Ніва № 24 (2457), 15 чэрвеня 2003 г.

Леніна, Катынь, Смаленск

Яўген МІРАНОВІЧ

Хаця часта здараецца нагода пабываць у Беларусі, але выехаць на ўсход далей за Мінск удалося мне толькі двойчы. Пры канцы траўня г.г. Міжнародная акадэмія вывучэння праблем нацыянальных меншасцей і Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія арганізавалі канферэнцыю на мяжы Беларусі і Расіі, таму я вырашыў пакарыстацца запрашэннем, каб пабачыць амаль зусім невядомую мне частку рэспублікі. У мястэчку Горкі, у якім адбывалася канферэнцыя, галоўнай установай з’яўляецца ўспомненая Акадэмія, а горад у сапраўднасці — толькі дадатак да яе. З’ехалася некалькі дзесяткаў палякаў і расіян, усе чыталі даклады на сваіх мовах, палякі разумелі расіян, расіяне зусім не ведалі аб чым ім правяць палякі. А было б ім чаго паслухаць. Падчас банкета, які падрыхтавалі ўлады раёна і Акадэміі, з узаемаразуменнем было ўжо значна лепш. Тосты ўзносіліся бесперарыўна, а іх пераважная большасць датычыла „единства славянских народов”. За „единство” славян падымалі кілішкі палякі, рускія і жыды так часта, што цяжка было паспець перакусіць паміж тостамі. Ветэраны навукі і партызанскага руху са Смаленска доўга не маглі развітацца з гасціннай беларускай зямлёй, на якой заставаліся яшчэ польскія таварышы і скрынка знакамітай „Пшанічнай”.

Польскім вучоным арганізатары канферэнцыі падрыхтавалі экскурсію на месца бітвы пад Леніна, месца расстрэлу польскіх афіцэраў у Катынь і ў Смаленск. Раней, — расказваў прафесар Уладзімір Ліўшыц з горацкай Акадэміі, — прыязджала пад Леніна з Польшчы каля двухсот экскурсій у год. У мінулым годзе былі толькі тры групы. Сучаснага абыякавага стаўлення да гэтай падзеі з боку палякаў не могуць зразумець мясцовыя апекуны мемарыяльнага комплексу. Музей, месца славы, могільнік, асфальтныя дарожкі складаюць цэласную інфраструктуру для вялікіх святкаванняў. У час „польско-советской дружбы” пабудавалі ў пасёлку Леніна вялікі гатэль і рэстаран для абслугоўвання „товарищей из Польши”. Цяпер нікому гэта непатрэбнае. Пару кіламетраў на ўсход за Леніна пачынаецца тэрыторыя Расійскай Федэрацыі. Хаця мяжы фактычна ніякай няма, але заўважаецца змена дзяржаўнасці. На тэрыторыі Беларусі канчаецца дарога, а далей у глыб Расіі вядзе нешта, што цяжка назваць камунікацыйным шляхам. Незасеяныя палі і хаты, якія можна пабачыць у нямецкіх дакументальных кінастужках перыяду акупацыі. Бедная Беларусь паказалася мне тады як зона дабрабыту.

Дваццаць кіламетраў ад Смаленска знаходзіцца мястэчка Катынь. Мемарыяльны комплекс пачалі будаваць там дзесяць гадоў таму. Дэмакратычная Расія брала на сябе адказнасць за лёс афіцэраў, якія трапілі ў савецкі палон у верасні 1939 г. Месца расстрэлаў прыкрытае каменнымі плітамі, а побач абгароджанае і ўпарадкаванае месца перапахавання палякаў немцамі ў 1943 г. На вялікай жалезнай пліце ўвекавечаны прозвішчы звыш чатырох тысяч забітых. Кожны з загінуўшых мае таксама бронзавую таблічку на каменным муры акружаючым гэты могільнік. Займае ён каля двух тысяч квадратных метраў. Экскурсавод, незвычайнай прыгажосці жанчына, паказвае дарогу да мемарыяла прысвечанага рускім ахвярам бальшавізму. Невялікія тры магілы з расійскімі і праваслаўнымі сімваламі. Пытаюся ў экскурсаводчыцы, ці гэтыя магілы з’яўляюцца месцамі расстрэлу жыхароў Смаленшчыны? У адказ пачуў, што ўвесь лес — звыш ста гектараў зямлі — гэта адна вялікая магіла. Дзе ні пачалі капаць, там ляжаць чалавечыя астанкі. Ніхто не ведае колькі рускіх закапалі чэкісты ў катынскім лесе — сто, дзвесце ці можа трыста тысяч. Ніхто таксама незацікаўлены выяўленнем гэтай таямніцы, ніхто не думае назваць ахвяр па імені і прозвішчы. Ніколі не дачакаюцца яны сваіх мемарыяльных дошак, паніхідаў, як палякі, якія пакояцца побач.

