Ніва № 24 (2457), 15 чэрвеня 2003 г.

Нястрашны Еўрасаюз

Аляксандр МАКСІМЮК

Пад такім лозунгам напярэдадні еўрасаюзнага рэферэндуму (31 мая і 1 чэрвеня) Беларускі самаўрадавы форум арганізаваў у Гайнаўцы канферэнцыю-абучэнне для сваіх самаўрадаўцаў. Польскія беларусы, як прадбачлівыя і практычныя людзі, не гулялі ў еўрасаюзную агітацыю — так ці інакш Польшча будзе сябрам ЕС і нам трэба пацягнуць з гэтага членства як мага больш карысці. Запрошаныя да ўдзелу радныя гмін Бельскага і Гайнаўскага паветаў мелі гэты факт данесці да сваіх выбаршчыкаў-гаспадароў.

На канферэнцыю склаліся шэсць дакладаў: Анатоля Ахрыцюка, бурмістра Гайнаўкі — гарадскія інвестыцыі за сродкі ЕС; Віялеты Алясюк, беластоцкі аддзел Фонду развіцця лакальнай дэмакратыі — дваццаць прычын быць у аб’яднанай Еўропе; Яўгена Семенюка, беластоцкі аддзел Агенцтва рэструктурызацыі і мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі — шанцы і пагрозы падляшскай сельскай гаспадаркі пасля ўваходу ў ЕС; Пятра Сельвесюка — выкарыстанне еўрасаюзных сродкаў у Бельскім павеце; Яўгена Вапы, старшыні Беларускага саюза ў Польшчы — сітуацыя беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы; Яраслава Матвеюка, факультэт юрыстыкі Універсітэта ў Беластоку — нацыянальныя і канфесійныя меншасці ў заканадаўстве ЕС.

Сельская гаспадарка ў першых гадах пасля ўваходу Польшчы ў Еўрасаюз пакарыстаецца непасрэднымі даплатамі. Галоўнымі патрабаваннямі — загаспадараная зямля і ўпарадкаваны юрыдычны яе статус (даплату бярэ ўласнік зямлі, а не той, хто яе абрабляе). Непасрэдныя даплаты маюць інвестыцыйнае значэнне, пасля пераходнага перыяду гаспадарка або пачне мэтанакіраваную вытворчасць і атрымае даплаты да яе, або ўвогуле страціць усякія даплаты.

Яўген Вапа звярнуўся да радных з заклікам, каб пры ўсіх фінансавых карысцях, якія прынясе ЕС, не зводзіць саміх сябе адно да ролі ахоўнікаў нованасаджаных лясоў — бо тое, даказваў, нам і прапануюць: пасадзіце лес, мы вам за гэта заплацім, а вы сцеражыце яго. Паводле Я. Вапы, гміны замала ў сваёй дзейнасці карыстаюць і націскаюць на нацыянальную адметнасць гэтых земляў. Будзе прыкра і недаравальна, калі дэградуюць нас, нацыянальную меншасць, да этнічнай групы.