Ніва № 24 (2457), 15 чэрвеня 2003 г.

Беларусь: краіна па дарозе

Напярэдадні сустрэч кіраўнікоў краін Еўрасаюза, ЗША і дзесяткі краін кандыдуючых у ЕС у Санкт-Пецярбургу з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным ды з удзелам лідэраў Супольнасці Незалежных Дзяржаў аб сітуацыі ў Беларусі, будучым супрацоўніцтве Польшчы і ЕС з гэтай краінай размаўлялі мы з міністрам замежных спраў РП Владзімежам Цімашэвічам.

— Польская ўсходняя палітыка ў адносінах да Беларусі апіраецца на прынцыпы ўмоўнасці. Таксама і Літва дэкларуе ахвоту прадстаўляння беларускіх інтарэсаў у Еўрасаюзе, пры выпаўненні ўмоў. Тым часам няма, здаецца, такога кіраўніка дзяржавы, які любіў бы, калі перад ім ставяць умовы.

— Фактычна, польскія прапановы што датычаць усходняй палітыкі, апіраюцца на гэты прынцып. Гаворым таксама аб індывідуалізацыі прапаноў у адносінах да ўсходніх суседзяў і этапнасці. Падкрэсліваем таксама неабходнасць дапамогі ў гаспадарчым развіцці, стваранні інстытута адкрытага грамадства, дапамогі ў адукацыі. Ніхто ніякай дзяржавы і яго ўлад не прымусіць да супрацоўніцтва. Гэта ёсць умова, а ў выпадку Беларусі з гэтым праблема. Прамінанне часу аднак не без значэння. З гадамі відаць, што гэтая палітычная сістэма, хоць утрымліваецца, то і не ўкараняецца, хоць талерантна да яе адносяцца рахманыя, небунтоўныя беларусы, ды яе не кахаюць. Беларуская гаспадарка, якою кіруюць дзівосным чынам, яшчэ ў большых клопатах, чым шмат хто мог бы падумаць. Яна зусім несамастойная. Хопіць, што Расія зменіць сваю палітыку наконт паставак энерганосьбітаў, значыць, загадае плаціць за іх — і няма ўжо беларускай гаспадаркі. Усё затармазіцца. Штораз больш людзей гэта сабе ўсведамляе, што і форма камандавання сельскай гаспадаркай, як і брак адкрытасці на супрацоўніцтва са светам, асабліва з Захадам, каштуе цану аграмаднага ўбоства. Гэта непазбежна прынясе вынікі таксама ў палітычным аспекце.

— Ці ў якойсьці магчымай да прадказання перспектыве можна думаць аб пашырэнні Еўрасаюза на Беларусь?

— Прадпасылкай павінна быць незамыканне ЕС і прыняццё такой філасофіі, паводле якой кожная еўрапейская краіна, якая хоча і выконвае ўмовы членства, павінна мець такі шанц. У гэты момант шмат еўрапейскіх партнёраў не хоча аб гэтым і чуць. Пасля пашырэння Еўрасаюза ў будучым годзе на 10 краін, ёсць яшчэ план уваходу ў ЕС Балгарыі і Румыніі, адкрыта пытанне Турцыі. Трэба таксама знайсці разумную прапанову ў адносінах да балканскіх краін. Для шмат каго гэта зашмат рэвалюцыі, як на такі кароткі час, на найбліжэйшыя некалькі гадоў. Я асабіста не рэагую нервова на гэтую неахвоту да дыскусіі на тэму магчымага членства Беларусі ў ЕС, таксама і Украіны. Няма сумненняў, што праз некалькі гадоў сітуацыя адменіцца, калі перш за ўсё Еўропа „пераварыць” сваё пашырэнне і большасць еўрапейцаў зразумее, што гэта добра, і будуць псіхічна падрыхтаваны на размову аб далейшых кроках. У выпадку Беларусі, як і Украіны, дарога, аднак, далёкая, у больш за дзесяць гадоў. Аднак, такая перспектыва можа быць імпульсам для ЕС да пашырэння праграм супрацоўніцтва з гэтымі краінамі і перадачы большых сродкаў на яго фінансаванне. Мы будзем ісці ў гэтым напрамку і не робім тут ніякіх таямнічых мінаў.

— Ці пры такіх аграмадных адрозненнях у гаспадарчых і палітычных сістэмах Польшчы і ЕС ды Беларусі ўвогуле магчыма супрацоўніцтва?

— Праблемы не вынікаюць з палітычных цяжкасцей, хоць у Беларусі маюць значэнне, бо ўплываюць на гаспадарчыя канцэпцыі, хоць бы прыватызацыйную. Беларусы самі перашкаджаюць інвеставанню з замежжа. Гэта, сапраўды, абмежаванне. На штодзень, аднак, праблемай з’яўляецца ўзровень фінансавай рызыкі, звязанай і з бяспекай. Ніхто не інвестуе грошай без надзеі на прыбытак. З гэтага пункту гледжання Беларусь у горшым становішчы. Таксама з прычыны плыткасці таго рынку ўбогае грамадства. Але ўсё паказвае, што супрацоўніцтва ЕС з Расіяй будзе расці. З аднаго боку азначае гэта нейкую рызыку недаацэнкі супрацоўніцтва з Беларуссю ці Украінай. З другога, гэта і нейкая гаспадарчая логіка. Чым больш кантактаў з Расіяй — будзе патрэбны, напрыклад, развой транспарту. Відавочным стане для бізнесу тое, што краіны па дарозе, як Беларусь, павінны апынуцца ў кругу яго зацікаўлення.

Размаўляў Мацей ХАЛАДОЎСКІ