Смаленск вітае панарамай упрыгожанай храмамі ХІІ стагоддзя. Цэнтр горада чысты, крамы поўныя, цэны прыблізна такія, як у Польшчы. Анатоль Корсак — дацэнт Смаленскага аддзялення Расійскай акадэміі навук паказваў горад не скрываючы ніякіх яго таямніц. Экскурсія вакол муроў горада, якія памятаюць літоўска-маскоўскія і расійска-польскія, расійска-французскія і расійска-нямецкія войны за гэтую крэпасць, што адкрывала дарогу на Маскву, стала нагодай для азнаямлення не толькі з гісторыяй, але таксама з сучасным расійскім грамадствам. Каля гістарычных вежаў кучы смецця, бруд і невыносны смурод туалетаў. Вечарам збіраюцца там маладыя людзі і месца вакол муроў становіцца цэнтрам спантаннага святкавання культу прыроды.

Квартал горада, што пабудаваны паміж усходняй часткай муроў і славутым Успенскім саборам, прадстаўляе сабой роспачны вобраз. Ні вуліц, ні тратуараў, ні агароджы панадворка. Сламсы прыкрытыя кавалкамі бляхі, шыфернымі плітамі і невядома чым там яшчэ. Уваход на царкоўны пляц гэта пераход да іншай цывілізацыі. Магутныя царкоўныя муры, пазалочаныя купалы, іканастас — сімвалы багацця імперыі паказваюцца вельмі кантрастнымі на фоне акружэння храма. Гэты горад, кожная яго вуліца, дом, патрабуюць гаспадара, інвестыцый, грамадства, якое хоча і чакае зменаў. Там няма нічога. Мільярды долараў атрыманых з продажу газу і нафты трапляюць у заходнееўрапейскія і амерыканскія банкі. Новыя рускія выкідаюць іх у гатэлях Мадрыда, Лондана, Парыжа, Фларэнцыі. Хапае пабыць пару гадзін на рускай зямлі, каб пабачыць, што ніхто ў гэтай краіне не думае пра народ. Гналі яго на нямецкія танкі і ў калгас, цяпер загналі ў пачуццё безнадзейнасці.

Выезд з Расіі ў Беларусь, са Смаленска ў Мінск, адбываецца шырокай дарогай, якая вядзе з Брэста ў Маскву. Тут выразна відаць пастарункі — мытныя і пагранічныя. Беларускія машыны прапускаюцца беспраблемна, усе астатнія расіяне яшчэ раз кантралююць. Па абодвух баках мяжы стаіць чарга аўтафураў. Там правяраюць аднак толькі дакументы. Зараз за мяжой, на тэрыторыі Беларусі за карыстанне дарогай небеларускім аўтамабілям трэба плаціць за праезд. Грамадзяне Расійскай Федэрацыі плацяць так як немцы, ці палякі.

Некалькі дзён пабыўкі на ўсходзе Беларусі ці захадзе Расіі стамляе людзей здэмаралізаваных цёплай вадой і чыстым туалетам. Аказалася, што прыняць душ у Беларусі можна толькі ў Мінску. Правінцыя паводле дзяржаўных улад вясной можа пачынаць купацца ў рэчках. Мінск аднак гэта не Беларусь, так як Масква гэта не Расія.