Ніва № 24 (2457), 15 чэрвеня 2003 г.

Дзеля гаспадарчага супрацоўніцтва

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

6 чэрвеня, у рамках дзелавога візіту на Беласточчыну, у Маршалкоўскай управе адбылося спатканне прадстаўнікоў гродзенскага „малога бізнесу” з маршалкам Падляшскага ваяводства Янушам Кшыжэўскім.

Маршалак Кшыжэўскі пазнаёміў гродзенскіх гасцей з Падляшскім ваяводствам. Адзначыў ён, што наша ваяводства з’яўляецца культурным палігонам Еўропы. Галоўнай галіной вытворчасці з’яўляецца тут малочная прамысловасць — Падляшскае ваяводства пастаўляе трэць малака краіны. Шпаркімі тэмпамі развіваецца турызм, напрыклад у Белавежы за апошнія тры гады прыбыло каля трох тысяч начлежных месц. Да таго ж Польшча спадзяецца, пасля далучэння да Еўрасаюза, прыліву замежнага капіталу размерам каля 180 млрд. долараў. Маршалак Кшыжэўскі паінфармаваў таксама, што дасягнута дамоўленасць наконт адкрыцця чатырох чарговых пагранпераходаў між Польшчай і Беларуссю: у Ліпшчанах, Такарах, Ялоўцы і Белавежы.

Прадстаўнікі гродзенскіх прадпрымальнікаў паінфармавалі пра магчымасці дзейнасці ў іх замежных інвестараў, пра ўмовы гаспадарання ў Гродзенскай спецыяльнай эканамічнай зоне. Звярнулі яны таксама ўвагу на цяжкасці ў перасяканні польскай мяжы дзелавымі людзьмі; у Гродне дзейнічае Пагрансервіс, дзе можна заказаць нечарговы праезд цераз мяжу. Прамоўцы заўважылі і адсутнасць прамой чыгуначнай камунікацыі між Гроднам і Беластокам.

Маршалак Кшыжэўскі выказаў спадзяванне, што згаданыя пагранпераходы ўступяць у строй яшчэ ў гэтым годзе. Аднак неафіцыйна можна было пачуць, што афіцыйны Мінск не надта рады іх адкрыццю. Вось недалёка аднаго з іх, за Белавежай, знаходзіцца прэзідэнцкая дача і дзелавы ці турысцкі народ мабыць перашкаджаў бы Лукашэнку „саветавацца з народам”...