецца сапраўдная патрэба. Дарэчы, не толькі мясцовай і вышэйшай улады, а і звычайных людзей.

У той жа час ёсць помнікі, да якіх стаўленне з боку сённяшняга беларускага кіраўніцтва, мякка кажучы, не асабліва трапяткое. Гэта тычыцца мемарыяльных знакаў у памяць аб рэпрэсіраваных за сталінскімі часамі ні ў чым не павінных ахвяр. Аб падзеях вакол мемарыяла Курапаты, што пад Мінскам, распавядалася многа. Дэмакратычныя арганізацыі і незалежныя сродкі масавай інфармацыі спрабуюць прыцягнуць увагу ўсёй грамадскасці да яго праблем, але і дагэтуль само існаванне мемарыяла застаецца пад пытаннем. Калі раней невядомыя варвары ламалі і вырывалі з зямлі ўсталяваныя ва ўрочышчы крыжы, то апошнім часам узнікла пагроза звычайнай забудовы месцаў злачынных расстрэлаў. Праблема ў тым, што і дагэтуль афіцыйна не вызначаны ахоўныя зоны вакол „месца знішчэння ахвяр палітычных рэпрэсій 30-40 гадоў” і таму, зважаючы на блізкасць ад Мінска, у тамтэйшым наваколлі не супраць пасяліцца тым, для каго памяць аб нявінна закатаваных пусты гук. Але як аказваецца і для мясцовай мінскай улады слова „Курапаты” няшмат значыць, калі яна не прыслухоўваецца да гісторыкаў і тых людзей, якія па закліку свайго сумлення пільнуюць мемарыял ад хуліганаў, наводзяць у ім чысціню, рамантуюць паламаныя крыжы. Будаўніцтва катэджнага пасёлка „Сонечны”, дзе маюць пасяліцца багацеі, пакуль прыпыненае. Сталася гэта дзякуючы намаганням „абаронцаў Курапатаў”. Але і цяпер не спыняюцца здзекі з помнікаў. Мінулым месяцам ужо ў другі раз была паламаная так званая „лаўка Клінтана” — памятны знак з надпісам „Ад народу Злучаных Штатаў Амерыкі”. Паколькі беларускія ўлады не могуць захаваць бяспеку помніку, амерыканскае пасольства прапануе перавезці помнік на сваю тэрыторыю.

Нешта падобнае адбылося і з мемарыялам ахвяр Галакоста „Яма”. На месцы мемарыяла ў часы вайны было размешчанае мінскае яўрэйскае гета, дзе фашысты забілі больш за 100 тысяч чалавек. Напрыканцы мая невядомыя антысеміты ля ўвахода на памятны комплекс намалявалі свастыку і зрабілі надпісы „Галакост 2003” і „Бей жидов”. Па словах кіраўнікоў яўрэйскіх арганізацый, за такія дзеянні, якія, дарэчы, адбываліся і раней, ніхто ў Беларусі пакараны не быў. „Беларускія ўлады робяць выгляд, што ў нас нічога не адбываецца”, — сказаў віцэ-прэзідэнт Саюза беларускіх яўрэйскіх арганізацый і абшчын Якаў Басін. Затое на падзею адгукнуліся афіцыйныя прадстаўнікі замежных дзяржаў. Паслы краін Еўрасаюза адмыслова, каб паказаць сваю салідарнасць з мясцовымі яўрэямі, наведалі месцы звязаныя з падзеямі ў мінскім гета і будынкі былых сінагог. Выпадак беспрэцэдэнтны, бо ў іншых краінах паслы чамусьці не вымушаны засяроджваць увагу мясцовай грамадскасці і ўлад на такой, здавалася б, унутранай праблеме.

Такая сітуацыя, вядома, сорам для Беларусі. Але ці можа быць інакш, калі па меркаванні вышэйшага беларускага кіраўніцтва, вартая пахвалы ўнутраная палітыка Гітлера, а сталінскія рэпрэсіі трэба лічыць папросту памылкамі?