Ніва № 24 (2457), 15 чэрвеня 2003 г.

750 гадоў пісанай гісторыі Бельска-Падляшскага

Паўліна ШАФРАН

23 і 24 мая г.г. у Бельскім музеі адбылася міжнародная канферэнцыя, прысвечаная 750-годдзю пісанай гісторыі горада. Беларускія і польскія гісторыкі прачыталі даклады на тэму Бельска, пачынаючы з паўстання горада (доктар Генадзь Семянчук з Гродна), цераз сярэдневякоўе, археалагічныя працы на Замкавай гары, збройныя сутыкненні з акупантамі (Анатоль Вап з Беластока), а закончыўшы на беларускім школьніцтве пасля ІІ сусветнай вайны (Славамір Іванюк з Бельска).

Гісторыкі прадставілі таксама пытанні гарадскога самакіравання ў Бельску, царкоўна-прыхадскога школьніцтва ў канцы XIX і пачатку XX стагоддзяў, наблізілі біяграфіі вядомых у горадзе асоб і іх бельскіх родаў Кастыцэвічаў, Астасевічаў, Антыховічаў.

Першыя пісьмовыя весткі аб горадзе паходзяць з 1253 г. з Галіцкага летапісу (хаця некаторыя схіляюцца да таго, што з 1252 г. з Валынскага летапісу).

На працягу гадоў Бельск быў месцам барацьбы паміж мазавецкімі, рускімі, літоўскімі князямі, а нават крыжаносцамі. Горад некалькі разоў быў знішчаны. Першы раз Бельск спалілі татары ў 1240-1246 гг., калі адзін з камандзіраў Батыя знішчыў падляшскія гарады Драгічын, Сураж, Мельнік. Гісторыя паўтарылася яшчэ два разы ў 1259 і 1260 гадах. Амаль сто гадоў пазней — у 1377 г. крыжаносцы занялі і знішчылі амаль увесь горад, апрача замка, які занялі два гады пазней. Ад 1320 г. да Люблінскай уніі Бельск уваходзіў у састаў Вялікага княства Літоўскага.

Дзякуючы свайму палажэнню і гаспадарчаму развіццю Бельск, як другі горад на Падляшшы (першым быў Драгічын у 1409 г.), 9 студзеня 1430 г. атрымаў ад вялікага князя Вітаўта гарадскую прывілею, што ўзмацніла яго значэнне. Потым, у 1440 г. князь Уладыслаў надаў Бельску хэлмінскае гарадское права, якое паўтарыў кароль Аляксандар Ягелончык у 1494, 1499, 1501 гг., дзякуючы чаму горад атрымаў шэсць вясковых маёмасцяў і цераз гэта рынак збыту. Бельск развіваецца. Добрая зямля, карыснае палажэнне — на шляху з поўначы на поўдзень: з Вільні цераз Гродна, Бельск, Варшаву ў Кракаў і з усходу на захад: з Мінска цераз Ваўкавыск, Бельск, Варшаву, Кутна ў Познань — толькі ў гэтым памагаюць.

Цераз горад апрача ракі Белай праплывалі яшчэ Любка, Сэрэд і Крыніца. У канцы XVI ст. у Бельску было 794 дамоў, два касцёлы, пяць цэркваў, два шпіталі і пяць цэхаў: разнікоў, півавараў, кавалёў, краўцоў і гарбароў.

Важную ролю ў гаспадарчым і палітычным жыцці горада адыгралі шляхецкія соймікі. Найлепш вядомы сойм ад 1564 г., у якім прымаў удзел кароль Зыгмунт Аўгуст, архібіскуп гнезненскі Якуб Уханьскі, біскуп куяўскі Мікалай Вольскі, ваявода ланчыцкі Ян Серакоўскі, каштэлян гнезненскі Ян Таміцкі і каронныя паслы. У час сойма, 22 ліпеня, ад маланкі згарэў замак, а месцам правядзення соймікаў стаў Браньск. Пасля далучэння Падляшша да Кароны Бельск пачаў траціць сваю пазіцыю, а шведскі патоп знішчыў амаль цэлы горад. З ліку 830 дамоў асталося 48, а лік насельніцтва зменшыўся амаль утрая — з 3 350 да 1 260.

У XVIII ст. узнікае першая цагельня на Галавеску, якую заснавала Ізабела Браніцкая, якая пасля смерці мужа Яна Клеменса Браніцкага пачала адміністраваць горадам. Тады паявіліся першыя брукаваныя вуліцы, драўляныя тратуары, пабудавалі шпіталь, школу. Развіваюцца гандлёвыя кантакты з Гданьскам, Торунем, Варшавай.

Жыхары Бельска прымалі ўдзел у паўстанні Тадэуша Касцюшкі. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Бельск трапіў пад панаванне Гагенцолернаў, а калі 26 студзеня 1796 г. рускія войскі пакінулі горад, увайшлі прусакі, пры якіх у горадзе ўзведзена было сем першых мураваных дамоў. У тым часе былі 24 вуліцы, 9 касцёлаў, цэркваў, манастыроў і 330 дамоў, 246 рамеснікаў і 4 купцы. Уваход французскай арміі ў 1807 г. закончыў панаванне прусакоў. Аднак у выніку палітычных „забаваў” Напалеона і цара Аляксандра горад быў далучаны да Гродзенскай губерні.

Да 1830 г. польская мова была галоўнай у школах, але пасля Лістападаўскага паўстання пачаліся рэпрэсіі і ў 1840 г. руская стала мовай выкладання.

Першая сусветная вайна давяла да таго, што амаль 50% жыхароў падалося ў бежанства. Немцы пакінулі горад 19 лютага 1919 г. У міжваенны перыяд Бельск пачаў паволі развівацца. Паўставалі млыны, цагельні, малачарні, пякарні, школы. Разбудаваны быў шпіталь. У 1938 г. працавалі ў Бельску 32 лекары, 15 зубных урачоў і 14 аптэкараў. А потым зноў ваенная завіруха... Нямецкая акупацыя, экстэрмінацыя жыдоў, масавыя экзекуцыі, бамбардзіроўкі, знішчэнні і так аж да 30 ліпеня 1944 г., да вызвалення Чырвонай Арміяй. Затым адбудова горада, новыя ўлады, новая, пасляваенная рэчаіснасць...

Так у вялікім спрашчэнні выглядала гісторыя Бельска-Падляшскага, аб якой гаварылі гісторыкі з выпадку 750-годдзя пісанай гісторыі горада.