Ніва № 24 (2457), 15 чэрвеня 2003 г.

Наступ на беларускасць

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Аб гаротным стане беларускай мовы ў Беларусі сказана ўжо многа. На сённяшні дзень першую дзяржаўную мову краіны амаль немагчыма пачуць на вуліцах яе буйных і маленькіх гарадоў, у дзяржаўных установах і грамадскім транспарце, у магазінах і месцах адпачынку. Людзі ў Беларусі, у падаўляючай большасці, размаўляюць альбо па-руску, альбо на так званай „трасянцы” — мове надта „гарадскіх” вяскоўцаў, якія грэбуюць сваімі беларускімі каранямі, імкнучыся ўсё казаць на „правильном языке”, але не здолеўшыя пазбавіцца беларускага акцэнту і не навучыўшыся рускім г, ч і щ, а таксама мяккаму р. І варта адзначыць, што сярод такіх „трасяншчыкаў” — большасць беларускага насельніцтва. Тлумачыць такую з’яву можна па-рознаму, але менавіта „трасянка” стала праяўленнем адносін гэтых людзей да беларускай мовы, у выніку чаго знікаюць школы і класы з беларускай мовай навучання, з’яўляюцца спробы аб’яднаць вывучэнне мовы і літаратуры ў адзін прадмет, а пра магчымасць набыць вышэйшую адукацыю на беларускай мове застаецца толькі марыць. Непаважнае стаўленне да роднага слова прывяло да такога ж стаўлення да роднай культуры, а таксама звычайнай культуры паводзін.

На фоне гэткай прыкрай рэчаіснасці астравамі ацалелай беларушчыны здаюцца некаторыя навучальныя ўстановы, дзе навучанне ідзе па-беларуску. Адзін з іх — Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Я. Коласа. Ужо 11 гадоў ён пастаўляе Беларусі выдатна выхаваную маладую інтэлігенцыю, нацыянальная свядомасць якой становіцца вынікам руплівай працы неабыякавых да лёсу сваёй краіны выкладчыкаў, а адначасова стваральнікаў і кіраўнікоў гэтай установы.

Магчыма, з-за гэтага жылося ліцэю ўвесь час цяжка. То яго раптам міністэрскае кіраўніцтва спрабуе высяліць з будынка, то далучыць да педагагічнага універсітэта, пры гэтым пазбавіўшы значнай часткі самастойнасці. Але да апошняга часу гэтай найпрэстыжнейшай навучальнай установе ўдавалася неяк вытрымаць, ідучы на розныя саступкі. Адной з іх стаў фармальны пераход на пасаду намесніка дырэктара Уладзіміра Коласа, кіраўніка і стваральніка ліцэя. Дырэктарская пасада была на працягу некалькіх гадоў вакантнай. І вось яе запаўненне напрыканцы мая выклікала выбух гневу не толькі ў сценах ліцэя, а і далёка па-за імі.

Міністэрства адукацыі прызначыла на пасаду дырэктара жанчыну-педагога, якая не толькі, па яе словах, не ведала пра ліцэй, але і не валодае практычнай беларускай мовай. А менавіта на ёй там вядзецца ўвесь навучальна-выхаваўчы працэс. У выніку сітуацыя зайшла ў тупік — выкладчыкі, ліцэісты і іх бацькі адмаўляюцца прызнаваць новую дырэктарку, дасылаючы розныя лісты ў міністэрства і ўрад, а яна, у сваю чаргу, не жадае размаўляць з выкладчыцкім калектывам і вучнямі, заяўляючы, што будзе займаць сваё месца няхай нават пры дапамозе спецыяльных міліцэйскіх фарміраванняў. Пераходзіць у размовах на беларускую мову новы кіраўнік таксама не хоча.

Пакуль цяжка сказаць чым завершыцца канфлікт: пачынаецца лета — час канікулаў і адпачынку. Магчыма агульнымі намаганнямі ліцэістам і выкладчыкам удасца адстаяць беларускасць у ліцэі, альбо пераможа „дзяржаўная” лінія і многія з іх пакінуць яго. Але ўжо сёння бачна, што справакавалі скандал тыя, для каго чужое ўсё беларускае, а падрастаючае пакаленне і яго настаўнікі павінны толькі падпарадкоўвацца розным выбрыкам чыноўнікаў, без права быць пачутымі...