Ніва № 23 (2456), 8 чэрвеня 2003 г.

Камяні князя Барыса

Ганна КАНДРАЦЮК

У Барысаве, на месцы старажытнага замка, стаіць турма. У старой частцы горада знаходзіцца дом, у якім кватараваў Гітлер. Яшчэ іншым турыстычным атракцыёнам горада з’яўляюцца г.зв. батарэі — месца перамогі рускіх войск над Напалеонаўскай арміяй. У гонар пераможцаў саветы ўстанавілі бетонны помнік.

Тут таксама месца масавых расстрэлаў, якія з 1919 па 1933 год праводзілі бальшавікі. У памяць ахвяр сталінізму нельга паставіць хрысціянскі крыж.

* * *

Сучасны Барысаў знаходзіцца па правым беразе ракі Бярэзіны.

Ля Уваскрасенскай царквы новы помнік легендарнаму заснавальніку горада, князю Барысу. Да князя (з анёлам-ахоўнікам і каменем) цягнуць турысты. Усе фатаграфуюцца (дзеці абавязкова ўзлазяць на валун), а пасля ідуць гуляць па горадзе. Для постсавецкага турыста няма цікавасці заглянуць у царкву ці касцёл.

Гораду 900 гадоў — чытаем надпісы на гарадскіх аўтобусах. Першую звестку знаходзім пад 1127 годам у Лаўрэнціеўскім летапісе. Барысаў — умацаваны горад Полацкага княства. Названы ў гонар унука Усяслава Чарадзея, які праславіўся паходамі на яцвягаў і камянямі, якімі значыў заваяваны шлях хрысціянства.

— Два месяцы раней нас наведаў прэзідэнт, — ганарацца ў Барысаве.

— Усё ясна! — думаем уголас. Ужо з першага погляду горад нам здаўся „падазроным”. Гладкія тратуары, адрамантаваныя і памаляваныя будынкі, каляровыя клумбы — усё гэта напамінала агульнадзяржаўныя акцыі ў Шклове і Міры.

* * *

Месца напаўняецца сэнсам, калі думаеш пра людзей. У Барысаве мы пазнаёміліся з ксяндзом Робертам Кшывіцкім. Ксёндз быў адзінай асобай, якая з ходу загаварыла па-беларуску.

Акалічнасці знаёмства не менш сенсацыйныя:

— Ці не скажаце, дзе тут ксёндз жыве? — запынілі на вуліцы маладога чалавека з рукзачком Лена і Вячаслаў.

Раней нам сказалі пра беларускія багаслужбы ў касцёле.

— Я — ксёндз, — адказаў сімпатычны прахожы.

— А-а, вы з Варшавы? — пыталіся мы ўсе ашарашаныя.

— Так, з Варшавы.

Каб развеяць сумненні, ксёндз загаварыў яшчэ па-польску.

На парафіі з 1992 года. Меў прапанову служыць у Ватыкане, але рашыўся на Беларусь. Тут магчымасці, можна зрабіць шмат карыснага.

Ксёндз Роберт таксама журналіст — супрацоўнічае з беларускімі рэлігійнымі выданнямі.

* * *

Святар пакінуў свае абавязкі, каб паказаць нам горад. Экскурсію пачынаем з наведання магілы ксяндза Віктара Шутовіча (1890-1960). Магіла беларускага змагара і супрацоўніка „Крыніцы” знаходзіцца на гарадскім могільніку ля самой капліцы. На крыжы беларускі надпіс лацінкай.

На месцы гутарым пра сітуацыю беларускай мовы ў касцёле. У Барысаве 4-5 тысяч католікаў, у нядзелю прыходзіць да 500 асоб. Ксёндз арганізуе даклады моладзі. Пра гісторыю, пра культуру. Прапаведвае па-руску:

— Чаму парафіяне не хочуць беларускай мовы? — задумоўваецца ксёндз Роберт. — Бо не хочуць ніякіх змен.

— То sa ludzie bez ojczyzny w sercu, — дадае.

— А як успрымаюць вашы даклады?

— Заўсёды збіраецца група 30-40 маладых людзей, — адзначае. Можна гаварыць пра каталіцкі беларускі рух. Пры парафіі дзейнічае 20 скаўтаў, якія прымаюць удзел у незалежніцкіх мітынгах.

* * *

Наведваем батарэі — земляныя фартыфікацыйныя збудаванні для абароны рускіх войск напярэдадні айчыннай вайны 1812 года, на правым беразе Бярэзіны. Месца пазначанае бетоннай скульптурай-аграмадзінай і яго ўпадабалі мясцовыя вандалы. Расхлёбанай, бетоннай лесвіцай падымаемся на гару.

Сярод сасновага лесу безыменныя магілы ахвяр сталінскага тэрору. Ніхто не ведае, колькі закапаных пад соснамі людзей. Вядома толькі, што расстрэлы пачаліся ўжо ў 1919 годзе.

— На Дзяды дзеячы БНФ паставілі тут бярозавы крыж,— успамінае ксёндз, — прыйшло пад 200 асоб. Аднак крыж, з бел-чырвона-белымі стужкамі, неўзабаве прапаў.

Аглядаем архіўныя здымкі. На дошцы надпіс: Ведайце!!! Тут з 1919 па 1933 год адбываліся масавыя расстрэлы мірных жыхароў г. Барысава і раёна.

— На кожным кроку сустракаем акцэптацыю сталінізму, — канстатуе ксёндз.

* * *

На развітанне з горадам мы выкупілі ўсю беларускую прэсу. Шчасліўцам стаў Вячаслаў, які захапіў адзіны тут нумар „Нашай Нівы”.

Барысаў — цэнтр раёна. Пражывае ў ім 150 тысяч жыхароў. У горадзе вырабляюцца часці для трактароў. Да вайны быў важным яўрэйскім цэнтрам. Дзейнічала 17 сінагог, у цэнтры захаваліся многія пасляяўрэйскія будынкі. Нам не пашанцавала сустрэць хаця б адзін яўрэйскі акцэнт.