Ніва № 23 (2456), 8 чэрвеня 2003 г.

Інтэграцыйная прабуксоўка

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Беларуска-расійскія дачыненні ўвайшлі ў чарговую стадыю незразумелага, на першы погляд, зацішша. З аднаго боку Масква робіць выгляд нібыта не заўважае самага галоўнага свайго саюзніка, а з другога — Мінск без гучных слоў пераўтварае ў нішто ранейшыя дамоўленасці.

У нядаўнім пасланні свайму парламенту, з якім час ад часу выступаюць кіраўнікі дзяржаў, Уладзімір Пуцін ані словам не ўпамянуў пра стасункі з краінай-сябрам адзінай Саюзнай дзяржавы — Беларуссю. Такое маўчанне набыло гучнасць гарматнага выбуху, прынамсі, сярод беларускага палітычнага Алімпа, як уладнага, так і апазіцыйнага. Беларускія палітыкі прапрэзідэнцкага атачэння, па ўсёй верагоднасці, адчулі сябе пакрыўджанымі такім забыццём, асабліва напярэдадні магчымага падпісання Канстытуцыйнага акту расійска-беларускага саюза. Апазіцыйным жа дзеячам такая няўвага да Беларусі здаецца як збанкрутаванасць у расійскіх вачах беларускага прэзідэнта і ягонай палітыкі.

Не ўсё ладна і ў эканамічных стасунках. Ужо каторы месяц буксуе прыняццё канчатковага рашэння па агульнай валюце. Бакі дагэтуль не могуць прыйсці да згоды ў існаванні адзінага эмісійнага цэнтра і хто ў ім сколькі будзе мець правоў. Са слоў старшыні беларускага Нацбанка Пятра Пракаповіча становіцца вядома, што адзіная валюта можа з’явіцца пазней 1 студзеня 2005 года — даты, гучна заяўленай абодвума прэзідэнтамі.

Прыватызацыя беларускай газанафтахіміі ўвогуле пераўтвараецца ў нешта смешнае. „Белтрансгаз” — прадпрыемства-манапаліст у продажы расійскага газу на тэрыторыі Беларусі мусіць быць пераўтворанае ў сумеснае расійска-беларускае акцыянернае прадпрыемства да 1 ліпеня гэтага года. Але гэта становіцца пад пытаннем з-за таго, што беларускі бок ніяк не пагаджаецца перадаць расійскаму „Газпраму” кантрольны, больш за 50%, пакет акцый. А на меншую долю згаджацца расіянам нявыгадна, бо ў адваротным выпадку цэны на газ спажыўцам у межах Беларусі будуць вызначаць не яны, а беларускі ўрад. Пры чым расіяне мусяць аплачваць яшчэ шэраг дадатковых жаданняў мясцовага кіраўніцтва, кшталту інвеставання ў рэканструкцыю газатранспартнай сістэмы Беларусі.

Расіяне ўсё настойлівей кажуць аб тым, што беларускі бок выстаўляе занадта высокія кошты акцый як у выпадку з „Белтрансгазам”, так і з нафтаперапрацоўчымі прадпрыемствамі. І менавіта па гэтых прычынах аўкцыён па продажу апошніх аказаўся цалкам правалены, бо не знайшлося жадаючых набыць меней за 50% акцый па агромністых коштах прадпрыемстваў „Гродна Азот”, „Гродна Хімвалакно”, „Нафтан” і „Палімір”. Расійскія купцы лічаць, што за прапануемыя цэны лягчэй пабудаваць новы нафтаперапрацоўчы комплекс. А прадпрыемствам тым часам як паветра патрэбна рэканструкцыя і абнаўленне асноўных фондаў.

Пакуль цяжка сказаць што менавіта, але, магчыма, сваю ролю адыгралі тут і вышэйпрыведзеныя беларуска-расійскія непаразуменні, прывяло да перанясення на нявызначаны тэрмін маючай адбыцца ў пачатку чэрвеня ў Магілёве сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Аляксандр Лукашэнка тым часам ганьбіць расійскую газету „Известия” за „нелюбоў да Беларусі”, а рэйтынг Уладзіміра Пуціна сярод беларускага насельніцтва, згодна незалежных сацыёлагаў, імкліва расце.

Інтэграцыя, такім чынам, увайшла ў ступар, з якога яе, па ўсёй верагоднасці, раней ці пазней выведзе расійскі капітал. Бо, як бачна апошнім часам, кіраўніцтва Расіі вырашыла пашыраць палітычны ўплыў сваёй краіны на бліжэйшых суседзяў праз эканоміку, а не праз задавальненне палітычных інтарэсаў асобных персон з блізкага замежжа.