Ніва № 23 (2456), 8 чэрвеня 2003 г.

Поспехі беларускіх хораў

Аляксей МАРОЗ

На Міжнародным фестывалі „Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі” перамаглі беларускія хоры. Побач лаўрэата, Дзяржаўнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча з Мінска першыя месцы занялі Кафедральны маладзёжны хор прыхода св. ап. Пятра і Паўла з Мінска (катэгорыя прыхадскіх гарадскіх замежных хораў) і Народны маладзёжны хор „Вяснянка” з Гродна (катэгорыя акадэмічных хораў). Спецыяльную ўзнагароду атрымаў Кафедральны хор прыхода Апекі Божай Маці з Гродна.

Членамі хору прыхода св. ап. Пятра і Паўла з’яўляюцца студэнты вышэйшых навучальных устаноў Мінска. Хор дзейнічае з 1996 года, а апошні яго састаў узнік у 2002 годзе. Дырыжорам з’яўляецца студэнтка Духоўнай школы з Санкт-Пецярбурга Наталля Мядзведзь. Харысты з Мінска выступалі з дабрачыннымі канцэртамі ў вышэйшых навучальных установах і ў час сустрэч праваслаўнай моладзі. На VІІ Міжнародным фестывалі праваслаўнай музыкі ў Мінску атрымалі дыплом першай ступені. Штодзень спяваюць у сваёй прыхадской царкве. Ахвотна карыстаюцца творамі класікаў царкоўнай музыкі — Дзмітрыя Бартнянскага, Аляксандра Архангельскага і Паўла Часнакова. У свой рэпертуар уключаюць таксама царкоўныя творы сучасных кампазітараў — Наталлі Калеснічэнкі і Марыі Кутыравай.

— Стараемся спяваць дынамічна і з кантрастамі, захоўваючы адначасна малітоўнасць царкоўных песень, — заяўляе дырыжор Наталля Мядзведзь.

Усе царкоўныя песні харысты спяваюць на царкоўнаславянскай мове. Аднак у царкве св. ап. Пятра і Паўла ў Мінску раз у месяц адбываюцца багаслужэнні на беларускай мове.

Народны маладзёжны хор „Вяснянка” існуе з 1992 года пры Дзяржаўнай педагагічнай калегіі ў Гродне і выконвае, перш за ўсё, свецкую музыку. Члены хору спяваюць сучасныя і народныя беларускія песні. Сярод царкоўных песень выконваюць класічныя творы і сучасную царкоўную музыку. У калектыве больш за 50 чалавек, але ў Гайнаўку прыехала 40 асоб. Дырыжорам хору з’яўляецца Таццяна Перасадзька, якая закончыла Беларускую музычную акадэмію ў Мінску. Хор з’яўляецца лаўрэатам конкурсаў „Студэнцкая вясна” і „Новыя імёны”, здабыў таксама ІІІ узнагароду на Фестывалі праваслаўнай музыкі Гродзенскай епархіі.

Кафедральны хор прыхода Апекі Божай Маці з Гродна ўзнік у 1993 годзе. Спяваюць у ім людзі розных прафесій. У іх рэпертуары знаходзяцца творы беларускіх кампазітараў — Туранкова і Бутома. У 2001 годзе харысты здабылі ўзнагароду на Фестывалі праваслаўнай музыкі ў Мінску, а ў 2003 годзе ўзнагароду на Фестывалі праваслаўнай музыкі Гродзенскай епархіі.